“Духоўны карабель плыве да ціхай гавані Царства Нябеснага”. Гэтыя запаветныя словы належаць архіепіскапу Брэсцкаму і Кобрынскаму Іаану, які асвяціў у Жабінцы храм свяціцеля Кірылы Тураўскага. Гістарычная падзея адбылася ў Жабінцы 21 ліпеня, у дзень памяці Казанскай іконы Божай Маці, калі горад-спадарожнік адзначаў 81-я ўгодкі вызвалення ад нацысцкай навалы.










Яшчэ ў пачатку 1687 года землі пры ўпадзенні рэчкі Жабінкі ў Мухавец былі падараваны мясцовым памешчыкам царкве, а праз стагоддзі на іх вырас блакітна-белы храм, які ўжо стаў архітэктурнай і духоўнай жамчужынай нашага горада.
Неяк непрыкметна мінулі пятнаццаць гадоў ад пачатку будаўніцтва Свята-Кірылаўскага храма да яго асвячэнння. Дасюль каля царквы знаходзіцца крыж, устаноўлены 8 мая 2010 года прыхаджанамі Генадзем Андрасюком, Юрыем Лаготам, Канстанцінам Кавальчуком, Паўлам Бугуком, Мікалаем Захарчуком і Юрыем Касцючыкам. А 29 мая таго самага года епіскап (цяпер – архіепіскап) Іаан здзейсніў чын асвячэння закладнага каменя ў падмурак храма. І вось цяпер, праз гады, уладыка зноў прыбыў у горад-спадарожнік, каб здзейсніць Вялікае асвячэнне цудоўнага храма ў імя асветніка беларускай зямлі Кірылы Тураўскага.
Архіепіскапу саслужылі дабрачынныя цэркваў Брэсцкай, Драгічынскай, Жабінкаўскай, Камянецкай і Маларыцкай акруг, а таксама духавенства Жабінкаўскага дабрачыння Брэсцкай епархіі. Дыяканскі чын узначаліў клірык кафедральнага сабора Сімяона Стоўпніка ў Брэсце Іаан Шкулепа.
На богаслужэнні прысутнічалі першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, кіраўнік адміністрацыі СЭЗ “Брэст” Вадзім Краўчук; старшыня Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Кузьміч і яго намеснік Іна Тарасевіч, кіраўнік дэпутацкага корпуса Жабінкаўшчыны Андрэй Юруць і консул Расійскай Федэрацыі ў горадзе Брэсце Алег Мурашоў.




Вельмі многія жабінкаўцы парупіліся, каб “духоўны карабель” узняў свае ветразі на шляху “да ціхай гавані Царства Нябеснага”. Не раз згадваліся імёны асоб, што асабліва шмат зрабілі дзеля ўзнікнення ў цэнтры Жабінкі гэтай рэлігійнай і духоўна-асветніцкай калыскі. Сваю заслужаную ўзнагароду атрымаў колішні дырэктар Жабінкаўскай ПМК-19 Пётр Вайноўскі, была праспявана “Вечная памяць” былому кіраўніку “Брэстаблсельбуда” Пятру Масальскаму.
Архіепіскап Іаан, які ўзнёс малітвы пра аднаўленне міру і ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага, узначаліў хрэсны ход, здзейсніў акрапленне святой вадой храма і шматлікіх вернікаў. Духоўны пастыр выказаў падзякі і ўручыў царкоўныя ўзнагароды тым, хто пасадзейнічаў у будаўніцтве храма. Уладыка паднёс у дар новаасвечанай царкве шыкоўнае выданне Новага Запавета і абраз новапакутнікаў ды спавядальнікаў зямлі беларускай.



















За стараннае служэнне праваслаўнай царкве сакратар Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення, дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі і настаяцель Свята-Кірылаўскага храма протаіерэй Сергій Петрусевіч быў узнагароджаны ордэнам Кірылы, епіскапа Тураўскага. Адначасова медалём святога Афанасія Брэсцкага ўганараваны Аляксандр Крапчук, Алена Пацэвіч і Аляксандр Карабан.


Акрамя таго, у благаславенне за працу ў славу Беларускай праваслаўнай царквы граматай мітрапаліта Веніяміна ўзнагароджаны намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Юрый Шулейка, першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, кіраўнік СЭЗ “Брэст” Вадзім Краўчук і рэгент хору храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы Алена Петрусевіч. Спевы ў выкананні гэтага калектыву па-сапраўднаму ўпрыгожылі набажэнства.



Прысутных прывітаў Дзмітрый Гарадзецкі, які павіншаваў усіх са святам Казанскай іконы Божай Маці, гадавінай вызвалення Жабінкі, асвячэннем храма і агучыў прывітальны адрас ад старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка. Дзмітрый Мікалаевіч уручыў грамату абласнога выканаўчага камітэта айцу Сергію і паднёс у дар абраз святога князя Аляксандра Неўскага. З прывітальным словам выступілі таксама Андрэй Кузьміч і Вадзім Краўчук.
Пасля гэтага настаяцель Свята-Кірылаўскага прыхода ад імя вернікаў звярнуўся да кіраўніка Брэсцкай епархіі са словамі падзякі за наведванне дабрачыння і сумесную малітву. Айцец Сергій таксама выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто папрацаваў на будаўніцтве храма і прыйшоў на яго асвячэнне ў светлы і радасны дзень, што стаў ужо гістарычным для ўсяго горада і кожнага яго жыхара.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%