Знайсці згадкі пра кавалера ордэнаў Славы і Айчыннай вайны Канстанціна Уладзіміравіча Кандрацюка (1925 – 1994) у раённай кнізе “Памяць” немагчыма, хоць пражыў ён годнае жыццё, асабліва вызначыўся на палях вайны. На шчасце, памяць захоўваецца не толькі ў кнігах, але і ў нашчадкаў ветэрана з Жабінкі і Масквы. Яны і папрасілі напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі трохі напісаць аб былым воіне, чыё імя ўвекавечана ў вядомым парку “Патрыёт”.

Канстанцін Уладзіміравіч нарадзіўся напрадвесні 1925 года ў вёсцы Залуззе. Калі прыйшло вызваленне, як і тысячы іншых беларусаў, ён устаў пад ружжо. Быў залічаны ў 1263-ці стралковы полк 60-й стралковай Сеўска-Варшаўскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі. У складзе 1-га Беларускага фронту дывізія ішла да перамогі цяжкім крывавым шляхам – праз варшаўскія ўмацаванні ворага.
Наступленне пачалося 14 студзеня 1945 года, і ўжо на наступны дзень разведчык Канстанцін Кандрацюк здзейсніў свой подзвіг. Ва ўзнагародным лісце пра тое сказана наступнае: “Пры прарыве варожай абароны 15.01.1945 г. на поўнач ад Варшавы таварыш Кандрацюк смела і рашуча рынуўся наперад, адным з першых уварваўся ў траншэю праціўніка і ў кароткім рукапашным баі забіў 11 гітлераўцаў. У раёне населенага пункта Акуні Варшаўскага ваяводства ён сутыкнуўся з групай праціўніка. Пасля непрацяглай барацьбы асабіста ўзяў у палон трох нямецкіх салдат”.
Пагэтаму невыпадкова 23 лютага, калі святочная Масква салютавала ў гонар сваіх воінаў, што імкліва рухаліся да перамогі, вызваляючы цэлыя народы і краіны ад нацызму, на грудзях 20-гадовага залуззеўскага хлопца зазіхацеў ордэн Славы ІІІ ступені.
Крыху пазней ён быў таксама ўзнагароджаны медалём “За вызваленне Варшавы”. Аднак свой медаль воін атрымаў ужо ў лазарэце. Яго, параненага пры фарсіраванні Одэра, вывезлі ў Палтаву. Над цяжкімі ранамі байца доўга “варажылі” дактары, але пальцы на правай руцэ Канстанціна Кандрацюка з таго часу засталіся пакалечанымі. Гэтак штодня ліхалецце напамінала аб сабе…
У шпіталі ён сустрэў вестку пра Вялікую Перамогу. А праз месяц чырвонаармейца дэмабілізавалі, і той вярнуўся дамоў да мірнай працы. У гэты час у Залуззі стварылі калектыўную гаспадарку “ХІХ партз’езд”. Ужо ў 1960-я гады, калі ўзбуйняліся калгасы, гаспадарка атрымала назву “Прамень” (сённяшняе ААТ “Жабінкаўскі”). Да самай пенсіі Канстанцін Уладзіміравіч адпрацаваў брыгадзірам. Яго поспехі ў сельскай гаспадарцы не раз знаходзілі прызнанне. Напрыклад, у 1973 годзе Канстанцін Кандрацюк стаў пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва і дэлегатам раённага злёту перадавікоў. Не абыходзілі яго ўзнагароды і да юбілейных дат, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. Калі ў СССР шырока адзначалася саракагоддзе Перамогі, Канстанцін Уладзіміравіч атрымаў ордэн Айчыннай вайны І ступені.
Сэрца ветэрана вайны і працы перастала біцца 5 лютага 1994-га. Аднак справы яго не забытыя і праз тры дзясяткі гадоў.
Вельмі многія жабінкаўцы чулі, а некаторым нават пашчасціла пабываць у горадзе Кубінка Маскоўскай вобласці, дзе працуе Цэнтральны ваенна-патрыятычны парк культуры і адпачынку Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі “Патрыёт”. У гэтым адметным месцы існуе алея Славы. У ёй у інтэрактыўным выглядзе ўвекавечаны вельмі многія тысячы савецкіх байцоў і афіцэраў, што здзейснілі свае подзвігі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Мабыць, на сённяшні дзень адзіны жабінкавец, пра подзвіг якога можна даведацца ў парку “Патрыёт”, – ардэнаносец з вёскі Залуззе.
Вельмі хутка яго прапраўнучка Юля Кандрацюк, якая жыве ў расійскай сталіцы, пойдзе на парад, прыўрочаны да 80-х угодкаў Вялікай Перамогі. Дзяўчынка пакуль толькі ў трэцім класе, але ўжо цудоўна ведае пра жыццё і дзейнасць свайго славутага продка. Нездарма ў святочны дзень у Юліных руках будзе партрэт Канстанціна Уладзіміравіча. І гэта выдатна, што эстафета памяці працягваецца з пакалення ў пакаленне.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з сямейнага архіва Кандрацюкоў
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
