
У жыцці кожны выбірае свой шлях, а бывае, што і сама дарога вызначае лёс. Гэтак лічыць наш зямляк Аляксандр Семянюк – уладальнік нагрудных знакаў “Выдатнік міліцыі” і “Выдатнік ДАІ”. Больш за чвэрць веку ён клапаціўся, каб быў парадак на нашых дарогах. Рабіў сваю справу надзейна і адказна, за тое дасюль мае павагу ад людзей.
Успаміны, успаміны…
Гэты год для Аляксандра Барысавіча напоўнены юбілейнымі датамі. У хаце Семенюкоў заўсёды рады гасцям, асабліва, калі “на агеньчык” пажадаюць зазірнуць былыя саслужыўцы або міліцыянеры, якія зараз у страі. Зусім нядаўна для такой сустрэчы выдалася цудоўная нагода: паважаны Аляксандр Барысавіч адзначаў сваё 70-годдзе. Хоць на двары і стаяў лютаўскі мароз, ды ў доме юбіляра было вельмі цёпла ад шчырых усмешак і віншаванняў. Іх прамаўлялі не толькі жонка Зоя Васільеўна, сыны Сяргей ды Ігар, але й намеснік начальніка Жабінкаўскага РАУС Вячаслаў Дзегцярэнка і Віталь Крупко, які ўзначальвае ў раёне ветэранскую арганізацыю праваахоўнікаў.
У такія моманты воляй-няволяй прыходзяць успаміны. Яны – як верставыя знакі на жыццёвай дарозе. Вось – родны Стрыганец, дзе напрадвесні 1955 года ён прыйшоў у свет. Вёска, чые краявіды і сёння грэюць душу. Альбо – Азяты, куды штодня хадзіў у школу, “па навуку”. Настаўнікі не толькі веды давалі, але і вучылі заўсёды заставацца сапраўдным чалавекам.
Пасля школы Саша атрымаў правы. Да войска шафярыў у саўгасе “Рагазнянскі”, а як паклікала далёка ад роднага парога павестка, надзейна адслужыў у Калінінградскай вобласці, ахоўваючы рубяжы Савецкай краіны. Паўвека таму вярнуўся дамоў і з таго часу раз і назаўсёды звязаў сваё прафесійнае жыццё з Дзяржаўтаінспекцыяй. У самым пачатку 1976 года ў Брэсце ствараўся ўзвод абласнога ДАІ, і Аляксандр Семянюк ахвотна далучыўся да шэрагаў ахоўнікаў нашых дарог. Адначасова завочна ён скончыў школу міліцыі ў Саратаве.
Новы этап біяграфіі распачаўся сорак год таму. У 1985-м Аляксандр Барысавіч вярнуўся на малую радзіму. Начальнік райаддзела міліцыі Аляксей Клімчук запрасіў здольнага супрацоўніка на працу ў жабінкаўскую Дзяржаўтаінспекцыю.
Аляксандр Семянюк служыў верай-праўдай, прайшоў, лічы, усе прыступкі кар’ернай лесвіцы аж да начальніка ДАІ. Яго служба шмат разоў адзначалася на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Нездарма ў асабістай скарбонцы ўзнагарод Аляксандра Барысавіча – медалі “За бездакорную службу” ІІІ і ІІ ступеняў, нагрудныя знакі “Выдатнік міліцыі” і “Выдатнік ДАІ”.
Аляксандра Семенюка заўсёды вызначалі прафесіяналізм і чалавечнасць. Пад гэтымі словамі і сёння гатовы падпісацца тыя, каму пашчасціла з ім служыць на карысць людзей і дзяржавы.
Чакаць і верыць
Дарога без прыгод не бывае. Асабліва наш герой адчуў гэта ў неспакойныя дзевяностыя гады. Тады працаваць было вельмі няпроста. Цяпер згадвае, як часам жабінкаўскія міліцыянеры спынялі цэлыя фуры з кантрабандным спіртам, які зламыснікі спрабавалі пераправіць з Украіны. Часам інспектарам ДАІ даводзілася і днём, і ноччу знаходзіцца ў засадзе. Нярэдка злодзеі спрабавалі аб’ехаць аўтатрасу М1 і пункт дарожных збораў у Федзькавічах. Абіралі для гэтага абходны шлях праз Ракітніцу, Стрыганец, Азяты. Яны спадзяваліся на поспех, ды на іх злачынных махінацыях ставілі крыж нашы праваахоўнікі.
Жонка Зоя Васільеўна ўспамінае:
– За сорак пяць гадоў, што мы разам, рознае бывала. Памятаю, Саша звоніць: “Хутка буду, налівай суп”. Я згатую, налью, чакаю… суп стыне… А муж не прыязджае – няма калі, зноў на заданні… Так не раз здаралася: калі ў яго трывога, дык усім дамашнім – пад’ём! Саша на заданні, а мне не спіцца. Тэлефонаў мабільных тады і блізка не было. Ты чакаеш, хвалюешся, думаеш: толькі б усё добра скончылася. І ўявіце, якая радасць, якое шчасце, калі муж пераступае парог, задаволены, хоць і стомлены, ды гаворыць з усмешкай: “Падагравай суп!”
Пасяліўся ў сэрцы Зоі Васільеўны неспакой і летам 1986 года, калі муж у ліку першых жабінкаўцаў выправіўся ў камандзіроўку ў Чарнобыльскую зону. Але было сказана: “Неабходна…”. І ён адказаў па-ваеннаму, па-афіцэрску: “Ёсць!” А ёй заставалася, як заўжды, чакаць і верыць ды гадаваць маленькіх сыноў.
“Буду, як тата”
Сыны бачылі ўсё, аднак бацькаў прыклад аказаўся “заразным”. Некалі яны гаварылі: “Буду, як тата”. Калі час прыйшоў, абодва апранулі форму з пагонамі.
Старэйшы сын – прапаршчык унутранай службы Сяргей Семянюк – зараз служыць у радах агняборцаў. А малодшы – маёр міліцыі Ігар Семянюк, падобна бацьку, звязаў лёс з раённым аддзелам унутраных спраў, працуе старшым дзяжурным у Жабінкаўскім РАУС.
Сыны стварылі сем’і, падаравалі бабулі і дзядулю ўнукаў. У Сяргея і Тані – сын і дачка. У Ігара і Валі – таксама. Найстарэйшы ўнук Кірыл вучыцца ва ўніверсітэце і працуе на “Белтэлекаме”. Яго сястра Вераніка летам развітаецца са школай, хоча ў далейшым звязаць лёс, як бабуля Зоя, з харчовай прамысловасцю. Ігараў сын Арцём захапляецца спортам, жадае быць моцным і мужным. Наймалодшая ўнучка Арынка не-не ды заявіць: “Буду, як тата”. Канечне, дзіцячыя словы далёка не заўжды спаўняюцца. Ды галоўнае, што маленькая дзяўчынка марыць, бо з нашых мар складваецца жыццёвая дарога. А пакуль, гавораць Зоя Васільеўна і Аляксандр Барысавіч, няхай расце разумнай, баявой і здаровай.
Наша сустрэча адбылася напярэдні Дня міліцыі, пагэтаму ветэран пажадаў усім, хто стаіць на варце спакою жабінкаўцаў і ўсёй нашай Беларусі, мірнага неба над галавой, поспехаў, моцнага здароўя родным-блізкім.
– Гэта самае галоўнае, што прыносіць шчасце чалавеку.
Ён усміхнуўся. І гэта была ўсмешка шчаслівага чалавека.
Анатоль РОСТАЎ
Фота з сямейнага архіва Семенюкоў
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%