КРЫМІНАЛЬНАЯ ХРОНІКА

Хай дзеці не будуць абузай

У народзе лічыцца, што нараджаюцца дзеці ад вялікага кахання дваіх. Чаму ж пазней яны часам становяцца абузай для бацькоў, што тыя гатовыя адрачыся ад малых? Напрыклад, Дзям’ян Ш. (імя зменена) меў ужо судзімасць за ўхіленне ад утрымання дзяржавай яго дзяцей, але з уладкаваннем на працу не спяшаўся. Калі ж урэшце пачаў працаваць, дык не паведаміў аб гэтым у неабходныя органы, а заробленыя грошы траціў на свае патрэбы. Такім чынам, Дзям’ян не прыняў належных мер для падтрымання сваіх дзяцей.

Ганебныя паводзіны Сымона ды Ірэн К. прывялі да таго, што іх пазбавілі бацькоўскіх правоў на сына і дачку. Бацькі былі абавязаны кампенсаваць утрыманне дзяцей на дзяржаўным забеспячэнні, але разгульны лад жыцця прывёў да вялікай запазычанасці.

Эльвіра М. без уважлівых прычын у чэрвені – ліпені дапусціла 23 прагулы на рабоце, што пацягнула за сабою няпоўнае выкананне абавязацельстваў па кампенсацыі расходаў, затрачаных на ўтрыманне сына, які знаходзіцца на дзяржзабеспячэнні. Не выконвае сваіх абавязкаў перад дачкой і яшчэ адна сямейная пара С. Па ўсіх фактах узбуджаны крымінальныя справы па артыкуле 174 КК.

Асцярожна: камп’ютарныя махляры!

Ніводная падборка крымінальнай хронікі не абыходзіцца без аповеду пра рознага роду камп’ютарных круцялёў, якія нячэсным шляхам здабываюць для сябе грошы ў падатлівых на ўгаворы людзей. І кожны раз такія махляры вышукваюць новыя і новыя метады. Прыкладам, каб завалодаць грашовымі сродкамі Івана С., невядомы адрэкамендаваўся супрацоўнікам галоўнай падатковай інспекцыі па Мінску і нібы для таго, каб захаваць у цэласнасці Іванавы грошы, папрасіў рэквізіты банкаўскай карты “Беларусбанка”, дзе ляжалі Іванавы зберажэнні. Атрымаўшы доступ да камп’ютарнай інфармацыі, незнаёмец скраў з карт-рахунку 225 тысяч расійскіх рублёў.

За жнівень пацярпелі ад ашуканцаў яшчэ чатыры жабінкаўцы. Па кожным факце ўзбуджана крымінальная справа, хаця адшукаць вінаватых будзе няпроста, бо многія махляры выбіраюць сваю ахвяру, знаходзячыся за мяжой. Дык будзем жа пільнымі, каб не трапіць на кручок жуліка!

Знікла каса з гаража

У Вялікіх Якаўчыцах нехта ноччу забраўся ў гараж вяскоўца, адкуль вынес мотакасу, а таксама 20-метровы падаўжальнік і навясны замок – усяго на 180 рублёў. Па факце крадзяжу ўзбуджана справа паводле часткі 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Хацелася б, каб следчым падказалі сумленныя грамадзяне, у каго раней не было, а сёння ён чужой мотакасой абкошвае ўзмежкі. Гэта можа быць і ёсць тая каса, што прапала з якаўчыцкага гаража?..

Па інфармацыі начальніка райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Віталя ГАЛЕНЧУКА матэрыял да друку падрыхтаваў Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.