“Доктарская” для… бусла

Неяк у размове Сяргей Шык, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, узгадаў, што летась у яго на падворку жылі буслы. Гусі, бройлерныя куры ці індыкі – зразумела. А буслы адкуль?
– Яны, відавочна, выпалі з гнязда, – расказвае Сяргей Сцяпанавіч, – або бацькі выштурхнулі, калі зразумелі, што не змогуць пракарміць столькі ратоў. Шкада стала малых – загінуць жа. Узяў абаіх пад пахі і ў хлеў прынёс. Седала з курамі дзяліць не захацелі, ганарлівыя такія. Аблюбавалі месца ў кутку плота. Укладваліся спаць смешна: выцягвалі шыі і раскідвалі крылы па зямлі – быццам раскрытыя кнігі.
Елі выключна рыбу. Размарожаную мойву з карыта так спрытна выбіралі – любата – і раслі нібы на дражджах.
Лета мінула – як вокам міргнуць. А як жа буслікі перазімуюць: лятаць жа не ўмеюць? Хваляваўся, як з імі быць: бусел – не курыца, яму ў прыродзе трэба быць, а не з свойскімі птушкамі “балакаць”. Дапамог выпадак, а дакладней наш любімец-сабачка. Маленькі расточкам, але смелы і злосны. Падбяжыць да буслікаў ззаду і гаўкае-палохае. Тыя сябе ў крыўду не даюць – таго і глядзі, дзюбамі дзеўбануць малое. А аднойчы шчанюк так асмялеў, што з брэхам пагнаў птушак па двары. Буслы падсковалі-падскоквалі, размахвалі крыламі і раптам… узляцелі. Праз некалькі дзён яны ўжо ўпэўнена лёталі над вёскай.
Аднойчы адзін бусел некуды знік. Вярнуўся з нейкім чужым буслом, аб нечым “пагаманілі” з тым, што чакаў на падворку, узляцелі, і больш я іх не бачыў. Значыцца, прыняла нашых любімцаў бусліная чарада, паляцелі разам у цёплыя краіны.
Нярэдка бывае, што звоняць у інспекцыю: “Што рабіць: на падворку (плошчы, вуліцы) бусел гуляе”. Галоўнае – не карміць. У маёй практыцы было нямала выпадкаў, калі смелыя даўганосыя птушкі прыляталі на падворак, атрымлівалі пачастункі (чамусьці ў іх самы любімы ласунак – каўбаса “Доктарская”) і… заставаліся жыць. Памятаю, адзін дзядуля ў Якаўчыцах паскардзіўся: прыкарміў здаровага бусла. Той пра жабак-мышэй і думаць забыў, адно за бабкай следам хадзіў: за спадніцу яе дзяўбе, есці патрабуе, кур, як канкурэнтаў, крыўдзіць. Ніякага жыцця не стала з буслом. Давялося меры прымаць. Увогуле, буслы вельмі разумныя. Толькі памятаць трэба: жыць ім у дзікай прыродзе, а не ў хляве.
Запісала Святлана БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.