Ахоўнікі краіны і людзей

Менавіта дзеля гэтага вось ужо 40 гадоў аддана і надзейна працуюць супрацоўнікі Жабінкаўскага аддзялення Дэпартамента аховы. У святочныя дні яго супрацоўнікі і ветэраны, родныя і блізкія прадстаўнікоў ахоўнай службы прымаюць заслужаныя пажаданні моцнага здароўя, шчасця, міру і, канечне, дабрабыту.

Сорак гадоў на варце нашага спакою

Адлік сваёй слаўнай гісторыі раённы аддзел (сённяшняе аддзяленне) аб’яднання “Ахова” пачынае з 20 верасня 1985 года.

Як успамінаюць ветэраны арганізацыі, спачатку пад аховаю знаходзілася ўсяго паўсотні аб’ектаў (для параўнання: зараз іх ужо больш за трыста, прычым не толькі ў Жабінцы, але і на тэрыторыі раёна).

За сорак гадоў аддзяленне ўзначальвалі сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы: Мікалай Шубскі (у 1985 – 2001 гадах), Сяргей Шалягейка (2001 – 2005), Ігар Камінскі (2005 – 2015), Сяргей Ханін (2015 – 2018), Віталь Ануфрыюк (2018 – 2020). Пачынаючы з лістапада 2020 года аддзяленнем кіруе Сяргей Якаўчук.

Вось ужо два дзясяткі гадоў Сяргей Леанідавіч звязаны лёсам з Дэпартаментам аховы. Пра паспяховую службу сваіх калег ён гаворыць з гонарам, пры гэтым падкрэслівае, што за часы існавання арганізацыі шмат яе супрацоўнікаў атрымалі дзяржаўныя і юбілейныя ўзнагароды. Кожнае такое ўганараванне – высокае і цалкам заслужанае прызнанне. Нездарма жыхары горада і раёна не раз шчыра дзякавалі сваім ахоўнікам за ўменні, мужнасць і чуласць.

падраздзел Абдымкі, бы крылы

Дасюль у Жабінцы згадваюць выпадак, калі старшы прапаршчык міліцыі Раман Баранчук здзейсніў сапраўды гераічны ўчынак. У той дзень у горадзе-спадарожніку гарэў шматпавярховы дом. На выратаванне тэрмінова скіраваліся і медыкі, і праваахоўнікі. Супрацоўнік аддзялення Дэпартамента аховы быў сярод тых, хто прыйшоў на дапамогу людзям, што апынуліся ў вогненнай бядзе. Лік ішоў на хвіліны – полымя і дым рабілі сваю чорную справу. Асабліва небяспечна было жыльцам верхніх кватэр, якім стыхія перакрыла шлях да выратавання. У акне трэцяга паверха раптам з’явілася жанчына з дзіцём, якая маліла пра дапамогу. Склаўся момант, калі патрабавалася неадкладна прымаць рашэнне, і тады, не губляючы часу, Раман Баранчук літаральна раскрыў свае абдымкі для выратавання. Ён крыкнуў, каб жанчына кінула трохгадовую дачку ўніз. Маці вагалася і ўсё ж рашылася, а ахоўнік злавіў дзіця. Пазней і жанчына была выратавана. Потым не раз людзі казалі: гэта былі нібыта абдымкі Анёла-выратавальніка.

Гэтая гучная падзея не засталася па-за ўвагай, праваахоўнік атрымаў заслужаную ўзнагароду. Аднак не дзеля гэтага ён ішоў на рызыку, таму найбольш грэла душу Рамана Баранчука шчырая падзяка, прамоўленая маці са слязьмі ўдзячнасці на вачах.

падраздзел Прафесія для адважных

Жабінкаўскае раённае аддзяленне Дэпартамента аховы заўсёды на добрым рахунку. У вялікай ступені гэта звязана з тым, што яно аб’ядноўвае разумных і адважных людзей, здольных паспяхова выконваць рознабаковыя задачы.

Маёр міліцыі Сяргей Якаўчук пералічвае асноўныя функцыі, якімі занята яго падраздзяленне. У іх ліку – ахова жылля фізічных асоб, забеспячэнне асабістай бяспекі, усталяванне сістэм відэаназірання. І ўсё гэта – з дапамогай сучасных тэхнічных сродкаў. Калі на аб’екце раптоўна адбываецца нешта экстранае і спрацоўвае трывожная кнопка, нарад міліцыі выязджае неадкладна на месца, каб высветліць абставіны, а, магчыма, і спыніць злачынства. Асобна трэба сказаць пра службу кінолагаў і пошукавых сабак, што дазваляюць, напрыклад, адшукаць чалавека, згубленага ў лесе.

Увогуле праца праваахоўнікаў апошнім часам прыкметна знізіла на Жабінкаўшчыне колькасць злачынстваў, звязаных з крадзяжамі маёмасці. Зараз злодзеі ўсё часцей аддаюць перавагу кіберзлачынствам, таму не лішне зноў нагадаць жабінкаўцам, як гэта робяць дзеля прафілактыкі супрацоўнікі Дэпартамента аховы, заставацца пільнымі ў адносінах да тэлефонных і інтэрнэтных махляроў.

Размову працягвае старшы інспектар групы міліцэйскай ваенізаванай аховы старшы лейтэнант міліцыі Аляксандр Гарбуз. Аляксандр Рыгоравіч прызнаны па выніках мінулага года лепшым па прафесіі сярод інспектараў Брэсцкай вобласці. Ён лічыць:

– Той, хто хоча ў нас працаваць, заўсёды мае перспектыву для службовага развіцця. Практычна кожны супрацоўнік тут прайшоў школу жыцця і загартоўкі ад радавога да афіцэра, і свае зоркі на пагонах і эксельбанты на плячах параднай формы даводзіцца штодня апраўдваць сваёй службай. Таму й падраздзяленне моцнае, бо ў ім няма выпадковых людзей.

Прыкладам для многіх з’яўляецца камандзір узвода капітан міліцыі Аляксандр Місюра. Літаральна днямі ён вярнуўся з Мінска, дзе ўдзельнічаў у ХХІІ адкрытым рэспубліканскім аглядзе-конкурсе прафесійнага майстэрства сярод супрацоўнікаў Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў. Напружаныя пяцідзённыя спаборніцтвы прынеслі праваахоўніку з Жабінкі вялікі поспех: у напружанай барацьбе, у якой удзельнічала больш за сотню яго калег, Аляксандр Міхайлавіч заваяваў у асабістым заліку трэцяе месца ў краіне. Прычым, у судзейскай калегіі былі прадстаўнікі журы з Беларусі, Расіі і Казахстана. Гэткім чынам прадстаўнік горада-спадарожніка, выступіўшы ў камандзе Брэсцкай вобласці, адстаяў гонар не толькі роднага аддзялення, але ўсяго першага рэгіёну.

падраздзел Повязь пакаленняў

У аддзяленні падкрэсліваюць: адной з асноў сённяшніх поспехаў з’яўляецца пераемнасць пакаленняў. З удзячнасцю тут згадваюць сваіх папярэднікаў. Нездарма ў канцы жніўня сённяшні начальнік аддзялення Сяргей Якаўчук зычыў шчасця і доўгіх гадоў жыцця 80-гадоваму першаму начальніку жабінкаўскіх ахоўнікаў Мікалаю Шубскаму. А Мікалай Дзям’янавіч у дзень свайго юбілею з задавальненнем згадваў тых, хто стаяў ля вытокаў ахоўнай справы.

За перыяд існавання аддзялення сотні чалавек былі ў яго радах, выконвалі свае абавязкі сумленна і з гонарам. Пра ветэранаў і цяпер гавораць з падкрэсленай павагай, як пра настаўнікаў, якія стварылі традыцыі і ўсталявалі повязь пакаленняў. Пра іх поспехі сведчыць колькасць высокіх адзнак: за сорак гадоў існавання больш за тры дзясяткі супрацоўнікаў атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды.

У святочныя дні Сяргей Якаўчук і Аляксандр Гарбуз па-афіцэрску лаканічна жадаюць усім супрацоўнікам і ветэранам раённага аддзялення Дэпартамента аховы:

– Ва ўсе гады наш агульны поспех кавала шмат людзей, адданых справе аховы Радзімы і яе жыхароў. Хочацца ім пажадаць упэўненасці, прафесійнага росту і, канечне, міру!

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.