Сёлета ў Беларусі з 13 па 26 кастрычніка праходзіць Тыдзень бацькоўскай любві, які ўключае прыгожыя святы – Дзень маці і Дзень таты ды іншыя дні, калі мы выказваем падзяку бацькам.

Святочны тыдзень прысвечаны татам і мамам – найлепшым людзям на Зямлі для кожнага дзіцяці. Мы выказваем падзяку бацькам за жыццёвую падтрымку і бязмежную любоў, якую яны ўкладаюць у выхаванне сваіх сыноў і дачок.
Цудоўны прыклад падаюць сямейныя пары, што маюць вялікі стаж і багаты жыццёвы вопыт сумеснага жыцця. Дзеля папулярызацыі шлюбу аддзелам загса райвыканкама праводзяцца ўшанаванні не толькі сямей, што адзначаюць агульны юбілей, але і маладых бацькоў ды сем’яў, якія толькі абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі і пачынаюць шлях па агульнай жыццёвай дарозе.
Так, у 2025 годзе прымалі віншаванні Пётр Васільевіч і Галіна Стэфанаўна Пятрэнкі – наша цудоўная “брыльянтавая” пара. Выдатнае свята на дваіх падзялілі таксама “залатыя” юбіляры: Васіль Рыгоравіч і Раіса Уладзіміраўна Шахнюкі, Сяргей Іванавіч і Вольга Уладзіміраўна Шпілько, Георгій Іванавіч і Надзея Максімаўна Супрунюкі, Пётр Іванавіч і Раіса Міхайлаўна Залешчыкі.
А для сям’і Багровых запомніцца на ўсё жыццё ўрачыстая рэгістрацыя нараджэння ў горадзе-спадарожніку першай сёлетняй двойні. Менавіта імі сталі маленькія Марыя і Дар’я Багровы. Акрамя таго, праводзіліся ўшанаванні матуль, якія звярнуліся па рэгістрацыю нараджэння дзяцей напярэдадні Дня жанчын.
Тыдзень бацькоўскай любві – выдатная нагода сказаць дзякуй мамам і татам за каханне, клопат, цярпенне, пяшчоту і падтрымку!
Наталля ВАРАТНІКОВА, начальнік Жабінкаўскага загса; Анатоль БЕНЗЯРУК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
