ДА ДНЯ ЮРЫСТА: збыліся мары працаваць у судзе

У першую нядзелю снежня ў нашай краіне адзначаецца Дзень юрыста. Гэта добрая нагода выказаць павагу ўсім, хто знаходзіцца на ахове законных правоў грамадзян. Для сённяшніх нашых гераінь Марыны Сысоевай і Аліны Сядун працаваць у судзе было даўняй марай, што аднойчы спраўдзілася ў поўнай меры.

– Я ўжо ўся ў будучым працэсе. Чарговы і, як заўсёды, вельмі адказны, распачынаецца літаральна праз лічаныя хвіліны, – заўважыла Марына Сысоева.

А ўявіць разгляд справы без удзелу сакратара судовага пасяджэння (а менавіта такую пасаду займае Марына Іванаўна) проста немагчыма. Яна ў поўнай меры – правая рука суддзі, верны яго памочнік, паколькі абавязкі ў Марыны Сысоевай даволі шырокія і вельмі адказныя: даводзіцца рыхтаваць і арганізоўваць судовы працэс, непасрэдна ўдзельнічаць у ім, скрупулёзна занатоўваць усё, што адбываецца ў зале пасяджэнняў пры разборы справы, і афармляць яе пасля таго, як суддзя вынесе свой вердыкт.

Для выпускніцы трэцяй гарадской школы шлях у прафесію аказаўся звязаным з марай маці. Тамара Мікалаеўна вельмі хацела, каб дачка мела трывалыя веды ў прававой сферы. Гэта і прывяло Марыну ў Столінскі аграрна-эканамічны каледж, які дзяўчына паспяхова скончыла ў 1998 годзе. Гэткім чынам, яна і матуліну мару выканала, і свой лёс на доўгія гады звязала з правазнаўствам.

Прычым, у сям’і маецца працяг. Больш за чвэрць веку таму Марына Іванаўна паслухалася маці, а цяпер і яе старэйшы сын Міхаіл таксама звязаў жыццё з праваахоўнай справай, годна служыць у мясцовым аддзяленні Дэпартамента аховы. Такі працяг сямейнай дынастыі цешыць Марыну Сысоеву.

Пакуль пры ўваходзе ў залу судовых пасяджэнняў не загарэлася папярэджанне ўтрымліваць цішыню і парадак падчас працэсу, Марына Іванаўна скарысталася магчымасцю і выказала праз газету віншаванні калегам-юрыстам з прафесійным святам:

– Усім жадаю здароўя, выдатнага настрою, які павінен узрастаць дзень пры дні, набліжаючы чароўныя навагоднія святы. Няхай кожны, хто ў нядзелю будзе святкаваць Дзень юрыста, мае прафесійны рост і шмат поспеху ў жыцці.

Да гэтых пажаданняў ахвотна далучаецца і малодшая калега Марыны Сысоевай архіварыус Аліна Сядун.

Надзвычай дружны калектыў Жабінкаўскага суда заўсёды рады, калі ў яго рады ўліваюцца маладыя і адукаваныя людзі. Дзяўчына мэтанакіравана і з цікавасцю рухаецца па дарозе ведаў. Свой шлях у прафесію Аліна Уладзіміраўна распачала ў няпоўныя шаснаццаць гадоў, калі пасля дзевяці класаў падала дакументы ў Брэсцкі політэхнічны каледж на спецыяльнасць “Правазнаўства”.

– Пра тое думала яшчэ з дзяцінства. У сям’і, калі сказала, што хачу паступаць на юрыста, усе згадзіліся, бо ведалі пра маю даўнюю мару. Ніводнага разу не пашкадавала, што вырашыла звязаць лёс з правазнаўствам.

І тая прага да ведаў не вычарпалася пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Цяпер Аліна Сядун завочна папаўняе іх ва ўніверсітэце, на юрыдычным факультэце БРДУ імя А.С. Пушкіна. Прызнаецца: вучыцца вельмі падабаецца. Адначасова ў асалоду набываць сапраўдную практыку ў судзе, куды Аліна Сядун уладкавалася на працу летам бягучага года. Але ўжо за гэтыя некалькі месяцаў адчула падтрымку і добрыя адносіны з боку калег, таму гаворыць:

– З першых дзён мяне прынялі тут ветліва. Гэта ж вельмі важна, як да цябе ставяцца людзі, што побач. Калі добрыя стасункі і ўнутраны настрой, дык і праца прыносіць карысць. Ведаю, што калегі заўсёды прыдуць на дапамогу, калі звярнуся да іх. Выбрала шлях па жыцці, які мне даспадобы, і надзвычай прыемна па ім ісці поруч з добразычлівымі людзьмі, сапраўднымі прафесіяналамі. Цяпер цалкам адчуваю сябе часткай агульнай зладжанай каманды.

Зараз у Аліны Уладзіміраўны шмат абавязкаў і вялікая “гаспадарка”. У ёй, у гэтай “гаспадарцы,” – дзясяткі тысяч ранейшых спраў, што зберагаюцца ў архіве суда. Кожны раз, калі завяршаецца працэс, архіварыус праяўляе клопат, каб кожная справа захоўвалася ў належным стане.

Напрыканцы нашай сустрэчы асобныя словы падзякі за падтрымку, неабходную “пры ўзлёце” ўсялякаму маладому спецыялісту, Аліна Сядун адрасавала старшыні суда Людміле Рубашэўскай і суддзі Віктару Новіку ды ўсім калегам, якія дзеляцца вопытам ды падтрымліваюць яе штодня. Усім разам і кожнаму асобна напярэдадні Дня юрыста яна жадае здароўя, цярпення і ўдачы.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/zhabinka_actualna

Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.