Ужо роўна сорак гадоў Ала Мікуц прысвячае сябе бібліятэчнай справе. Ала Канстанцінаўна робіць усё, каб цвіло кніжнае жыццё ў жыватворным хмелеўскім краі.

– Нашы хмэлёўцы гавораць: “Жыццё прайшло, як адна малая хвылына”, – крыху какетліва і вельмі ўсмешліва гаворыць суразмоўніца.
Хоць насамрэч вясковы бібліятэкар і зараз поўная жыцця, прыветна ставіцца да людзей, і тыя адказваюць ёй узаемнасцю. У Хмелеве жанчына даўно як свая.
– Я нарадзілася на Століншчыне – у журавінавым краі, а згадзілася на хмелеўскай зямлі, – гаворыць Ала Канстанцінаўна і міжволі прыгадвае час, калі атрымала атэстат сталасці ў родным сяле Альманы ды паехала ў вялікі свет, каб стаць бібліятэкарам.
– Летам 1985 года ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум наляцелі “купцы”, усіх адразу разабралі. Я адна засталася, і так сябе шкада стала, ажно заплакала. Быццам і непатрэбная нікому, а хацелася вельмі на радзіму вярнуцца, ды прапаноўвалі ехаць далёка ад дома.
Затым выкладчыкі зірнулі на дзявочыя слёзы, злітасцівіліся: едзь у Жабінку! Гэтак дзяўчына з самага вялікага раёна Беларусі трапіла ў найменшы, дзе яе чакаў лёс і называўся ён прыгожа: вёска Хмелева.
– Спачатку было ўсё няпроста. Тэорыя – гэта тэорыя, а на практыцы заўсёды крыху інакш, – успамінае Ала Мікуц, таму і дзякуе дасюль тагачаснаму дырэктару раённай бібліятэкі Таццяне Япішка ды калегам, якія з першых дзён апекавалі маладога спецыяліста, дапамагалі, што называецца, устаць на крыло. Ды і пазней, калі вопыту прыбавілася, адчуванне надзейнага пляча, уласцівага бібліятэчнай сям’і, дапамагала ісці па жыцці.
– Аднак першымі днямі, – прызнаецца Ала Канстанцінаўна, – была такая думка: як патрэбны тэрмін адпрацую – пайду на завод ці фабрыку. Мо так і сталася б, ды сустрэла ў Хмелеве свайго Аляксандра Рыгоравіча. Стварылі сям’ю, нарадзілі дзяцей, пасадзілі шмат дрэў і кніжак прачыталі нямала. Адным словам, Хмелева стала другой радзімай, прычым надзвычай любімай!
Зараз бібліятэкар абслугоўвае каля 250 вясковых чытачоў, з іх сотня – дзетак. Зразумела, бібліятэка і яе гаспадыня цесна супрацоўнічаюць з мясцовай школай, асабліва з вучнямі і настаўнікамі пачатковых класаў.
– Маленькія дзеці – быццам пластылін, з іх можна ляпіць што заўгодна, – гаворыць наша гераіня, і яе вочы літаральна свецяцца ласкай і шчасцем ад згадкі пра юных хмелеўцаў. – Хлопчыкам і дзяўчынкам многае цікава. Зірнеш у іх шырокаадкрытыя вочы – і душа радуецца, нібыта дакранешся да неба і сонца.
Цешыць бібліятэкара, што на канікулах, калі дзеці прыязджаюць да бабуль і дзядуляў, становіцца яшчэ больш чытачоў. Дзеці не абмінаюць сельскі Дом культуры, наведваюць і бібліятэку. Побач – гульнёвая пляцоўка, вось малыя і сумяшчаюць актыўны адпачынак з чытаннем кніжак, часопісаў, ды і камп’ютар у бібліятэцы не прастойвае. Алу Канстанцінаўну цешыць, што хлопчыкі і дзяўчынкі не проста бавяць час у камп’ютарных гульнях, але і наведваюць пазнавальныя сайты, прынамсі, створаны Жабінкаўскай ЦБС. А колькі там інтэлектуальных і пазнавальных матэрыялаў! Можна надоўга “завіснуць”, а галоўнае – шмат даведацца пра Жабінкаўшчыну, яе мінулае і сённяшні час. Між іншым, з дапамогай займальных бібліятэчных конкурсаў дзеці могуць падцягнуць родную мову.
– У майго дзесяцігадовага ўнука Глеба нават з’явілася любімае беларускае слоўца, – згадвае Ала Мікуц. – Было заданне перакласці з адной мовы на другую, у тым ліку назвы звяроў. Ой, як Глеб развесяліўся, калі пазнаёміўся са словам “хахуля”, а як прачытаў, што па-руску гэты звярок завецца “выхухоль”, яшчэ грамчэй рассмяяўся!
Лічыце, ніводнае хмелеўскае свята не абыходзіцца без бібліятэкара. Яна і спявала ў “Барвынку” ды “Хмелеўскіх валацугах”, і фальклор актыўна збірае. Выйшла некалькі краязнаўчых зборнікаў: “Хмелеўскі хранограф”, “Хмэлёўскія заколоты”, матэрыялы пра 300-гадовы Спаса-Праабражэнскі храм і вядомы манастыр у аграгарадку. Усё сабрана ў папачкі, і галоўнае – яны не стаяць без справы на паліцах, бо часта запатрабаваны людзьмі. Калі свае 75-я ўгодкі адзначала мясцовая гаспадарка, была выдадзена шыкоўная кніга, у якой шырока выкарастаны матэрыялы з бібліятэкі. Выданне атрымалі ганаровыя госці ды ўдзячныя землякі. Ёсць каштоўная кніга, вядома, і ў бібліятэцы.
– Жыццё кароткае, а планаў шмат, – дзеліцца Ала Мікуц, – хацелася б яшчэ стварыць кнігу па гісторыі Хмелева і наваколляў. Муж марыць, каб я сядзела дома, ды ў мяне іншы характар, хочацца быць сярод людзей, прыносячы карысць.
Вельмі радасна Але Канстанцінаўне бачыць, як растуць-разумнеюць родныя ўнукі. Іх у бабулі ўжо шасцёра. Калі разам выбіраюцца ў падарожжы, напрыклад, у запаветную пушчу, папярэдне вывучаюць “Вандроўкі BY. Буслова Айчына”, каб як мага больш ведаць пра белакрылы сімвал Беларусі. Інтарэс ад гэтага толькі ўзрастае, а станоўчыя эмоцыі ад паездкі і словамі не перадасі!
Напярэдадні свята ўсіх бібліятэкараў наша гераіня з задавальненнем прамаўляе:
– Удзячная лёсу, што ён звёў мяне з выдатнымі людзьмі. Іх было шмат, усіх памятаю, кожнага люблю. Зычу бібліятэкарам творчага патэнцыялу (што нямала), моцнага здароўя і жалезнага цярпення. Кніга жыла, кніга жыве, кніга будзе жыць. Яна вечная ў руках чалавечых!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%