Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Пад такою назвай у сакавіку стартаваў раённы конкурс лістовак па прафілактыцы супрацьпраўных паводзін, ужывання наркатычных сродкаў, алкаголю. Яго арганізатары – камісія па справах непаўнагадовых, аддзелы адукацыі, спорту і турызму, унутраных спраў, ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама, РК ГА “БРСМ”.
Варта адзначыць, што падлеткі Жабінкаўшчыны прынялі ў ім актыўны ўдзел – даслалі арганізатарам 35 работ-малюнкаў. Юнакі і дзяўчаты з дапамогай фарбаў на паперы выказвалі свае меркаванні наконт шкодных звычак, якія адбіраюць у людзей розум, здароўе і нават жыццё.
Журы конкурсу было нялёгка выбраць пераможцу, бо ацэньваць дзіцячыя работы заўжды складана. У рэшце рэшт вылучылі шэсць з 35-ці лістовак, якія, аформленыя з густам, цяпер упрыгожваюць наш горад на афішных тумбах.
Хто ж яны, нераўнадушныя да падзей у грамадстве, што адбываюцца і ў моладзевым асяродку?
Гэта Вераніка Бенедзісюк (13 гадоў, Ленінская СШ), Ангеліна Канючка (14 гадоў, Якаўчыцкая СШ), Яна Мартынава (13 гадоў, Крыўлянская СШ) і вучаніцы першай гарадской школы Ганна Мацкевіч, Валерыя Каржавіна і Настасся Вуек. Павіншавалі дзяўчатак з прыемнай падзеяй, уручылі ім дыпломы і падарункі намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Марыя Сянішына, намеснік старшыні камісіі па справах непаўнагадовых Юлія Нярода, участковы інспектар ІСН Аляксандра Сівухіна.
Уручаючы падарунак і дыплом І ступені Настассі Вуек, Ала Сцяпанаўна адзначыла:
– Заўжды прыемна ўзнагароджваць творчых, актыўных прадстаўнікоў моладзі. Вашы ідэі – гэта своеасаблівая парада іншым, як варта расставіць жыццёвыя прыярытэты. Перад вамі, маладымі, раскінулася нямала дарог. Варта выбраць правільны шлях. Поспехаў і перамог!
У гэты самы час у краіне ладзіўся аналагічны дзіцячы конкурс матыватараў “Я выбіраю правільны шлях!”.
Яго арганізавалі Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі сумесна з Міністэрствам унутраных спраў, Міністэрствам адукацыі і прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ААН (UNICEF) у Рэспубліцы Беларусь.
На конкурс, які ў пяты раз праводзіўся з 20 сакавіка па 1 чэрвеня, былі дасланы 732 работы. У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (г. Мінск) адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў і ўдзельнікаў дзіцячага конкурсу матыватараў па прафілактыцы правапарушэнняў “Я выбіраю правільны шлях!”.
Ва ўзроставай групе 6-11 гадоў дыплом І ступені і каштоўны падарунак атрымалі самая юная ўдзельніца конкурсу, шасцігадовая Вікторыя Кіслая, і яе брат Дзмітрый з Жабінкі. Журы вылучылі чатыры фотаработы з удзелам дзяцей. Здымкі будуць размешчаны ў грамадскіх месцах.
Пасля цырымоніі ўзнагароджвання аўтараў лепшых матыватараў чакалі салодкі стол і незабыўнае прадстаўленне ў мінскім дэльфінарыі, прагулка па Дына-Парку і экзатэрарыуме ў заапарку.
На здымках: пераможцы конкурсу “Я выбіраю правільны шлях!”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%