Ціха, амаль непрыкметна жыве ў нашым горадзе жанчына залатога ўзросту. Бадай, мала хто знае, што Ніна Канстанцінаўна Сідаровіч – апошняя жыхарка горада-спадарожніка, уганараваная высокім званнем “Заслужаны настаўнік БССР”.

“Заслужыла – трымай!”
Ва ўсе вякі жыхары жабінкаўскай зямлі цягнуліся да навук, бо ведалі: у ведах сіла і паратунак. Былі сярод землякоў і тыя, хто не толькі вучыліся, але і выдатна вучылі. За тое, што яны цудоўна абраблялі педагагічную ніву, сеялі разумнае, добрае, вечнае, атрымоўвалі заслужаную пашану, у тым ліку і ганаровае званне “Заслужаны настаўнік БССР”. Дасюль з павагай згадваем іх імёны, занесены ў раённую кнігу “Памяці”: Паліна Мяфодзьеўна Анічэнка, Мікалай Арцёмавіч Кавальчук, Марыя Архіпаўна Кавалёва, Валянціна Афанасьеўна Талокіна, Ганна Аляксееўна Сяльскова, Вера Віктараўна Секяржыцкая і Дзмітрый Раманавіч Дошчык.
Нараджэнец Хмелева Дзмітрый Дошчык быў дырэктарам у Камянецкай школе №2, дзе, акрамя яго, працавалі яшчэ дзве заслужаныя настаўніцы – Кацярына Андраюк і Ніна Сідаровіч. Сюды Ніна Канстанцінаўна прыйшла маладой дваццацігадовай дзяўчынай. Расціла дзяцей і сама расла, набіралася вопыту, а душэўнасць у яе і так ад прыроды была закладзена.
Сваю высокую ўзнагароду выдатны педагог атрымала 55 гадоў назад – 2 кастрычніка 1970-га. Па яе паехала ў Брэст. Вядома, хвалявалася. Настаўніцы пачатковых класаў было лягчэй-прасцей некалькі адкрытых урокаў даць, чым слухаць пахвальбу ў свой адрас. Яна шчыра лічыла, што не заслужыла, нават адмовіцца спрабавала. Ды ў абласным упраўленні адукацыі катэгарычна сказалі:
– Тады сама і вязі назад у Мінск, да самога міністра. Заслужыла – трымай!
Аказалася, што на гэтым сюрпрызы не скончыліся. Разам з высокім званнем і ганаровым знакам “Заслужаны настаўнік БССР” Ніну Сідаровіч чакала яшчэ адна ўзнагарода – медаль “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна”.
Такога высокага прызнання сваёй звычайнай, як яна лічыла, працы Ніна Канстанцінаўна яўна не чакала і была глыбока ў душы ўдзячная бацькам, якія далі ёй жыццё.
Жыццё яе шматколернае
Памяць пра маму і тату дасюль жывая, хоць шаноўная жанчына ўжо стаіць на парозе свайго 90-годдзя. У яе жыцці было многа рознага: і суквецці дзіцячых усмешак, і слёзы ад горкіх успамінаў…

21 чэрвеня 1941 года дзяўчынцы споўнілася пяць гадоў. А на наступны дзень самі ведаеце, што пачалося: скончылася мірнае жыццё. Нават само жыццё ледзь не скончылася…
У родную вёску Пескі на Пружаншчыне праз месяц увайшлі карнікі і пакінулі пасля сябе папялішча. Бацькі Аляксандра і Канстанцін Пашко з трыма дзецьмі засталіся бяздомнымі і знайшлі прытулак у суседнім сяле Красным. А роўна праз год у сенакос, калі сялян клікалі на працу духмяныя лугі, здарылася новая бяда, непапраўная.
На самым золку ў Краснае завіталі нечаканыя ўзброеныя “госці”. Немцы хутка накінулі лацуг на вёску, сталі выганяць на вуліцу мужчын. І цяпер праз слёзы Ніна Канстанцінаўна бачыць, як тату круцяць рукі за спіну, а яе самую, такую маленькую, безабаронную, карнік б’е па галаве. Яна падае, плача. А затым – нібыта новы кадр, як у жудаснай кінастужцы: мужчыны стаяць на каленях, а потым у лесе чуюцца стрэлы…
– Усё было на маіх вачах, – горка ўздыхае жанчына. – Павялі іх у лес, пачалі страляць, а каго і жывымі пакідалі ў ямы. Потым ездзілі па гэтых ямах на танку. Так у нас не стала таты. А вёску падпалілі з усіх бакоў. Полымя паднімалася так высока, што, здавалася, дастае да неба.
Іншы, хто ў маленстве глытне такое атручанае ліхалеццем паветра, можа стаць жорсткім, акамянее, бы скала, зняверыцца ў людзях і замкне сэрца для дабрыні. Наша гераіня не адносіцца да такіх. Наадварот, і сэрца, і душу яна прысвяціла дзецям, калі раз і назаўсёды выбрала для сябе настаўніцкую дарогу.
Яна з пяшчотай гаворыць пра сваіх выхаванцаў, якія даўно выраслі, але не забываюць сваю першую настаўніцу. Паказвае цэлыя стосы віншаванняў і падзяк, атрыманых за выдатную працу, асабліва ў Пелішчанскай сярэдняй школе, дзе яна шмат сіл і часу аддала маленькім вучням, у тым ліку з жабінкаўскіх вёсак Жыціня і Хмялёўкі.
Ніна Сідаровіч – прыгожая і ў свае паважаныя гады. Яна мае сапраўды шматколернае жыццё. Асабліва гожыя фарбы ёй дадавалі дзіцячыя ўсмешкі і вялікая іх любоў да “другой мамы”. Неяк на Дзень настаўніка бацькі паднеслі Ніне Канстанцінаўне салодкія падарункі, а яна раздала смакату дзецям. Але ж маленькія – у слёзы: маўляў, нас настаўніца ўжо не любіць! Давялося кожнага супакойваць, салодкі стол рабіць, каб слёзы высушыць у сваіх “птушанятак” – хлопчыкаў і дзяўчатак.
І праз гады, калі падраслі, яны ўдзячныя сваёй цудоўнай Ніне Канстанцінаўне за рознабаковыя веды, за лічбы ды літары, якія разам выводзілі на дошцы і ў сшытку, а галоўнае – за бязмежную чуласць яе гарачага сэрца.

Пагэтаму штогод напярэдадні Дня настаўніка ў Жабінку на вуліцу Зарэчную прылятаюць віншавальныя паштоўкі. А ў іх – толькі ласкавыя словы і цёплыя пажаданні ў адрас жанчыны, якая 40 гадоў 10 месяцаў і 5 дзён аддана абрабляла сваю настаўніцкую ніву.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.
Popularity: 1%