Наша сённяшняя гераіня Рыма Сарока вельмі ўзрадавалася, калі літаральна за пяць хвілін да Новага года даведалася, што 2026-ы абвешчаны Годам беларускай жанчыны. Так, менавіта прадстаўніцы прыгожага полу нясуць святло і цеплыню, неабходныя для з’яўлення і падтрымання жыцця на Зямлі, а таму патрабуюць да сябе асаблівай павагі і пяшчоты.

Рыма Сарока працуе ў банку, аднак цудоўна ведае: навокал існуюць рэчы, якія ніякімі грашыма або залатымі зліткамі не аплоціш, а зберагае гэтыя сапраўдныя багацці жанчына – захавальніца сямейнага агменю.
Рыміны бацькі пераехалі з расійскай глыбінкі, калі дзяўчынка была зусім яшчэ маленькай, таму краіну пад белымі крыламі лічыць галоўнай у сваім жыцці.
– Як час прыйшоў, усе мае карані пераехалі ў Беларусь, –прызнаецца наша суразмоўніца, і шчырая ўсмешка кранае яе вусны. – Тут мая сям’я прыжылася, лепшага краю для сябе ўжо і не ўяўляю.
Дзяўчына надзвычай любіла літаратуру, а таму пасля заканчэння ў Бабруйску васьмі класаў, скіравалася па навуку ў Магілёў, дзе паступіла ў бібліятэчны тэхнікум.
У гэты час у жыцці адбыліся змены, што прымусілі сэрца часцей біцца ад самага цёплага чалавечага пачуцця. Як часта ў жыцці бывае, вырашальным стаў просты выпадак. Рыма прыехала пагасціць у Жабінку да сяброўкі Галіны, з якой вучылася разам у тэхнікуме. Там і адбылася лёсавырашальная сустрэча з будучым мужам Анатолем. Ён таксама завітаў у госці. На гэтым незапланаваным спатканні позіркі маладых раптоўна сустрэліся. У гэтае імгненне яны зразумелі, што проста павінны быць разам. Інакш у жыцці і быць не можа – дзеля жыцця на зямлі!
Цэлы год юнак у любую пару года амаль кожны тыдзень праз усю Беларусь ездзіў у Магілёў, каб пабачыцца з каханай. Толькі ў адзін бок цягнік ішоў чатырнаццаць гадзін. А для Анатоля гэты час не быў перашкодай, бо набліжаў з кожнай хвілінай чарговае спатканне з Рымай. Затое якой доўгай здавалася адваротная дарога, што разлучала маладых людзей.
Вынік спатканняў быў прадказальным. У вельмі спякотны жнівеньскі дзень 1992 года Рыма і Анатоль абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі і пакляліся ў вернасці. І клятве гэтай застаюцца вернымі і па сённяшні дзень вось ужо 33 гады, што адпавядае каменнаму (а часам клубнічнаму) вяселлю.
Вынікам іх шчырага кахання сталі тры сыны. Увогуле, так сталася, што лічбы 3 і 33 – шчаслівыя для Рымы Сарокі. Яна з пяшчотай гаворыць пра кожнага з сыноў. Старэйшы Юрый падараваў матулі вельмі доўгачаканага, а таму надзвычай любімага ўнука Ромку, якому праз пару тыдняў будзе тры гады. Другі сын – выратавальнік, разам з таварышамі дапамагае арганізацыям і людзям у складаных сітуацыях. А трэці сын Сярожа пакуль васьмікласнік. Яго любімыя прадметы матэматыка і фізкультура. Нездарма, хоць толькі год займаецца боксам, ужо дэманструе неблагія вынікі, заслугоўвае пахвалы ад трэнера.
Наша гераіня вось ужо 33 гады дэманструе вернасць і ў працы. Дзеля таго, каб стаць часткай калектыву аднадумцаў “Белаграпрамбанка”, якія шчыруюць у доме №4 па вуліцы Савецкай, Рыма Сарока адвучылася ў Пінскім улікова-крэдытным тэхнікуме.

Такі далейшы шлях выбраны невыпадкова. Яго падказала паважаная свякроў Любоў Сарока. Любоў Сцяпанаўна карысталася вялізным аўтарытэтам, бо з любоўю больш за сорак гадоў адпрацавала на адным месцы і пасадзе – галоўным бухгалтарам “Белаграпрамбанка”. Яе цудоўны прыклад у працы пэўным чынам натхніў нявестку, якая вырашыла таксама звязаць свой лёс з гэтай банкаўскай установай.
Каб памножыць свае веды, Рыма Сарока 33 гады таму паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. Асаблівы ўплыў на яе аказала кандыдат эканамічных навук Ірына Гранік. Ірына Міхайлаўна займальна чытала лекцыі, абапіралася на шматлікія жыццёвыя прыклады. Увогуле, чалавек яна вельмі цікавы, аўтар кніг па эканоміцы. Такія выкладчыкі дазволілі студэнтцы адчуць сябе сапрадным адукаваным прафесіяналам.
У банку яна пачынала працу касірам, а цяпер – на пасадзе вядучага спецыяліста. Даводзіцца працаваць са шматлікімі кліентамі, з банкаўскімі плацежнымі карткамі, крэдытамі для фізічных асоб, у тым ліку на нерухомасць, спажывецкія патрэбы, тавары айчынных вытворцаў, на развіццё асабістай падсобнай гаспадаркі і набыццё аўтамабіляў BELGEE i GEELY. Акрамя таго, Рыма Сарока афармляе ўклады ды прыцягвае людзей пенсійнага ўзросту на абслугоўванне па банкаўскім пакеце “Забота”. Не дзіўна, што ў свой адрас наша гераіня чуе выключна цёплыя словы ад кліентаў і калег.
– Рыма Сарока – сапраўдны твар нашага банка, – упэўнена гаворыць начальнік аддзела рознічнага продажу Алена Чыжэвіч. – Як сумленнага і адказнага чалавека, сапраўднага прафесіянала сваёй справы, яе ведаюць шматлікія банкаўскія кліенты не толькі ў горадзе-спадарожніку, але і ў раёне.
Шмат часу і сіл наша суразмоўніца аддае сваёй любімай справе, і яны ацэненыя кіраўніцтвам. Нездарма імя Рымы Сарокі ўпрыгожвала Дошку гонару рэгіянальнай дырэкцыі ААТ “Белаграпрамбанк”. Гэта прызнанне добрасумленнай працы ў банкаўскай сістэме і прафесіяналізму.
У Год беларускай жанчыны яна жадае сяброўкам дабрабыту, міру і згоды ў сям’ях, а яшчэ – любіць сябе і заставацца каханымі!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ
Popularity: 1%









