АЗЯТЫ: спрадвеку на рупліўцаў багаты

Ва ўсе вякі Азяты з’яўляліся буйным населеным пунктам. Па колькасці жыхароў ён і цяпер саступае толькі райцэнтру і аграгарадкам Ленінскі ды Ракітніца. А вось у якасці адміністрацыйнага цэнтра Азяты сфарміраваліся значна раней за Жабінку ды іншыя паселішчы раёна. Калісь былі Азяты цэнтрам староства, воласці, нават графства, а цяпер – аднайменнага сельсавета.

Калі пагартаць даўнія падшыўкі раёнкі, міжволі ўзнікне адчуванне, што іншага такога сяла, як Азяты, на ўсім свеце няма. У ім спрадвеку існавала нейкая магічная канцэнтрацыя таленавітых і руплівых людзей. І пачалася гэта “анамалія” ні сёння, ні ўчора. Бо вялізны валун у цэнтры старадаўняга сяла нагадвае: паселішча вядома са студзеня 1516 года, а таму ўжо праз чатыры месяцы азятчукі могуць святкаваць юбілей – 510 гадоў з часу заснавання свайго населенага пункта.

Што хаваецца за назвамі вясковых вуліц?

Найчасцей населеныя пункты, куды наведваўся праект “Взгляд”, маюць усяго адну вуліцу, і завецца яна звычайна Цэнтральнай. У Азятах – іншы падыход. Вядома, і Цэнтральная тут ёсць. Яна самая працяглая. На ёй размяшчаецца, лічыце, палова з 238 вясковых дамоў-сядзіб, у якіх жывуць сённяшнія азятчукі. Аднак побач ёсць яшчэ вуліцы Маладзёжная, Лясная, Зялёная, Камсамольская і Новая.

Вуліца Гомельская нагадвае пра час, калі азятчукі працягнулі руку дапамогі землякам з усходніх абласцей, што папакутавалі ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Колішнія перасяленцы з той пары знайшлі тут добры прыём і свой другі дом замест родных ніў і хат, атручаных палыном. Многія з іх зараз сумленна працуюць у мясцовай гаспадарцы “АграАзяты” (былы калгас “Беларусь”).

Бадай, самая вядомая “імянная” азяцкая вуліца трыццаць гадоў таму названа ў гонар выдатнага земляка, беларускага і рускага гісторыка, этнографа і педагога Юльяна Крачкоўскага (1840 – 1903).

На вуліцы, прысвечанай Юльяну Фамічу, знаходзяцца мясцовы праваслаўны храм, помнік воінам-землякам, цэнтр культуры і вольнага часу, іншыя сацыяльныя аб’екты ды той адметны валун, а на ім – памятныя словы па-беларуску: “1516 год. Упершыню на старонках старадаўніх хронік згадваецца вёска АЗЯТЫ”.

Апошнія 85 гадоў Азяты – “сталіца” найбуйнейшага па плошчы і самага лясістага на Жабінкаўшчыне сельсавета, які ахоплівае адзінаццаць населеных пунктаў. Большасць жыхароў жыве ў аграгарадку. Прычым, Азяцкі сельсавет (і ў гэтым яго асаблівасць) ніколі за сваю гісторыю не скасоўваўся і не мяняў імя.

Жывуць на гэтай зямлі адданыя ёй дочкі і сыны

Жыццё тут бруяе ў значнай меры ад таго, што аграгарадок здаўна з’яўляецца цэнтрам гаспадаркі. Упершыню свайго росквіту азяцкія аграрыі дасягнулі ў 80-я гады мінулага стагоддзя, калі іх сельгаспрадпрыемства “Беларусь” стала сапраўдным калгасам-“мільёншчыкам”.

У тыя часы за сваю працу больш за тры дзясяткі вяскоўцаў займелі ордэны і медалі. І гэта было цалкам заслужана, паколькі азятчукі надзвычай руплівыя людзі, адданыя роднай зямлі. Можна лёгка назбіраць сапраўды яркае і славутае суквецце з імёнаў тых, хто прысвяціў сябе сельскай гаспадарцы. Справы іх рук і зараз памятаюць у гэтым краі.

Перш-наперш згадаем сапраўды легендарнага рупліўца, які не раз сустракаў заранкі і заходы сонца на працоўным месцы ў полі. Маем на ўвазе нараджэнца старажытнага сяла Васіля Андруховіча (1940 – 1989). На жаль, Васіль Васільевіч пражыў нядоўгі век, аднак пакінуў ва ўспамінах нашчадкаў глыбокі след. Нездарма ўжо ў нашы дні адна з вуліц горада-спадарожніка атрымала імя шчырага і самаадданага работніка, які не шкадаваў сіл, здароўя, часу на шляху да працоўных перамог. У якасці трактарыста-машыніста райсельгастэхнікі і райсельгасхіміі азятчук паскорана выконваў пяцігадовыя планы, быццам адчуваў, наколькі кароткі час яму адмераны. Ён стаў кавалерам орденаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга і “Знак Пашаны”, быў узнагароджаны медалямі “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна” і “За працоўную доблесць”. А ў 1985 годзе Васіль Андруховіч стаў першым у Жабінкаўскім раёне лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Саюза ССР.

Як вядома, вышэйшай узнагародай у савецкія часы з’яўляўся ордэн Леніна. Акрамя Васіля Андруховіча, ён упрыгожваў грудзі яго земляка трактарыста Пятра Гумянкі. Акрамя таго, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі была адзначана руплівая праца брыгадзіраў Надзеі Кароткай і Васіля Лінкевіча, а кавалерам ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга сталі звеннявы Мікалай Адамук і вадзіцель Павел Зялько, брыгадзір Уладзімір Саўчук і даярка Соф’я Пісюк.

Ордэнам “Знак Пашаны” былі ўганараваны галоўны заатэхнік гаспадаркі Васіль Качан, электразваршчык Валерый Данілюк, загадчыца фермы Таццяна Сабалеўская, жывёлаводы Сцяпан Алясюк і Марыя Федасюк, а таксама цэлая плеяда азяцкіх механізатараў: Мікалай Бычак, Сцяпан Каралюк, Мікалай Макарэвіч і Сцяпан Мацюк.

Аднак нельга думаць, што залаты дождж дзяржаўных узнагарод кануў для азятчукоў у Лету. Яшчэ ў калгасе “Беларусь” на трактары “Беларус” шчыраваў на азяцкіх палях беларус Васіль Платонаў. Ён працягваў працу і калі стала родная гаспадарка ўнітарным прадпрыемствам “АграАзяты”. За свае справы, прысвечаныя гэтай зямлі, Васіль Васільевіч дасюль мае і павагу, і гонар. А залетась скарбонка ўласных узнагарод механізатара, які ўжо размяняў восьмы дзясятак, папоўнілася медалём “За працоўныя заслугі”. Гэтак дзяржава ў асобе Кіраўніка нашай краіны адзначыла працу аграрыя з Жабінкаўшчыны.

Можам толькі захапіцца: як жа патрэбна любіць сваю зямлю-карміцельку, каб шчыраваць на ёй паўвека і нават крыху болей! Васіль Платонаў гэтую любоў атрымаў ад самай калыскі, з ёю і жыве.

І такіх, як ён, у “АграАзятах” заўжды было багата. Цэлымі сем’ямі – не дваранскімі, але сялянскімі! – мясцовыя рупліўцы літаральна прырасталі да гэтай зямлі. Пускалі ў ёй карані на вечныя вякі Петрыкі і Ласі, Савічы ды іншых шмат, для каго аграгарадок Азяты не проста кропка на карце, а сапраўдны цэнтр Сусвету.

Пяць гадоў таму мясцовая гаспадарка атрымала сённяшнюю назву. Адбылося гэта пасля рэарганізацыі і далучэння да Брэсцкага мясакамбіната. Такое аб’яднанне стала новым паспяховым этапам у развіцці сельскагаспадарчага прадпрыемства.

Працаўнікі “АграАзятаў” ды ўвогуле ўсе азятчукі заслугоўваюць, каб праект “Взгляд” не спяшаўся развітвацца з імі. Пагэтаму не будзем імкнуцца мяняць маршрут і ў наступны раз зноў наведаемся ў іх старое сяло (не блытаць са Старым Сялом, куды таксама завітаем, але трошкі пазней).

А пакуль – зноў чакайце нас, Азяты! Газета “Жабінка актуальна” заўсёды з задавальненнем і добрымі навінамі штосераду прыходзіць у дамы азяцкіх падпісчыкаў. А карэспандэнт, як знойдзецца вольная хвіліна, прыедзе да тутэйшых жыхароў, каб апісаць іх новае жыццё пад запамінальнай рубрыкай “Кропка на карце”.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара

АФІЦЫЙНАЯ НАЗВА — аграгарадок Азяты (руск. Озяты).

МЕСЦАЗНАХОДЖАННЕ — Азяцкі сельсавет.

КААРДЫНАТЫ52°06′05″ пн. ш. 24°08′16″ у. д.

АДЛЕГЛАСЦЬ ДА ЖАБІНКІ — 15 кіламетраў.

ПЕРШАЯ ПІСЬМОВАЯ ЗГАДКА — 1516 год.

НАСЕЛЬНІЦТВА — 463 чалавекі (на 2025 год).

СУЧАСНЫ СТАТУС — цэнтр Азяцкага сельсавета (з 1940 года), сядзіба ААТ “АзятыАгра” (з 2020 года – СУП “АграАзяты”), якое раней называлася калгасамі імя Варашылава (1940 – 1941, 1947 – 1959 гады) і “Беларусь” (з 1959-га), цэнтр праваслаўнага прыходу Свята-Мікалаеўскай царквы (ад XVI стагоддзя па сённяшні дзень).

БЫЛЫ СТАТУС — у 1674 – 1795 гадах сяло было цэнтрам Азяцкага староства і ключа, затым – аднайменнага графства (1795 – 1839 гады), у 1861 годзе ўтварылася Азяцкая воласць (“за польскім часам” – гміна), якая праіснавала да верасня 1939 года.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.