
Мы з нецярплівасцю чакалі 23 лютага, каб выказаць добрыя словы ў адрас мужчын і асабліва павіншаваць тых, хто ў шэрагах беларускага войска належным чынам служаць Айчыне. Такія віншаванні, бясспрэчна, атрымаюць ад родных і блізкіх тры старасельскія хлопцы: Уладзімір Шаўчэнка, Сяргей Зінкевіч і Генадзь Вантух.
Падобныя сямейныя гісторыі
Напярэдадні свята нашы шляхі-дарогі перакрыжаваліся з Сяргеем Зінкевічам. Ён расказаў і пра сябе, і пра аднагодкаў-землякоў, што зараз праходзяць службу ў 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе.
А яшчэ прыгадаў сваякоў, якіх і праз доўгія гады ўспамінаюць у сям’і з цеплынёй і скрухай. Бо ў часы Вялікай Айчыннай вайны яны самааддана выканалі свой вайсковы абавязак. Адзін Сяргееў прадзед – Канстанцін Зінкевіч – вярнуўся з вайны. Другі – чырвонаармеец Фёдар Кацюбка – склаў галаву ў баі ў верасні 1944 года, праз месяц, як пакінуў родны дом. Жонка Параскева Ігнацьеўна хутка атрымала пахавальны ліст. А праз лічаныя месяцы ў Старое Сяло прыйшла і другая сумная навіна: на варшаўскім напрамку загінуў малодшы Фёдараў брат гвардзеец Міхаіл Кацюбка.
Калі я пачуў пра дату яго гібелі і месца пахавання, міжволі згадаў іншага гвардзейца – майго дзеда Мацвея Бензерука. Абодва – стараселец і стрыганчук – склалі галовы ў жорсткім баі 14 студзеня 1945 года і знайшлі свой апошні спачын на вайсковых могілках у польскім горадзе Гарволін. Як некалі пісаў паэт Рыгор Віеру:
– Ці ёсць родзічы за мяжою?
– Так, бацька. Пахаваны
ў чужой краіне ў 45-м…
Служба Радзіме – у пашане
Служба Радзіме ў сям’і Сяргея Зінкевіча ў пашане і ў мірны час.
Яго бацька пасля арміі звязаў лёс з адказнай і адважнай справай выратавальніка. Службу агняборца Аляксандр Міхайлавіч завяршыў начальнікам пажарнага аварыйна-выратавальнага паста “Азяты” ў званні прапаршчыка.
Калі перад вачыма быў такі аўтарытэтны прыклад, воляй-няволяй яшчэ ў школьную пару наш суразмоўца загарэўся жаданнем служыць у родным беларускім войску. Армейскую форму Сяргей Зінкевіч апрануў ужо падрыхтаваным. У Жабінкаўскім ліцэі юнак, які цікавіўся дакладнымі навукамі, выбраў фізіка-матэматычны профіль. А затым у Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэце ў разы памножыў веды і атрымаў дыплом інжынера-праекціроўшчыка.
Восенню 2022 года стараселец быў прызваны ў армію. Пасля васьмі месяцаў тэрміновай службы юнак атрымаў прапанову перавесціся на кантракт у роту матэрыяльнага забеспячэння славутай 38-й брыгады.
За гэты час Сяргей Аляксандравіч не раз вызначаўся па службе. Ён паказаў сябе надзейным байцом, што клапоціцца пра бесперабойнае забеспячэнне палівам свайго вайсковага фарміравання. Зараз старшы сяржант Зінкевіч узначальвае аддзяленне. Ён на добрым рахунку, таму рыхтуецца стаць у перспектыве намеснікам камандзіра ўзвода.
Камандзір роты старшы прапаршчык Дзмітрый Пратасавіцкі характарызуе Сяргея Аляксандравіча выключна са станоўчага боку:
– Можна быць заўсёды ўпэўненым: усялякая задача, пастаўленая перад Сяргеем Зінкевічам, будзе выканана найлепшым чынам і ў кароткія тэрміны.
У 2023 годзе ў нашага суразмоўцы здарыліся дзве прыемныя сустрэчы. Да дзясятага класа ён вучыўся ў тагачаснай Старасельскай базавай школе, а разам з ім – сябры: Гена Вантух ды Валодзя Шаўчэнка. Хлопцы скончылі дзевяцігодку, і шляхі іх разышліся. Сяргей стаў ліцэістам, а Генадзь з Уладзімірам паступілі ў Драгічынскі дзяржаўны аграрны каледж.
І вось цяпер іх жыццёвыя дарогі зноў сталі агульнымі: сябры-таварышы сустрэліся ў 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе, каб разам служыць Радзіме. Можна толькі ўявіць, якое прыемнае здзіўленне і радасць былі ў кожнага з іх пры першым спатканні праз гады.
Генадзь Вантух па Сяргеевым прыкладзе адразу вырашыў падпісаць кантракт і цяпер служыць пад началам былога аднакласніка. Генадзь ужо праявіў сябе з найлепшага боку, стаў яфрэйтарам, альбо, як прынята гаварыць, выдатным салдатам.
Уладзімір Шаўчэнка, у сваю чаргу, быў залічаны ў адзін з батальёнаў, дзе таксама спраўна аддае свой вайсковы доўг Радзіме, выконвае, як належна, задачы, пастаўленыя камандзірамі. Ужо па вясне яго чакае звальненне ў запас, аднак навыкі і веды, набытыя ў арміі, будуць яму карыснымі і ў грамадзянскім жыцці.
А якім бачыць сваю будучыню наш герой?
Некалі казалі: “Дрэнны той салдат, што не спадзяецца стаць генералам”. Вядома, такіх амбіцыйных планаў Сяргей Зінкевіч не мае. І ўсё ж марыць некалі апрануць пагоны з зоркамі і паўтарыць услед за героем легендарнага фільма “Афіцэры”: “Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць”.
Для юнака са Старога Сяла спалучэнне слоў “абаронца Айчыны” – не проста прыгожая фраза. Яна напоўнена вялікім сэнсам. У важнай справе быць абаронцам Сяргей Аляксандравіч адчувае сваё наканаванне. Пагэтаму шчыра хоча прысвяціць жыццё далейшай службе на карысць роднай Беларусі і спакою яе грамадзян.
Напярэдадні святочнага Дня абаронцы Айчыны наш зямляк і яго таварышы выказваюць свае віншаванні:
– Хочацца ўсім – незалежна ад звання, пасады і справы, якімі вы займаецеся, – пажадаць мірнага неба над галавой. Зычым кожнаму заўсёды заставацца сапраўдным чалавекам, быць карысным і адказным за сябе і тых, хто побач. Са святам!
Анатоль РОСТАЎ
Фота з сямейнага архіва Сяргея ЗІНКЕВІЧА
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%