Аўтограф на Рэйхстагу: гісторыя маладога байца з Беларусі, які дайшоў да Берліна

У свой вайсковы паход Аляксандр Юсцінавіч Завяржэнец (1926 – 2016) выправіўся ў сямнаццаць гадоў. У складзе Першага Украінскага фронту ён ішоў галоўным накірункам вызвалення, на Берлін. Малады баец з вёскі Канатопы дайшоў да Перамогі і пакінуў свой подпіс на Рэйхстагу.

Ён нарадзіўся ў канцы лета 1926 года. 7 жніўня 1944-га, калі юнак пераступіў парог ваенкамата, да поўных васямнаццаці год яму не хапала пару тыдняў, але пра тое Саша не сказаў. Ён настойліва прасіўся на фронт, бо насіў у сэрцы прагу помсты за родных людзей. Старэйшы брат Фядос, прызваны ў армію яшчэ ў сорак першым, знік бясследна ў першы месяц вайны. Яго ўдава Параска перажыла мужа на год і таксама знікла ў агні-полымі. Гэта адбылося 11 верасня 1942 года, калі згарэла з людзьмі вёска Драмлёва.

Ваенкам зразумеў пачуцці юнака, які рваўся на фронт, каб граміць ворага. Аднак спачатку Аляксандра Завяржэнца і яго землякоў Мікалая Ярашука, Івана Дарапіевіча і Івана Барысевіча чакала вучэбка ў горадзе Луга пад Ленінградам.

Бацькі-камандзіры гаварылі:

– Яшчэ баёў на ваш век хопіць, а калі не асвоіце добра вайсковую навуку, не дажывяце да перамогі…

Дажыць хацелася, было моцнае жаданне дайсці да самага варожага логава. Таму малады баец старанна засвойваў азы той самай навукі, патрэбнай у баі. Праз лічаныя месяцы Аляксандр Завяржэнец стаў разведчыкам 1256-га цяжкага гаўбічнага артылерыйскага палка.

У студзені і лютым 1945-га Першы Украінскі фронт пад камандаваннем Маршала Савецкага Саюза Івана Конева паспяхова правёў Сандамірска-Сілезскую аперацыю. Пачалася падрыхтоўка да рашучага наступлення, у якім былі задзейнічаны сілы трох франтоў: Першага Украінскага, Першага і Другога Беларускіх. У поўдзень 25 красавіка Чырвоная Армія замкнула круг вакол нямецкай сталіцы.

– За чатыры дні, з 29 красавіка па 2 мая, наш полк, які ўваходзіў у 179-ю цяжкую гаўбічную артылерыйскую дывізію, дайшоў з баямі да Берліна, – успамінаў пазней ветэран. – Гітлераўцы ўпарта супраціўляліся, сваім інтэнсіўным агнём перашкаджалі нашым штурмавым групам і атрадам наступаць па вуліцах. Мы вялі цяжкія вулічныя баі і імкнуліся хутчэй дабрацца да самага галоўнага фашысцкага ката – Гітлера. І тады, верылі мы, будзе канец вайне і нашым ахвярам.

Берлінская аперацыя патрабавала вялікіх сіл, і ўсё ж у першыя майскія дні гітлераўскае супраціўленне было зломлена, а затым падпісаны Акт капітуляцыі нацысцкай Германіі, што азначала завяршэнне Вялікай Айчыннай вайны.

На той час над Рэйхстагам ужо лунаў сцяг Перамогі. На будынку германскага парламента і ў яго памяшканнях пачалі з’яўляцца надпісы-графіці. Іх пакідалі савецкія салдаты і афіцэры. Адзін з аўтографаў – “Руінамі Рэйхстага задаволены” – дзякуючы кінафільму пра вайну “У бой ідуць толькі “старыя” стаў пазней шырока вядомым. Гэту фразу напісаў баец з Башкірыі Арсен Юрлоў. А баец з Беларусі, наш зямляк Аляксандр Завяржэнец, пакінуў толькі свае імя і прозвішча.

За ўдзел у штурме сталіцы павержанага Рэйху полк, у якім ён служыў, атрымаў ордэн Багдана Хмяльніцкага і ганаровую назву “Берлінскі”. А на грудзях байца зазіхацеў медаль “За ўзяцце Берліна”.

Праз дзень пасля афіцыйнага заканчэння вайны 1256-ы цяжкі гаўбічны артылерыйскі полк быў выведзены з германскай сталіцы. Стала вядома, што не ўсе гітлераўцы склалі зброю. Асабліва ўпарта працягвала баявыя дзеянні групоўка ў Чэхаславакіі. Савецкія артылерысты, сярод якіх быў і Аляксандр Юсцінавіч, накіраваліся пад горад Хомутаў, дзе прымусілі ворага скласці зброю.

Пасля вайны Аляксандр Завяржэнец не адразу вярнуўся дамоў, яшчэ некалькі гадоў ён праходзіў тэрміновую службу. У 1985 годзе, калі ў Савецкай краіне адзначалася саракагоддзе Вялікай Перамогі, ветэран атрымаў ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені.

Ён пражыў 90 гадоў. Нярэдка выступаў на мітынгах у Дзень Перамогі і з нагоды трагедыі “вогненнай вёскі” Драмлёва. Дом з чырвонай зоркай, якая сведчыла, што ў ім жыве былы франтавік, часта наведвалі школьнікі. У сваіх успамінах Аляксандр Юсцінавіч міжволі вяртаўся ў пераможны сорак пяты год і расказваў маладым пра вайсковыя будні, баявых сяброў і аўтограф, пакінуты на Рэйхстагу.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з архіва аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.