Аграгарадок Ракітніца: край гаспадароў і доўгажыхароў

Ракітніцкі сельсавет, куды гэтым разам прывёў нас праект “Взгляд”, – самы малады ў раёне і найбліжэйшы да Брэста. Сельсавет быў утвораны 4 студзеня 1965 года, а восенню 2000-га яго цэнтр перанеслі з Пятровічаў у Ракітніцу, і ён атрымаў сённяшнюю назву. Як і Ленінскі, гэты сельсавет месціцца ля аўтастрады М1. Узначальвае яго Святлана Цяльпук. Па словах Святланы Іванаўны, у дзевяці населеных пунктах жывуць 1843 чалавекі. Амаль палова жыхароў – у аграгарадку Ракітніца, пра які і пойдзе гаворка ў сённяшнім выпуску праекта. Акрамя сельгаставарыства “Ракітніца”, вынікамі сваёй працы радуюць мясцовыя фермеры з “Ева-Лэнда” ды “ЯКВІЛА”. Цудоўнымі прыроднымі куткамі багата Пятровіцкае лясніцтва. Ракітніцкая зямля ўзгадавала многіх славутасцяў. У іх ліку паэт Альбін Дзяконскі і акадэмік Андрэй Трафімук, заслужаны артыст Беларусі Іван Герасевіч і айчынны пісьменнік Расціслаў Бензярук.

Аграгарадок квітнее і маладзее

Аграгарадок Ракітніца – сапраўдны цэнтр жыцця. Тут размяшчаюцца адміністрацыйны будынак сельвыканкама і мясцовага аднайменнага сельгаспрадпрыемства, сярэдняя школа і дзіцячы сад, сельскі Дом культуры і бібліятэка, аддзяленне паштовай сувязі, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, аддзяленне “Беларусбанка”, цырульня, магазін філіяла “Жабінкаўскі” ды некалькі прыватных крам.

Наш рэдакцыйны “жыгулёнак” накіроўваецца да дзіцячага сада, дзе працуе намеснікам загадчыка Алёна Ларыёнава – стараста аграгарадка Ракітніца. Алёна Аляксееўна разам з выхавальнікамі і дзеткамі рыхтуюцца да мерапрыемства “Пісьмо пра Беларусь”, якое адбудзецца 6 лістапада. Чакаецца прыезд прадстаўніка пракуратуры Жабінкаўскага раёна ды іншых ганаровых гасцей, таму дзеці старанна развучваюць вершы, песні і танцы.

Алёна Ларыёнава – педагог вопытны, у Ракітніцкім дзіцячым садзе працуе больш за чвэрць века, з 2010-га – на пасадзе намесніка загадчыка. Узначальвае ўстанову, якую наведваюць 86 дзяцей, Вольга Гацкевіч.

– 42 дзіцяці ў нас са шматдзетных сем’яў, і гэта вельмі добра, што ракітчукі нараджаюць шмат дзетак, каб аграгарадок квітнеў і маладзеў, – кажа Алёна Аляксееўна.

Яна – мясцовая жыхарка, больш за паўвека жыве ў Ракітніцы. Як чалавека чулага і неабыякавага да чужых праблем дзесяць гадоў таму Алёну Ларыёнаву абралі старастай аграгарадка.

– Летась у Ракітніцы прайшоў раённы фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі”. Напярэдадні населены пункт быў добраўпарадкаваны: фасады будынкаў пафарбавалі, вуліцы апрануліся ў асфальт, з’явіліся дзіцячая гульнёвая пляцоўка, новыя пляцоўкі для смеццевых кантэйнераў… Карацей кажучы, была праведзена вялікая работа, каб Ракітніца заззяла новымі фарбамі, каб жыццё яе жыхароў стала больш камфортным, – расказвае Алёна Аляксееўна.

Па словах старасты, нараканняў на якасць дарог і пітной вады ў ракітчукоў няма. Алёна Ларыёнава робіць агаворку, што ў новых мікрараёнах аграгарадка пакуль няма асфальту, але гэта справа часу. У жыцці не ўсё і не адразу з’яўляецца.

Лепшая ўзнагарода

Гэтая жыццёвая ісціна добра вядома Віталю і Наталлі Сакалоўскім, што жывуць у Ракітніцы на вуліцы 70 гадоў Кастрычніка. І галава шматдзетнай сям’і, і яго жонка добра ведаюць цану хлеба і працы. Віталь Мікалаевіч рупіўся мулярам у ПМК-10, брыгадзірам будаўнічай брыгады ў саўгасе “Беларусь”, як раней называлася ААТ “Ракітніца”. У 1995 годзе звольніўся і ўладкаваўся на тэлевышку ў Ракітніцы, дзе да выхаду на пенсію працаваў рабочым па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў. Наталля Іванаўна шчыравала закройшчыцай, поварам і больш за чвэрць века – лабарантам па малаку ў ААТ “Ракітніца”.

Сакалоўскія пераехалі з Жабінкі ў Ракітніцу 45 гадоў таму. Летась адзначылі сапфіравае вяселле. А сёлета споўнілася роўна паўвека, як Наталля Іванаўна жыве ў Беларусі. Нараджэнка Хмяльніцкай вобласці, у дзявоцтве Харунжая, спачатку сама пераехала ў нашу краіну пад белымі крыламі, а потым і брата Уладзіміра паклікала. Той, хто чытае раёнку, неаднойчы бачыў на яе старонках замалёўкі пра перадавіка ААТ “Ракітніца” – трактарыста-машыніста Уладзіміра Харунжага, узнагароджанага летась паводле прэзідэнцкага ўказа медалём “За працоўныя заслугі”.

Лепшая ж узнагарода для Віталя і Наталлі Сакалоўскіх – трое дзяцей ды пяцёра ўнукаў. Старэйшы сын Мікалай жыве ў Тэльмах, працуе вадзіцелем. Сярэдняя дачка Таццяна – бухгалтар на камбікормавым заводзе. Малодшая Марына – інжынер-тэхнолаг на “Савушкіным прадукце”, жыве побач з бацькамі на той жа вуліцы ў Ракітніцы. Таму Марыніны дзеці Аня і Юля найчасцей бываюць у гасцях у бабулі з дзядулем. Аднак і старэйшыя ўнукі Ксенія, Кірыл і Вераніка з задавальненнем наведваюцца ў Ракітніцу, дзе ў прыгожым двары ці ва ўтульным доме за вялікім сталом збіраюцца родныя, каб адзначыць чарговае свята, на якія сям’я Сакалоўскіх багата.

Жыццё – як кінафільм

Сама ж Ракітніца багата не толькі на добрых гасцінных людзей, на вялікую колькасць дзяцей, але і на доўгажыхароў. Сярод ракітчукоў шаноўнага ўзросту больш жанчын, чым мужчын. Прадстаўнікі моцнай паловы, каму за 85, – на вагу золата. А калі такі мужчына ў свае паважаныя гады яшчэ й машынай кіруе, сам для сябе ежу гатуе, садзіць агарод і чытае без акуляраў, то гэта сапраўдны брыльянт. Гаворка ідзе пра Васіля Прыхненку, які сёлета адзначыў сваё 89-годдзе ў добрым здароўі ды яснай памяці.

Калі мы завіталі ў госці да Васіля Сямёнавіча, ён збіраўся смажыць катлеты.

– А што вы думалі? Мужчыны – найлепшыя кухары ў свеце. І хоць хутка да мяне загляне сацыяльны работнік Алена Карнялюк, я аблегчу ёй працу – гатаваць не трэба будзе дакладна. Лепш няхай пагаворыць са мной, падзеліцца навінамі, – сказаў Васіль Прыхненка.

А са мной доўгажыхар падзяліўся ўспамінамі. Нарадзіўся ён у Растоўскай вобласці 21 чэрвеня 1936 года – за пяць гадоў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Памятае, як бацьку забіралі на фронт, як вярнуўся ён, кантужаны, дадому. У Васіля Сямёнавіча былі тры старэйшыя браты і сястра. Жылі бедна, але дружна.

– 1956 годзе мяне прызвалі ў армію і накіравалі на цаліну ў Башкірыю. Адтуль нас прывезлі ў Львоў, дзе я служыў тры з паловай гады ў авіяцыі. Займеў спецыяльнасць электрыка па электраабсталяванні самалётаў. А яшчэ да вайны атрымаў правы кінамеханіка. Таму ў арміі я быў і сувязіст, і кінамеханік, трансляваў радыё па гарнізоне, – пракручвае стужку жыцця мой суразмоўца.

Пасля службы Васіль Сямёнавіч вярнуўся дадому і ажаніўся з прыгажуняй Валянцінай, якую праводзіў дахаты пасля кінасеансаў. На жаль, яго першы шлюб быў нядоўгім – Валя пакахала іншага, забрала свае рэчы і пераехала ў іншы горад. Васіль Сямёнавіч вельмі перажываў, але што зробіш: трэба жыць як набяжыць.

У 1960-я гады на заробкі ў Растоўскую вобласць прыехала разам са сваімі братамі прыгожая чарнабровая Ганна – будучая другая жонка Васіля Сямёнавіча. У яе быў пяцігадовы сынок Слава ад першага шлюбу, якога Васіль Прыхненка ўсынавіў і выгадаваў як роднага.

А далей маладую сям’ю чакаў пераезд у Беларусь, адкуль была родам Ганна Сяргееўна, жыццё ў горадзе над Бугам, дзе Васіль Сямёнавіч атрымаў ад сваёй працы бясплатную кватэру. У 1996 годзе галаву сям’і праводзілі на заслужаны адпачынак, і Прыхненкі купілі домік у вёсцы Імянін Драгічынскага раёна, дзе жыла родная сястра жонкі. Аднак сын ды ўнучкі наракалі, што да бацькоў далёка ездзіць, і параілі купіць кватэру ў аграгарадку Ракітніца. Так, у 2004 годзе Васіль ды Ганна (іх імёны адразу адносяць нас да Івана Мележа і яго рамана “Людзі на балоце”) сталі ракітчукамі.

– Але ведаеце, у чым парадокс? – кажа Васіль Сямёнавіч. – Сын і ўнучкі часцей ездзілі да нас у Імянін, чым у Ракітніцу, ад якой да Брэста рукой падаць. Аднак, я ні на кога не крыўдую: сын хварэе, унучкі і праўнучкі занятыя сваімі справамі.

Сем гадоў таму не стала вернай спадарожніцы нашага героя. Цяпер да яго наведваецца сацыяльны работнік, як мы ўжо сказалі вышэй. Але Васіль Сямёнавіч не замыкаецца ў чатырох сценах. Сёння ён ідзе ў бібліятэку па чарговую кнігу, заўтра паедзе на сваіх “Жыгулях” у Брэст праведаць хворага на цукровы дыябет сына.

Ёсць і яшчэ адна аддушына ў жыцці Васіля Прыхненкі. Гэта яго першае каханне, першая жонка Валянціна. Васіль Сямёнавіч адшукаў яе праз некалькі гадоў пасля смерці другой жонкі праз знаёмых. Мужа, дачкі і ўнучкі Валянціны ўжо няма ў жывых. Яна адна-адзінюткая. Таму пажылых людзей, якія калісьці былі звязаны шлюбам, цяпер звязваюць тэлефонныя размовы і ўспаміны. Хто ведае, можа, наважыцца Валянціна прыехаць да Васіля, каб старасць была лягчэйшая і весялейшая. Хочацца, каб у іх кінастужцы быў шчаслівы канец.

А мы ў наступны раз ізноў завітаем у Ракітніцу да іншых цікавых герояў, таму што тут ёсць пра што пісаць і пра каго расказаць.

Наталля КАВЯРГОВІЧ

Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.