“Я і мама ў аб’ектыве!”

Пад такой назваю РК ГА “БРСМ” арганізаваў фотаконкурс, прысвечаны Дню маці. Гэта добрая магчымасць праявіць творчыя здольнасці, а таксама яшчэ раз нагадаць матулі пра сваю любоў. Да 12 кастрычніка раённы камітэт аб’яднання прымаў ад моладзі Жабінкаўшчыны фотаздымкі і заяўкі для ўдзелу ў конкурсе. Усе дасланыя работы змешчаны для галасавання ў групе “Моладзь Жабінкаўшчыны” ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Яно праходзіць з 13 па 17 кастрычніка, таму кожны жадаючы можа падтрымаць таго ўдзельніка, чый фотаздымак спадабаўся больш за іншыя. Тры пераможцы, што заваююць найбольшую колькасць галасоў, атрымаюць падарункі ад РК ГА “БРСМ”. Вынікі фотаконкурсу будуць змешчаны ў групе 18 кастрычніка.

Прышчэпачная кампанія ў разгары

Да 1 снежня на Жабінкаўшчыне праходзіць прышчэпачная кампанія супраць грыпу. Плануецца, што да яе заканчэння вакцынацыю пройдуць 40 % жыхароў раёна, а таксама 75 % пацыентаў з хранічнымі захворваннямі. На 12 кастрычніка прышчапіліся 900 чалавек. Актыўна вакцынуюцца супрацоўнікі школ і дзіцячых садоў, таксама ўжо 80 % медработнікаў прынялі ўдзел у кампаніі. Сярод работнікаў ПМК-19 прышчапіліся 26 чалавек, з Жабінкаўскай сельгастэхнікі – 49, звярнуліся па вакцынацыю ў паліклініку работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і свінакомплексу “Сычова”. Штогод у прышчэпачнай кампаніі актыўна ўдзельнічаюць педагогі Жабінкаўскай школы-інтэрната. Звяртаюцца ў паліклініку з мэтай вакцынацыі пажылыя людзі і цяжарныя жанчыны, прыходзяць цэлымі сем’ямі, бо ведаюць, што гэта надзейны і бяспечны спосаб засцерагчыся ад грыпу.

Наймальнікі і прафсаюзы знаходзяць разуменне

Адбылося пасяджэнне раённага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі райвыканкама, наймальнікаў і прафсаюзаў, што летась заключылі раённае пагадненне аб узаемадзеянні. Актыўнае абмеркаванне ў час сустрэчы выклікаў даклад намесніка галоўнага ўрача Жабінкаўскай ЦРБ Іосіфа Арлаўца, што тычыўся мераў па зніжэнні колькасці дзён, калі працаўнікі знаходзіліся на бальнічным. Прыняты да ведама справаздачы начальніка аддзела працы і занятасці ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама Марыны Кірылюк і старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніны Калыбскай. Канструктыўная работа савета засведчыла: наймальнікі і прафсаюзы знаходзяць узаемаразуменне ў вырашэнні пытанняў абароны правоў працаўнікоў.

Пасажыры, будзьце ўважлівыя!

За дзевяць месяцаў адзначаецца рост колькасці крадзяжоў, здзейсненых у цягніках, што курсіруюць па ўчастку абслугоўвання Брэсцкага АУСТ. Адбылося 14 злачынстваў (на 4 больш, чым летась) па лініі крымінальнага вышуку. Дарэчы, усе злачынствы, якія мелі месца ў рухомых саставах, – гэта крадзяжы асабістай маёмасці пасажыраў.
Асаблівую занепакоенасць у гэтым плане выклікае цягнік міжрэгіянальных ліній № 657 “Віцебск – Брэст”, дзе сёлета адбыліся тры такія крадзяжы. Злачынцаў у першую чаргу цікавяць ноўтбукі, планшэты, мабільныя тэлефоны, грашовыя сродкі і дакументы, асабістыя рэчы.
З мэтай прафілактыкі крадзяжоў асабістай маёмасці пасажыраў і забеспячэння правапарадку ў цягніках міжнародных і міжрэгіянальных зносін з 17 па 21 кастрычніка на ўчастку абслугоўвання аддзела будзе праведзены спецыяльны комплекс мерапрыемстваў “Пасажыр”.

Перамогі лёгкаатлетаў у Ляхавічах

Нядаўна ў Ляхавічах адбыўся XII адкрыты турнір па лёгкай атлетыцы на прызы майстра спорту міжнароднага класа, чэмпіёна Еўропы Генадзя Валюкевіча. У спаборніцтвах паспяхова паўдзельнічалі выхаванцы СДЮШАР Жабінкаўскага раёна. Так, Данііл Трыфанаў перамог у скачках у даўжыню і заняў трэцяе месца ў забегу на 600 метраў. “Срэбра” ў трайным скачку і ў скачку з месца заваявала Ганна Крывец. Такі ж вынік і ў Сцяпана Зверава ў бегу на 300 метраў. У Юліі Карпінчук – трэцяе месца ў штурханні ядра. Пераможцы турніру ўзнагароджаны дыпломамі, медалямі, а таксама грашовымі прызамі.

Popularity: 1%