Майстар лесу
Мабыць, вы не паверыце (хоць паверыць давядзецца!), але адзін з найбольш любімых твораў Уладзіміра Актысюка – дантаўская “Боская камедыя”, якая пачынаецца са слоў: “Жыццё маё мінула напалову, і я патрапіў у чароўны лес”. Уладзімір Васільевіч, для якога лес – гэта найперш крыніца натхнення і сіл, разумее глыбокую філасофію сусветнага класіка.

Каля трох дзясяткаў гадоў таму нараджэнец украінскага Палесся пераехаў ў Палессе беларускае. Раней у краіне пад белымі крыламі знайшлі прытулак яго сваякі, таму Уладзімір Актысюк ахвотна памяняў прапіску. Гэткім чынам у яго ўласнай біяграфіі Жабінка стала горадам, дзе нараджаліся дзеці, а Жабінкаўшчына – месцам, дзе ўзнімаюцца да самага неба дрэвы, якім служыць працавіты майстар лесу. Уладзімір Васільевіч тлумачыць з усмешкаю:
– У афіцыйных паперах мая пасада пішацца “майстар-тэхнолаг лясной гаспадаркі”, аднак даўно прыжылася кароткая і, мне здаецца, вельмі душэўная назва: майстар лесу.
Зараз Уладзімір Актысюк згадвае, як усё пачыналася. Гэта адбылося на памежжы стагоддзяў, калі адразу пасля вяселля з жонкай Наталляй Іванаўнай, маладая сям’я пераехала ў Жабінку, каб пусціць карані новага жыцця. Тут неўзабаве нарадзіліся дачка Юля, якая цяпер працуе трэнерам па плаванні ў горадзе над Бугам, ды сын Саша – супрацоўнік Дэпартамента аховы ў Жабінцы.
А сам Уладзімір Васільевіч тады, чвэрць веку назад, стаяў на раздарожжы. Меў будаўнічую спецыяльнасць, таму і вырашыў спярша далучыцца да гэтай, як лічыцца, самай мірнай і стваральнай прафесіі. Ім было зроблена нямала, пакуль не прыйшла тая самая палова жыцця і не паклікаў, як напрарочыў Дантэ Аліг’еры, невядомы і чароўны лес. Адным словам, Уладзімір Актысюк зразумеў раз і назаўсёды: ягоны лёс – гэта лес!
Дасюль у Засімоўскім лясгасе, дзе Уладзімір Васільевіч пачынаў працаваць ў лясной гаспадарцы, памятаюць добрыя справы ягоных рук. Адначасова Актысюк зразумеў, што патрэбна пашыраць не толькі свае навыкі, але і веды, таму завочна адвучыўся ў Полацкім лясным каледжы.
Год за годам герой нашага расказа рухаўся па кар’ернай лесвіцы: пачынаў вартаўніком – дарос да майстра лесу. У ліпені 2000 года ён уладкаваўся ў Пятровіцкае лясніцтва Кобрынскага вопытнага лясгаса.
Кожны майстар лесу мае сваю дзялянку. Участак, які абслугоўвае Уладзімір Актысюк, – легендарны Старасельскі лес, а гэта не толькі каля трох тысяч гектараў, але й месцы, звязанныя з дзейнасцю партызанскага атрада імя Міхаіла Чарнака. Згадзіцеся, адказных спраў Уладзімір Васільевіч мае досыць. Сярод іх асноўныя задачы: догляд і ахова лесу, які з’яўляецца н ашым найважнейшым багаццем, сімвалам і гонарам Беларусі.
Штогод у лясгасе праводзіцца конкурс “Лепшы майстар лесу”. У мінулым годзе перамогу ў гэтым прэстыжным спаборніцтве святкаваў наш суразмоўнік. А сёлета яго праца з нагоды прафесійнага свята адзначана Лістом падзякі Жабінкаўскага райвыканкама. (Да слова ў святочны дзень атрымае сваю ўзнагароду – Падзяку ад Міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь – яшчэ адзін выдатны працаўнік Пятровіцкага лясніцтва – вальшчык лесу Анатоль Баранчук).
Напярэдадні прафесійнага свята Уладзімір Актысюк разважліва гаворыць:
– Трэба душою любіць лес, адчуваць яго гукі і подых, берагчы зялёнага сябра, каб пакінуць гэтае боскае цуда ў спадчыну нашчадкам. Трэба сумленна працаваць, не шкадуючы сіл і ўвагі. Кожнаму, хто працуе ў лясной гаспадарцы, жадаю здароўя, дабрабыту і сямейнага шчасця!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%