Асенні кірмаш у Жабінцы адбыўся на новым месцы

Сельскагаспадарчы восеньскі кірмаш сёлета ўпершыню разгарнуўся каля новага гандлёвага цэнтра «Крок» на вуліцы Міру. У суботу, 25 кастрычніка, сюды крочылі і ехалі жыхары Жабінкаўшчыны, каб ацаніць маштаб кірмашу, прыцаніцца да прадукцыі розных відаў і гатункаў ды набыць сабе ўсялякіх падарункаў.

Сёлетні кірмаш сабраў на дзіва шмат гандляроў: індывідуальных прадпрымальнікаў, фермераў і прадстаўнікоў сельгасарганізацый. Яны размясціліся злева і справа ад гандлёвага цэнтра, а таксама на паркоўцы насупраць.

– Мы ўсю ноч маліліся, каб скончыўся дождж, які пачаўся ў пяць гадзін вечара ў пятніцу і скончыўся толькі пад раніцу ў суботу, –падзяліўся гандляр з Давыд-Гарадка Мікалай Рымар. – Які б гэта быў кірмаш пад дажджом?

Рамеснік прывёз на продаж прылады працы для агарода і дома: матыкі і культыватары, таўкачы і чапельнікі ды шмат іншых – на любы густ, кошт і памер.

– Ужо паўвека працую з жалезам, усе гэтыя прылады зроблены маімі рукамі, – кажа Мікалай Рымар. – Купляйце – не пашкадуеце!

Нібы пачуўшы нашу размову, каля гандляра збіраецца чарга, а я рухаюся далей.

На кожным кроку – саджанцы розных плодагадавальнікаў з Брэстчыны, Міншчыны, Пружаншчыны. Пакупнікоў найбольш цікавілі яблынькі гатункаў “Антонаўка” і “Каштэля”, саджанцы чарэшань, груш, сліў, маліны, парэчак, бружмелю.

Жабінкаўцы Аляксандр і Наталля Іваноўскія выбіралі маладзенькую яблыньку. А ўвогуле завіталі на кірмаш, каб прыцаніцца-прыгледзецца да тавараў, садавіны-агародніны. Добры ўраджай буракоў ды морквы яны сабралі на ўласным прысядзібным участку, але цікава паглядзець, што вырасла ў іншых гаспадароў. Тым больш кірмаш – гэта магчымасць не толькі нешта набыць, але і з людзьмі пагаварыць, са знаёмымі сустрэцца, абмяняцца навінамі.

Сям’я Мелікавых з Жабінкі завітала на кірмаш з самага рання (гандаль распачаўся ў восем гадзін). Першая ў спісе іх пакупак – капуста. І не якая-небудзь, а менавіта вырашчаная ў фермерскай гаспадарцы Івана Сірацюка з Азятаў.

– Мы ўжо трэці год запар купляем азяцкую капустачку – яна смачная, хрумсткая і захоўваецца добра. Сёлета за яе просяць 90 капеек за кілаграм. Узялі таксама маленькія бурачкі, каб замарынаваць, нарыхтаваць на зіму. Яшчэ плануем набыць моркву і цыбулю, а таксама грэцкі мёд – купляем яго ў пчаляроў Янкоўскіх з аграгарадка Ленінскі, – расказала Алена Мелікава.

Да слова, Часлаў і Андрэй Янкоўскія штогод прымаюць удзел у жабінкаўскіх кірмашах з прадукцыяй пчалярства са сваёй пасекі. І заўсёды да іх палатак выстрайваюцца чэргі.

Вяртаючыся да азяцкай капусты, трэба сказаць, што хвалілі яе Дзмітрый Дзямчук і Аляксандр Балюк, Святлана Янусік і Аляксей Спіцын, што стаялі ў чарзе ля машыны з горкамі бела-зялёных качаноў.

Вялізная людская “змейка-калейка” назіралася і да машыны “ВэстФішІнвеста” з жывой рыбай – карпы і таўсталобікі знікалі ў імгненне вока. Мабыць, з няменшай хуткасцю разыходзілася мясная і пладова-агароднінная прадукцыя філіяла “Жабінкаўскі” Брэсцкай гандлёвай міжрайбазы. Буракі і морква тут рэалізоўваліся па 1,17 руб., бульба – па 1,02 руб., цыбуля – па 1,25 руб., памідоры – па 4,57 руб., журавіны – па 13,79 руб.

Фермерская гаспадарка “ЯКВІЛ” прапаноўвала, як заўсёды, багаты выбар яблыкаў ад 3 да 4 рублёў за кілаграм, груш, разнастайныя сокі ўласнай вытворчасці.

Карысталася попытам прадукцыя нашых цукровага і камбікормавага заводаў. Работнікі “Белкорма” праводзілі бяспройгрышную латарэю. Пры набыцці любой адзінкі прадукцыі прадпрыемства пакупнік выцягваў шчаслівы білецік і мог выйграць, напрыклад, корм для катоў, як гэта атрымалася ў мяне. Адзін пачак корму купіла, другі выйграла – парадавала сваіх пушыстых гадаванцаў.

Сям’я Ганчар з Жабінкі завітала на кірмаш, каб купіць бульбу (у першую чаргу!), капусту і цыбулю. Кошты на другі хлеб вар’іраваліся ад 70 капеек (гатунак “Скарб”) да рубля (“Маніфест”, “Вектар”), сваю прадукцыю прапаноўвалі ААТ “Хмелева” і “Арэпічы” ды розныя фермерскія гаспадаркі. Упершыню прывезлі бульбу на жабінкаўскі кірмаш гандляры з Бярозы. Яны прапаноўвалі гатункі “Скарб” і “Каралева Ганна” па рублі за кілаграм. Госця з Каменца прывезла на продаж бульбу і фасолю з уласнага прысядзібнага ўчастка. За кілаграм бульбы жанчына прасіла рубель, за фасолю розных колераў – 12 рублёў за кілаграм.

Таццяна Наўроцкая з Хмелева прыехала на кірмаш у Жабінку дакладна не па бульбу, на вырошчванні якой спецыялізуецца аднайменная гаспадарка, а за капустай, яблыкамі, цыбуляй-сяўком, купіла саджанцы яблынь, парэчак. Жабінкаўчанку Таццяну Тунчык у моры прадукцыі цікавілі саджанцы і мёд, Іван Мікулік набыў яблыкі, моркву, буракі, журавіны, буякі. Іван Іванавіч адзначыў, што сёлета на кірмашы намнога большы выбар харчовых і нехарчовых тавараў, большая плошча для размяшчэння гандлёвых палатак, трактароў і аўтамабіляў сельгасарганізацый. Аднак агучыў і заўвагу:

– Мне давялося прыпаркаваць уласнае аўто далекавата, бо ўся паркоўка ля гандлёвага цэнтра адведзена пад кірмаш. І, ведаеце, пажылому чалавеку цяжка данесці, напрыклад, мяхі з бульбай ці капустай да свайго аўтамабіля.

Дзеля гэтага на кірмашы знаходзіліся валанцёры-актывісты БРСМ, якія дапамагалі людзям шаноўнага ўзросту загрузіць мяхі на веласіпеды ці ў аўтамабілі, працавала таксама сацыяльнае таксі.

Геаграфія гандляроў уражвала: на наш кірмаш завіталі госці не толькі з усіх куткоў Брэстчыны, але і з Віцебшчыны, Гродненшчыны, Міншчыны і Магілёўшчыны. Да прыкладу, фермеры з Альшанаў і Аздамічаў Столінскага раёна ўжо пяты год прапаноўваюць сваю прадукцыю на сельскагаспадарчых кірмашах у Жабінцы.

Зоя Янушкевіч з Івацэвіцкага раёна прывезла на продаж мёд з уласнай пасекі. За паўлітровае вядзерца жанчына прасіла 10-12 рублёў у залежнасці ад яго віду. Штогод прыязджаюць да нас на кірмашы і пчаляры са Свіслацкага раёна Гродненскай вобласці.

Як пчолы на кветкі, збіраліся з кожнай гадзінай людзі на маштабны бойкі асенні кірмаш. У кожнага была цудоўная магчымасць зрабіць карысныя пакупкі для дома і гаспадаркі. Акрамя харчовых тавараў, тут можна было прыдбаць верхнюю вопратку, шапку і футра, абутак на восень і зіму, спартыўны касцюм ды шмат чаго іншага. Туі, хрызантэмы можна было выбраць без праблемы. Ад гарбат і ўсходніх саладосцяў вочы разбягаліся! Упэўнена, з пустымі рукамі дахаты дакладна ніхто не пайшоў. Галоўнае мець пры сабе наяўныя грошы, тады будзеш для ўсіх гандляроў харошы, бо далёка не ўсе могуць разлічыць па банкаўскай картцы.

А пакуль бацькі былі занятыя пакупкамі, дзеці таксама не сумавалі. Іх забаўлялі работнікі раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы, якія арганізавалі для малечы гульнёва-танцавальную праграму.

Кірмаш на новым месцы ўдаўся на славу! Наступны – 1 лістапада. Прыходзьце, прыязджайце, запасы на зіму набывайце!

Наталля КАВЯРГОВІЧ

Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/zhabinka_actualna

Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.