80 гадоў Велікай Перамогі. Амерыканец з Хмялёўкі, альбо Кавалер двух ордэнаў Славы 

У час, калі Беларусь набліжаецца да 80-годдзя Вялікай Перамогі, раскажам пра землякоў, вартых нашай памяці і “Галерэі Пераможцаў”. Агнявымі дарогамі вайны прайшлі каля дзвюх тысяч жабінкаўцаў. Некаторым з іх прысвяцім публікацыі ў раёнцы. Сённяшні расказ – пра Івана Емяльянавіча Макарэвіча (1916 – 1996), які вярнуўся з вайны ардэнаносцам.

У яго пашпарце было пазначана незвычайнае месца нараджэння – горад Дэтройт, ЗША. Яшчэ ў час імперыялістычнай вайны бацькі з’ехалі за акіян, там і прыйшоў на свет старэйшы сын, якому далі імя Іван. Аднак тату не ўсё падабалася ў амерыканскай рэчаіснасці, і за ўдзел у забастоўцы палешука з сям’ёй дэпарціравалі дамоў. Вярнуліся Макарэвічы ў родную Хмялёўку ў 1921 годзе, калі тут была ўжо Польшча.

Як Іван падрос, далучыўся да барацьбы за ўз’яднанне беларускага народа, спрабаваў разам з сябрам перайсці мяжу з Савецкім Саюзам, але быў схоплены пагранічнікамі і трапіў у турму. Са зброяй у руках Іван Макарэвіч у складзе польскага войска восенню трыццаць дзявятага года змагаўся супраць гітлераўцаў. Тады не ведаў, што гэта не апошняя яго вайна.

Пасля ўз’яднання Беларусі нядоўгім было мірнае жыццё на нашай зямлі. 22 чэрвеня 1941-га яго перакрэсліла вайна, якая стала сапраўды Вялікай Айчыннай. Адразу пасля вызвалення Жабінкаўшчыны Іван Емяльянавіч зноў апрануў салдацкі шынель і ў складзе І Беларускага фронту выправіўся ў свой новы вайсковы паход. У жніўні 1944 года гвардзеец з Хмялёўкі стаў адлічваць баявыя вёрсты на захад. Побач быў малодшы брат Аляксандр. Але 14 студзеня 1945 года братоў разлучыла вайна: у баі за польскую вёсачку, якую нават цяжка пабачыць на карце, Саша быў смяротна паранены асколкам. Помсцячы за роднага чалавека, Іван у ліку першых уварваўся ў траншэю і няспынна касіў з аўтамата немцаў. Як сцішыўся бой, камандзір у рапарце падлічыў: паляшук за аднаго роднага паклаў 11 ворагаў. За той подзвіг баец 246-га гвардзейскага стралковага палка 23 лютага, у Дзень Савецкай арміі і флоту, атрымаў свой першы ордэн Славы ІІІ ступені. А яшчэ на памяць пра той бой засталося раненне.

Не паспела канчаткова загаіцца нага, як Івана выклікалі ў штаб. Ён ведаў нямецкую мову, а таму патрабавалася яго дапамога, каб дапрасіць палоннага. Той расказаў пра ўмацаванні Форта №5 пад Познанню і ўзбраенне гітлераўцаў. Каб пазбегнуць кровапраліцця, малодшы лейтэнант Сініцын вырашыў паслаць да немцаў парламенцёра. Зірнуўшы на Макарэвіча, камандзір загадаў:

– Іване, пойдзеш ты.

Ён ішоў і адчуваў, што кожны крок можа стаць апошнім, а так не хацелася паміраць, калі да перамогі заставаліся лічаныя месяцы… І раптам супакоіўся, бо адчуў, што за яго спінай – уся моц непераможнай Чырвонай Арміі. Форт насцярожана маўчаў, маўчалі яго гарматы, насустрач парламенцёру выйшаў обер-лейтэнант.

– Мы складзем зброю, – сказаў ён, – калі выканаеце дзве ўмовы: не будзеце расстрэльваць нашых салдат і афіцэраў і самі як баец Чырвонай Арміі першым скажаце пра тое маім салдатам.

Малодшы лейтэнант Сініцын, з якім звязаўся савецкі баец, гарантаваў абаронцам форта не толькі захаваць іх жыцці, але і аказаць медыцынскую дапамогу. А сам Іван пачуў ад камандзіра:

– Малайчына, баец!

І гэта была вялізная ўзнагарода, а яшчэ ў штаб быў накіраваны ўзнагародны ліст на Івана Макарэвіча, які атрымаў ордэн Славы ІІ ступені.

Імкліва набліжалася перамога. За дзесяць дзён да капітуляцыі Іван Емяльянавіч прапаў без вестак у Берліне. З вайсковай часці ў маленькую Хмялёку прыляцеў пахавальны ліст. Аднак жонка Марыя не верыла, што няма ўжо яе Івана. Яе вера і каханне, мабыць, дапамаглі: ён адшукаўся ў медсанбаце – цяжка паранены, але жывы…

Пасля дэмабілізацыі кавалер двух ордэнаў Славы настаўнічаў у вёсцы Жыцінь, зусім побач ад роднай Хмялёўкі. Адразу пасля вайны некалькі гадоў выкладаў хлопчыкам і дзяўчынкам нямецкую мову і не раз расказваў ім, як веданне мовы можа дапамагчы нават крэпасць узяць без бою.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота з архіва аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.