Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота аўтара.
Сёлетні снежань запомніцца навучэнцам і выхаванцам Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання Жабінкаўскага раёна не толькі па-вясноваму цёплым надвор’ем і цёплымі пажаданнямі напярэдадні Новага года. Самы чароўны зімовы месяц падарыў ім шмат прыемных уражанняў ад экскурсій і святочнага навагодняга ранішніка.
20 снежня дзеці разам з педагогамі наведалі раённы гісторыка-краязнаўчы музей у Малых Сяхновічах. Зараз там выстаўлена арт-ялінка, створаная сумеснымі намаганнямі настаўнікаў і выхаванцаў цэнтра. А на ёй – паштоўкі з марамі-пажаданнямі, якія, верыцца, абавязкова ажыццявяцца.
У той жа дзень адбылася экскурсія на ўчастак паштовай сувязі № 1 у Жабінцы. Хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама іх педагогаў цёпла сустрэла намеснік начальніка Ларыса Юхімук і іншыя работнікі ўчастка. Яны правялі для дзяцей акцыю “Пісьмо Дзеду Марозу”. Цяпер дзеці з нецярпеннем чакаюць адказу ад казачнага Дзядулі.
А ў пятніцу, 22 снежня, хлопчыкі і дзяўчынкі пераўвасобіліся ў казачных і мульцяшных герояў і прынялі ўдзел у навагоднім ранішніку.
Феі, у ролі якіх выступілі педагогі Алеся Галаванчук і Людміла Трафімук, запрасілі дзяцей у чароўную казку, загадвалі ім загадкі, давалі няпростыя заданні. Хлопчыкі і дзяўчынкі непадробна і шчыра радаваліся, што ім удалося зляпіць Снегавіка, а ў далейшым дапамагчы яму вярнуць ліст, напісаны дзеткамі Дзеду Марозу, але ўкрадзены хітрай Лісой.
Добры Дзядуля Мароз са сваёй унучкай Снягурачкай, у якіх пераўвасобіліся навучэнцы гарадскога ліцэя, пажадалі дзеткам здароўя, поспехаў, спадзяванняў на цуд, веры і надзеі і ўручылі салодкія падарункі. Іх спонсарамі выступілі кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Бярозка” Сяргей Кузнец і раённы аддзел Следчага камітэта.
– Стала добрай традыцыяй кожны год напярэдадні навагодніх святаў прыходзіць у госці да дзяцей, дарыць ім падарункі, – сказаў начальнік райаддзела Следчага камітэта Юрый Юркевіч, які завітаў у Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі на навагодні ранішнік, а пасля яго прайшоўся па кабінетах, паразмаўляў з малечай, павіншаваў з надыходзячым Новым годам.
Па-святочнаму ўпрыгожаную навагоднюю ялінку, вакол якой дзеці вадзілі карагоды, падарыла карэкцыйнаму цэнтру вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Брэстдругчормет”.
Ну, а ўдзельнікі свята падарылі прысутным самы каштоўны дарунак – вялікую колькасць станоўчых эмоцый, якія луналі ў паветры падчас яркага ранішніка.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%