Васьмідзясятыя ўгодкі Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне прыкметна абудзілі ў нашых чытачоў жаданне расказаць пра сваіх родных і блізкіх, што змагаліся на франтах, здабываючы сваёй крывёй і потам нашу свабоду.
Напярэдадні светлага юбілею, расквечанага ў колеры Вялікай Перамогі, у рэдакцыю прыйшло пісьмо ад жыхаркі горада-спадарожніка Марыі Гасанавай.
Марыя Барысаўна, якая прысвяціла жыццё выхаванню дзяцей, адшукала шмат кранальных слоў у адрас тых, хто змагаўся за вольны дзень роднай зямлі, усім шчыра пажадала жыць у мірнай краіне, пазбаўленай пакут вайны.
Пра тое, якую вялізную бяду нясе ліхалецце, жанчына ведае не з чужых слоў, бо адносіцца да пакалення, што нарадзілася да 22 чэрвеня 1941 года. Малая радзіма былой настаўніцы – горад Гарадок Віцебскай вобласці, размешчаны паблізу расійскай граніцы. Адсюль пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў свой ваенны паход выправіліся чатыры браты Марозавы: Захар, Якаў, Барыс і Міхаіл – сыны Рыгора Галакціёнавіча і Пелагеі Максімаўны.

Якаў служыў ваенным шафёрам, дайшоў да самага Берліна. І што дзіўна, мабыць, Бог яго моцна бярог: за чатыры гады вайны баец пабываў у розных небяспечных месцах, але ніводнага разу яго не кранулі варожая куля або асколак міны ці снарада. А вось наймалодшаму Міхаілу пашчасціла значна менш. Чырвонаармеец быў вельмі цяжка паранены і вярнуўся дамоў пасля дэмабілізацыі з глыбокімі адмецінамі крывавых баёў. Аднак усё ж малодшага Марозава, як і Захара з Якавам, сустракалі са слязьмі на вачах бацькі. І гэта былі слёзы радасці. Іншыя слёзы яны пралілі па Барысу. Толькі ён (бацька Марыі Гасанавай) стаў адзіным з чатырох братоў, што ў няпоўныя трыццаць гадоў памёр у медсанбаце ад ран, атрыманых у жорсткім баі.
Цяпер дачка ды іншыя яго нашчадкі беражліва захоўваюць сямейныя фотаздымкі, на якіх Барыс Рыгоравіч застаўся назаўсёды маладым. Не, ён не насіў пры жыцці касцюм з гальштукам ды і прычоску меў зусім іншую. Аднак, каб захаваць памяць пра роднага чалавека, перадаць дарагі вобраз нашчадкам, яго жонка пасля вайны заказала ў фатографа гэты пасмяротны партрэт, які беражліва захоўваецца ў сям’і.
Анатоль РОСТАЎ
Фота з сямейнага архіва Марыі ГАСАНАВАЙ
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%