У бягучым годзе адзначаецца рост захворваемасці вострымі кішэчнымі інфекцыямі ў Жабінкаўскім раёне, хварэюць у асноўным дзеці.
Усталявалася гарачае надвор’е, і, каб захаваць санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт насельніцтва, папярэдзіць успышкі захваральнасці вострымі кішэчнымі інфекцыямі (ВКІ) сярод жыхароў горада і раёна, неабходна выконваць пэўныя правілы і патрабаванні санітарных норм.
Асабліва трэба сачыць за ўмовамі захоўвання і рэалізацыі прадуктаў харчавання і сыравіны, спраўнасцю тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання, не забываць правілы асабістай гігіены.
Пад пільнай увагай – падрастаючае пакаленне. У дзіцячых садах, санаторыях, аздараўленчых лагерах у спякотнае надвор’е дарослыя павінны сачыць, каб хлопчыкі і дзяўчынкі выконвалі правілы асабістай гігіены, дастаткова ўжывалі пітной вады, часцей праветрывалі памяшканні, гулялі ў спёку толькі раніцай і вечарам і не забывалі пра галаўныя ўборы. Таксама варта адкласці экскурсію, калі паветра прагрэлася вышэй за 24 градусы па Цэльсію. У любімыя дзецьмі “бацькоўскія дні” трэба сачыць, каб сярод ласункаў не аказаліся прадукты, што хутка псуюцца.
Абавязкова трэба нагадваць дзецям, што неабходна заўжды мыць рукі да прыёму ежы і пасля наведвання прыбіральні, ужываць толькі добра вымытыя фрукты.
На жаль, і дарослыя часта ігнаруюць пэўныя правілы пры выбары ежы –
не звяртаюць ўвагі на тэрміны і ўмовы захоўвання пэўных прадуктаў, іх таварнага суседства; набываюць іх у сумнеўных асоб у месцах несанкцыяніраванага гандлю. Мо, тыя ж грыбы, рыба, суніцы і будуць танней, чым у магазіне, аднак дзе гарантыя, што на тратуарах, аўтапаркоўках, у бруднай тары, вы купіце якасны прадукт? Дык й у такіх “прадаўцоў”, як правіла, няма асабістых медыцынскіх даведак (а гэтыя людзі могуць быць носьбітамі туберкулёзу, гепатыту А, вострых кішэчных інфекцый і г. д.).
Неабходна таксама ў хатніх умовах захоўваць тэхналогію прыгатавання ежы, сачыць за ўмовамі і тэрмінамі захоўвання прадуктаў, таварнае суседства.
Уладзімір ЛАПУС, урач-эпідэміёлаг ДУ “Жабінкаўскі райЦГЭ”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%