У мінулыя выхадныя, 6 – 7 верасня, дэлегацыя Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, якую ўзначальвае Таццяна Дземідовіч, наведала цудоўнае свята, прысвечанае роднаму беларускаму слову і кнізе. Берасцейскія творцы, акунуўшыся ў атмасферу цудоўнага дзейства, выдатна прадставілі першы рэгіён у старажытнай і вечна маладой Лідзе.
Трыццаць два разы Дзень беларускага пісьменства праходзіць у розных гарадах Беларусі. Гэта дазваляе моцна папулярызаваць лепшыя традыцыі нацыянальнай культуры і друкаванага слова, а прымаюць яго гістарычныя і культурныя цэнтры, з якімі звязана жыццё вядомых дзеячоў нашай сінявокай краіны. У дадзеным выпадку старажытны лідскі край – прыклад для многіх. Гэта не раз адзначалася падчас свята.
Ужо па дарозе на Дзень пісьменства брэсцкая дэлегацыя сустрэла традыцыйную навукова-асветніцкую экспедыцыю “Дарога да святыняў” з Жыватворным агнём ад Труны Гасподняй у Іерусаліме і цудатворнай іконай Прасвятой Багародзіцы “Загор’е-Сталовіцкай”. Нашы пісьменнікі палічылі гэта добрым знакам і не памыліліся: свята ўдалося! І на ім паэты ды празаікі першага рэгіёна, што называецца, змаглі не толькі на іншых паглядзець, але і сябе паказаць.
Сёлета святкаванні прысвечаліся знакавым датам: 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 500-годдзю выхаду ў свет кнігі “Апостал”, надрукаванай славутым Францыскам Скарынай летам 1525 года, а таксама юбілеям выдатных творцаў беларускай нацыянальнай літаратуры.
З рознабаковай творчасцю брэсцкіх пісьменнікаў, гісторыяй літаратуры нашага першага рэгіёну і кніжнымі набыткамі, створанымі таленавітымі майстрамі слова, што жывуць паміж Бугам і Гарынню, чытачы з усё Беларусі і нават замежныя госці змаглі пазнаёміцца ў Брэсцкім павільёне, які займаў пачэснае месца.
Тут берасцейскія бібліятэкары і пісьменнікі разгарнулі тэматычныя экспазіцыі, праводзілі прэзентацыі, у тым ліку інтэрактыўныя. Акрамя таго, у павільёне актыўна працавала выстава рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі Брэсцкай вобласці. Кожная газета спецыяльна да свята выпусціла літаратурныя старонкі. Прыемна было пачытаць на газетных палосах “Зари”, “Жабінкі актуальна” ды іншых раёнак вершы слынных і пачынаючых аўтараў, што сведчыла пра значны творчы патэнцыял нашых землякоў з розных куткоў Берасцейшчыны.
Брэсцкая абласная бібліятэка імя Максіма Горкага падрыхтавала выставу сваіх матэрыялаў. На ёй гаспадыні галоўнай чытальні вобласці прадставілі культурна-гістарычную спадчыну рэгіёну. Можна было пачуць таксама змястоўныя расповяды пра выдатыных дзеячоў – нараджэнцаў Брэстчыны, пра намінантаў і лаўрэатаў літаратурнай прэміі абласнога выканаўчага камітэта імя Уладзіміра Калесніка. Акрамя таго, супрацоўнікі бібліятэкі правялі інтэрактыўныя пазнавальныя віктарыны, прысвечаныя гісторыі культуры, вядомым кніжным помнікам Беларусі, выдатным асобам, што пакінулі значны след у гісторыі краіны.
Пісьменнікі Брэсцкага абласнога аддзялення, у сваю чаргу, прыехалі ў Ліду з вельмі насычанай праграмай “Узнагародай – памяць і жыццё…”.
Упершыню адбыўся музычна-паэтычны батл паміж Брэсцкім і Гродзенскім абласным аддзяленнямі СПБ “Літаратурны экспрэс «Гродна – Брэст»”. Вялікую зацікаўленасць у чытачоў розных узростаў выклікаў буккросінг, дзе кожны жадаючы змог памяняць свае кнігі на кнігі брэсцкіх пісьменнікаў.
Запамінальным момантам стала наведванне пляцоўкі Брэсцкай вобласці ганаровымі гасцямі свята пісьменства, якія паспрыялі, каб яно атрымалася маштабным і рознапланавым.
З вялікай цікавасцю з набыткамі берасцейскіх творцаў і народных майстроў першага рэгіёну знаёміліся намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Пяткевіч, міністр інфармацыі нашай краіны Марат Маркаў, кіраўнік Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Віктар Рафаловіч ды іншыя высокія госці.
Яны, між іншым, з цікавасцю пазнаёміліся з выставай ”З кнігай з мінулага…” і творчасцю дзіцячай пісьменніцы Наталіі Андрасюк ды творчымі набыткамі іншых берасцейскіх аўтараў.
Акрамя таго, Наталля Пяткевіч з задавальненнем пагаварыла з народнымі ўмеліцамі, здольнымі ствараць сапраўдную прыгажосць, што стала спадчынай нашага працавітага мірнага народа. Наталля Уладзіміраўна нават паспрабавала сябе ў ролі майстрыхі, прысеўшы да кроснаў, і пакінула падзячны запіс у своеасаблівай “залатой” кнізе ганаровых гасцей.
Хочацца таксама адзначыць нашых ганцавіцкіх і маларыцкіх майстроў, якія і вырабы свае дэманстравалі, і выдатна спявалі. Непадробную цікавасць у наведвальнікаў выклікалі работы жабінкаўчанкі, народнага майстра Беларусі па саломапляценні Ірыны Коваль.
Будучы ў горадзе, дзе ўсё літаральна дыхае гісторыяй, берасцейскія пісьменнікі, вядома, не прамінулі наведаць знакаміты Лідскі замак, а таксама Дом-музей паэта-барацьбіта Валянціна Таўлая.
І вядома, творцы з Брэстчыны, як і ўсе, хто падзяліў вялікае свята, гарачымі апладысментамі сустракалі айчынных пісьменнікаў, якія ганарова былі адзначаны на XXXII Дні беларускага пісьменства нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі. Сярод пераможцаў было асабліва прыемна пачуць імя сапраўднага патрыярха дзіцячай літаратуры Міколы Чарняўскага. Сёлета Мікалай Мікалаевіч быў уганараваны надзвычай прэстыжнай прэміяй у намінацыі “Дзіцячая літаратура” як аўтар шматлікіх кніг для маленькіх чытачоў.
У заключны дзень вялікага рэспубліканскага свята па традыцыі быў агучаны наступны горад Беларусі, які стане сталіцай чарговага, XXXIIІ Дня беларускага пісьменства.































Такім чынам, у 2026 годзе пісьменнікаў, выдаўцоў і шматлікіх чытачоў будзе прымаць літаратурная Магілёўшчына, а калі канкрэтна – раённы цэнтр Касцюковічы. І гэта цалкам справядліва, бо касцюковіцкая зямля багата на паэтаў і празаікаў. Між іншым, гэта радзіма Аркадзя Куляшова, Алеся Пісьмянкова, Івана Чыгрынава ды іншых славутых пісьменнікаў.
Антон ЦЫМУС
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%