Вёска Бусні Жабінкаўскага раёна: у небе ветразі расправіў прыгожы карабель

Вёска Бусні яшчэ ў ХІХ стагоддзі была прыкладам для іншых. Архіўныя дакументы сведчаць: ужо ў часы прыгону тут узнікла першая на Жабінкаўшчыне школа для 12 сялянскіх дзяцей (прычым, вучыліся ў ёй нават дзяўчынкі!). А праз некалькі гадоў памешчык Іосіф Бельскі,жадаючы ўзнагародзіць за папярэднія заслугі” буснёўцаў, падараваў ім без выкупу землі, якія абраблялі сяляне. Згадзіцеся, выпадак неардынарны.

Здаўна ў вёсцы жыве паданне пра яе заснаванне. Маўляў, штогод з часоў, як тут пачалі абжывацца людзі, у мясцовасці вакол будучых Буснёў гняздзілася мноства буслоў. Асабліва шмат белакрылых птушак станавілася перад адлётам у вырай. Перад дарогаю на поўдзень яны нібыта баранілі сяло. Людзі заўважылі гэта і ў гонар бусла назвалі не толькі сваё паселішча, але й некаторыя жыхары ўпадабалі імя Бусень.

Прозвішча абавязвае…

Не, з Буснямі ў Буснях сустрэцца не давялося. Затое з мясцовым кавалём па прозвішчы Кузняцоў размова атрымалася змястоўная. Аляксандр Аляксандравіч гаворыць:

– Прозвішча не магло проста так узяцца. Мабыць, нехта з продкаў раней мячы каваў, каб нейкі рыцар Радзіму бараніў.

А мы дадамо: не толькі мячы, але і плугі, каб абароненую зямлю абрабляў араты.

Аляксандр Кузняцоў лічыць: чалавек – працяг таго, што ў ім закладзена мінулымі пакаленнямі. Аднак сярод бліжэйшых родзічаў кавалёў не прыгадвае. У асноўным – калгаснікі, рыбакі ды будаўнікі. Мабыць, нездарма ён няспешна, але грунтоўна ўзводзіць у цэнтры сяла на вуліцы Цэнтральнай уласны дом. А на даху яго – велічны карабель, што быццам плыве па небе ў любое надвор’е.

Это изображение имеет пустой атрибут alt; его имя файла - бусни-4.jpg

Гожы паруснік, зроблены з любоўю ўмелымі рукамі гаспадара, – увасабленне яго мары пра далёкія марскія падарожжы і адкрыцці. Дзякуючы гэтаму сапраўднаму твору кавальскага мастацтва пра Бусні ведаюць не толькі буснёўцы, але й кожны, хто праязджае праз сяло. Калі карабель толькі ўзнік, многія ладзілі фотасесіі.

Кавальства для Аляксандра Кузняцова – сапраўды справа для душы. Ён расказвае, што пачыналася ўсё з разумных кніжак, яшчэ ў часы, калі людзі былі больш чытачы, чым інтэрнэтныя гледачы. Звестак пра кавальства спачатку яўна не хапала, а пачэрпнуць іх вельмі хацелася. Хто шукае, той знаходзіць. Пошук хутка даў плён. Стартавая інфармацыя была адшукана і падхоплена, а мастацкі густ быў у майстра ад прыроды. З таго часу мінула дваццаць гадоў. Цяпер яго цудоўнымі вырабамі можна палюбавацца ў розных месцах. Прыкладам, каваная агароджа ўпрыгожвае Старасельскі храм Усіх Святых. Рабіў буснёўскі каваль вырабы і для праваслаўнай царквы, якая будуецца ў Ленінскім. У аграгарадку ёсць і ўнікальны знак, што распавядае пра адлегласці ад Ленінскага да розных вядомых кропак свету. Зразумела, і сам дом у Буснях насычаны творамі майстра па метале. Яны паўсюль: ад уваходных варот да балкона і лесвіцы паміж паверхамі. Усё ўпрыгожана металічнымі карункамі. Многія з тых, хто бачыў вынікі кавалёўскай працы, звярталіся да яго па навуку, і творца нікому не адмаўляў у парадзе. За тое, што мае магчымасці рэалізавацца, ён выказвае ўдзячнасць прадстаўнікам мясцовых улад, а Бусням і буснёўцам – за натхненне.

У Буснях – без мітусні

– Ёсць шмат прычын, каб замест гарадскіх паверхаў пасяліцца ў вёсцы, – упэўнена гаворыць Аляксандр Кузняцоў, які аднойчы зрабіў для сябе такі выбар.

Ён мяркуе так. Па-першае, вясковыя людзі бліжэй да зямлі, а таму больш адкрытыя для спагады і дабрыні, ёсць у іх запас духоўнасці. Па-другое, у Буснях няма мітусні, якой напоўнены гарады. Да таго ж, цішыня ласкае слых дый паветра тут гаючае.

– Ад гэтага і сон здаравейшы, – разважае вясковы каваль і з усмешкай дадае: – Акрамя таго, падрастае Аляксандр Трэці. Праз год сын пойдзе ў першы клас. Хачу, каб ён вучыўся ў сельскай школе, дзе дзеці больш выхаваныя ды ўвага да іх з боку настаўнікаў большая.

У суразмоўцы, акрамя кавальства, шмат захапленняў, у тым ліку звязаны яны з парашутным спортам. А ў кузні пачэснае месца займаюць… барабаны. Так, Аляксандр Кузняцоў можа высякаць гучныя гукі не толькі на кавадле, але і на ўдарных інструментах! Майстар нават гатовы быў паказаць клас…

А вось на падворку ў Вольгі Раманюк карэспандэнта “Жабінкі актуальна” чакалі цішыня і спакой. Вольга Яўгенаўна сустрэла ветліва, ахвотна распавяла пра буснёўскае жыццё-быццё і пры гэтым не стамлялася ўсміхацца:

– Дажылі з мужам Іванам Іванавічам да такога, калі колькі хочаш, столькі адпачывай. Аднак як выйду на свой двор – вока радуецца ды на месцы не сядзіцца. З раніцы – на гаспадарцы: цыбульку пачысціла, качачак і курачак пакарміла. Трэба жыўнасць даглядаць: іх не накорміш – яны не накормяць.

Міжволі жанчына згадала часы маладыя, як на танцах у Верхалессі сустрэлася з будучым мужам. Марыла, каб быў, як тата, працавітым. Іван Раманюк – токар на ўсю акругу, да яго і цяпер людзі нават з Брэста звяртаюцца. Да слова, у час нашай сустрэчы Іван Іванавіч быў увесь у справах – паехаў да аднавякоўца, які прасіў майстравітага чалавека ў нечым дапамагчы.

– У справах ён безадмоўны. Без мужчынскіх рук – нікуды. Муж і наш дом будаваў, а я, каб утульна было, “праектавала”, – з весялосцю дадае Вольга Яўгенаўна.

Сваіх траіх дзяцей – сына Яўгена і дочак Наталлю ды Ганну – бацькі з дзяцінства прывучалі да працы. І яны за тое ўдзячныя тату і матулі. А тая не хавае свайго захаплення:

– Ой, якая ж я шчаслівая, аж сэрца ад радасці заходзіцца!

І прычына гэтаму простая: дзеці падарылі Раманюкам пяцёра ўнукаў, а тыя – трох праўнукаў. Адзін з праўнукаў, чатырохгадовы Ромка, “па сакрэце і на вушка” прызнаўся:

– Ты ведаеш, бабуля, а я папу люблю, а ён мяне любіць.

Сярод такога мора ўзаемнай любові міжволі станеш шчаслівай.

Пакіньце чысты след!

На погляд Вольгі Яўгенаўны за 45 гадоў, якія яна жыве ў Буснях, змены тут адбыліся выключна ў лепшы бок. Яна згадвае, як цяжка было працаваць раней на мясцовай ферме. Даводзілася ў цёмную пару хадзіць на дойку, дабірацца па бездарожжы ў чобатах. А калі яе выбралі дэпутатам раённага Савета, жанчына дабілася, каб да фермы дацягнулася добрая дарога. Калі прыязджала кіраўніцтва, нярэдка пыталіся: “А дзе гаспадыня?” – бо ведалі: дзе Вольга Раманюк – там заўсёды парадак. І гэта ад мамы Ганны Мікалаеўны, якая вучыла: “Не чапай чужога і не будзеш жыцця баяцца”. Гэты запавет Вольга Яўгенаўна і сваім дзяцям перадала.

Яе сын Яўген Раманюк – вясковы стараста. Ён здаўна мае патрэбу рабіць дабро, таму высадзіў за Буснямі алею. З дзяцінства любіў разьбярыць, а як падрос і з жалезам пачаў працаваць. Як прыхільнік здаровага ладу жыцця, актыўна займаецца фізкультурай, а аднойчы адкрыў, што “паслухмянымі” бываюць нават словы, таму часам піша вершы. Лічыць, што з Божай дапамогай усё, да чаго дакранаецца, быццам ажывае ў яго руках. Не можа прайсці міма, калі бачыць смецце, а таму гаворыць:

– Чалавек павінен берагчы зямлю. Хочаш пакінуць на ёй след, дык толькі чысты. Шчаслівы, як адчуваю давер ад жывёл і птушак.

Давяраюць старасце і людзі. Калі той бачыць, што нейкая сем’я мае патрэбу ў маральнай дапамозе, не праходзіць міма. І некалькі пар, што стаялі на мяжы разрыву, прыслухаліся да яго слоў і жывуць у міры. Мо для агульнай статыстыкі гэта і не шмат, а для захаваных сем’яў – неацэнна. Усіх радуе, што Бусні з Ленінскім злучыў асфальт, але ёсць яшчэ патрэба і вуліцы Беларускай апрануцца ў новае дарожнае пакрыццё. А мы рушым далей. Наперадзе – Ракітніцкі сельсавет.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.