Да Дня супрацоўніка органаў папярэдняга следства: злачынца не пазбегне пакарання

Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнт газеты «Жабінка актуальна» сустрэўся з начальнікам раённага аддзела Следчага камітэта Віталем Галенчуком, каб павіншаваць яго і супрацоўнікаў аддзела і даведацца, як яны спрацавалі за год.

– Сёлета ў вытворчасці нашага аддзела знаходзілася больш за 250 спраў, – паведаміў Віталь Віктаравіч. – Найбольшую колькасць іх складалі злачынствы, якія здзейснены з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Менавіта супрацоўнікамі Жабінкаўскага аддзела Следчага камітэта з пачатку года ўзбуджана 85 крымінальных спраў, больш за тры дзясяткі іх перададзены пракурору раёна для накіравання ў суд. Усе крымінальныя справы па цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах супраць жыцця і здароўя, зарэгістраваныя ў 2025 годзе, раскрыты.

Як прыклад паспяховых дзеянняў сваіх падначаленых, кіраўнік жабінкаўскіх следчых прывёў справу, якая расследавалася сёлета. Два грамадзяніны здзейснілі асабліва цяжкае злачынства, звязанае са збытам, набыццём, захаваннем наркатычных сродкаў.

Адзін з парушальнікаў закону, якога назавем Трафімам, падчас допыту пазней расказаў, што, калі працаваў у Польшчы, пазнаёміўся з Мікітам В. Той праз інтэрнэт папрасіў абвінавачваемага забраць з тайніка наркотык, расфасаваць яго і раскласці па схованках. За гэта абяцалася ўзнагарода. Трафім выканаў даручэнне, затым рашыў прыцягнуць да незаконнага промыслу свайго знаёмага А., які таксама паквапіўся на “лёгкія” грошы. Свае “акцыі” падзельнікі здзейснілі не раз.

Неўзабаве Мікіта В. перавёў ім на банкаўскую карту салідную суму, якая была заробкам за супрацьпраўную дзейнасць.

Падчас наступнай “акцыі” абодва кур’еры былі затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Пры гэтым у машыне быў знойдзены наркотык, што стала рэчавым доказам віны злачынцаў.

У жніўні яны былі асуджаны паводле часткі 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса. Парушальнікі закону панеслі пакаранне: кожны атрымаў па шэсць гадоў пазбаўлення волі з накіраваннем у выпраўленчую калонію са штрафам у памеры ста базавых велічынь, што складае 4200 рублёў.

Гэты прыклад сведчыць, што злачынства не застанецца без пакарання, калі за справу бяруцца сапраўдныя прафесіяналы. Нездарма дзейнасць жабінкаўскіх следчых мае высокую ацэнку. Так, старшыня Следчага камітэта генерал-маёр юстыцыі Дзмітрый Гара аб’явіў Падзяку капітану юстыцыі Алесі Піскун. Нагрудным знакам “За добрасумленную службу” ўзнагароджана маёр юстыцыі Аксана Шумко. А следчы капітан юстыцыі Аляксандр Вабішчэвіч уганараваны граматай начальніка абласнога ўпраўлення.

У час, калі супрацоўнікі следчых органаў адзначаюць сваё прафесійнае свята, зычым ім і іх сем’ям поспехаў, здароўя, вялікага шчасця.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота Наталлі КАВЯРГОВІЧ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.