Упэўнены: і вы акуналіся ў чароўную атмасферу, калі ў кіназале павольна гасне святло, а затым хутка ажывае на экране казка, у нечым падобная на жыццё. І вы прызнаваліся ў захапленні кінастужкамі, а потым дзякавалі тым, хто гэты цуд стварыў і вам паказаў. Менавіта гэтай справай ужо 75 гадоў займаюцца супрацоўнікі Жабінкаўскай раённай кінавідэасеткі.

Тры чвэрці веку дораць радасць
Адлік сваёй гісторыі кінавідэасетка пачынае з 1 кастрычніка 1950 года, а роўна праз два дзясяткі гадоў, калі Савецкая краіна шырока адзначала соты юбілей Уладзіміра Леніна ў нашым райцэнтры для гледачоў расчыніў дзверы кінатэатр “Юбілейны”.
У арганізацыі, адказнай за добры настрой, з цеплынёй згадваюць сваіх ветэранаў – тых, хто шмат зрабіў для развіцця кінавідэасеткі. У іх ліку – Юрый Флейсман, Таццяна Гаўрыловіч, Васіліса Каралец, Ніна Юрчук.
Ужо ад самых сваіх пачаткаў жабінкаўцы былі на добрым рахунку і не раз трымалі ў руках пераходны Чырвоны сцяг Брэсцкага абласнога ўпраўлення кінафікацыі. Старажылы прыгадваюць, што “Юбілейны” заўсёды стараўся крочыць услед за часам. Так, у 1980-я гады тут запрацаваў адзін з першых у Беларусі відэасалон. Атрыманым вопытам жабінкаўцы заўсёды ахвотна дзяліліся з калегамі, як гэта адбылося ў 1997 годзе, калі на базе відовішчнага прадпрыемства ладзіўся маштабны абласны семінар.
А ўжо ў нашыя часы жабінкаўская кінавідэасетка з дапамогаю мясцовых улад пяць гадоў назад набыла найноўшае лічбавае абсталяванне, што і зараз дазваляе дэманстраваць самыя сучасныя кіна- і відэастужкі, якія вось-вось выйшлі ў пракат. І ўсё гэта на высокім узроўні і ў сучасным фармаце. Не пакрывім душою, калі скажам: вынік абнаўлення высока ацанілі кінааматары і нават кінагурманы, што атрымалі магчымасць пабываць на прэм’ерных паказах ва ўтульнай кіназале.
Ёсць і яшчэ адна адметная дата: з 2010-га кінавідовішчнае прадпрыемства ў Жабінцы носіць сённяшнюю назву. Гэткім чынам, для тых, хто гатовы дарыць жабінкаўцам цуд сінематографа, сёлета прыйшоў час суцэльных юбілеяў.
Акрамя кінатэатра, існуе таксама пара перасоўных відэакомплексаў. А гэта дазваляе радаваць кінапрадукцыяй не толькі гараджан, але і жыхароў вёсак і аграгарадкоў, найперш у школах, дзіцячых садах, установах культуры ды санаторыях “Надзея” і “Буг”. І паўсюль дарослыя і дзеці чакаюць, калі з дапамогай спецыялістаў прадпрыемства ажыве тая самая кіна- і відэаказка.
Дружная каманда
Пра наш раён нярэдка кажуць: “Малы залатнік, ды дарагі”. Такім яго робяць працавітыя і таленавітыя жыхары. Сваёй працай супрацоўнікі “Юбілейнага” таксама пацвярджаюць гэтую мудрасць. Хоць Жабінкаўшчына і найменшы раён у краіне, аднак па касавых зборах наша кінавідэасетка – у пяцёрцы лідараў у першым рэгіёне.

Каб вынік быў менавіта такі і кінацуды бачылі землякі, у “Юбілейным” дзейнічае сапраўды дружная каманда.
Шмат гадоў яе ўзначальвае Валерый Зубік. Да слова, гэты год для Валерыя Канстанцінавіча юбілейны і ва ўласным плане. Прычым, у яго працоўнай кніжцы пазначана толькі адно месца працы: Жабінка, “Юбілейны”. Першага жніўня споўнілася сорак гадоў, як ён прыйшоў на працу ў кінатэатр і з таго часу адданы відовішчнаму прадпрыемству.
Аднак ахвотней, чым пра сябе, кіраўнік раённай кінавідэасеткі гаворыць аб сваіх супрацоўніках. І робіць гэта з бачным задавальненнем.
Мінула шмат часу, як звязаў свой лёс з кінаіндустрыяй вядучы інжынер Анатоль Самцоў, адказны за тэхніку бяспекі і дэманстрацыю фільмаў. Выдатна ведаюць сваю справу галоўны бухгалтар Надзея Дземядзюк, касір Святлана Балюк, кантралёр Фаіна Грышко і метадыст Валянціна Ляўчук, якія стараюцца ўлічваць патрабаванні самых розных аматараў кіно. Кожны раз спяшаецца (асабліва да юных гледачоў) машына з перасоўнымі відэакомплексамі. За яе рулём ужо шмат год – Міхаіл Дземядзюк, а цудам сінематографа радуе відэадэманстратар Ірына Абрамава.
Асобную падзяку Валерый Зубік выказвае Таццяне Давідчык. І гэта цалкам заслужана, бо ад спраў клапатлівых рук Таццяны Іванаўны больш за чвэрць веку залежыць чысціня ў памяшканнях.
Аднак час не стаіць на месцы, пакрысе ідзе новае пакаленне. Літаральна чатыры месяцы таму ў дружны калектыў уліўся малады спецыяліст – галоўны інжынер Максім Вайноўскі. Юнаку, які нарадзіўся ўжо ў ХХІ стагоддзі, відаць, назаўжды запомніцца, што ён звязаў сваё працоўнае жыццё з раённай кінавідэасеткай у год, калі наш “Юбілейны” святкаваў пачэсны свой юбілей.
Анатоль РОСТАЎ
Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%