Старшы лейтэнант міліцыі з Жабінкі Аляксей Дубоўскі: гісторыя маладога спецыяліста ў змаганні з нарказлачыннасцю

На гэтым тыдні адзначалі Дзень утварэння падраздзяленняў па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі. Наколькі важнымі і маштабнымі справамі ў гэтым плане даводзіцца займацца праваахоўнікам, цудоўна ведае старшы лейтэнант міліцыі Аляксей Дубоўскі.

Пасля заканчэння гарадскога ліцэя юнак з Жабінкі вырашыў прысвяціць сябе службе ў міліцыі. Дзеля гэтага пяць гадоў таму паступіў у Акадэмію МУС, а сёлетняй вясной Аляксей Дубоўскі ўліўся ў згуртаваны калектыў Жабінкаўскага РАУС.

– Хацелася змагацца з нарказлачыннасцю, якая нясе страшную бяду, а таксама іншымі заганнымі праявамі нашага жыцця, – тлумачыць свой выбар старшы ўпаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі.

Яшчэ падчас навучання ў акадэміі Аляксею Дубоўскаму давялося знаёміцца з будучай працай. Яму ў гэтым дапамагаў маёр міліцыі Аляксандр Хівук. Было надзвычай карысна пашырыць навыкі, назіраючы за дзейнасцю вопытнага старэйшага калегі, які дасканала ведаў асаблівасці працы ў названай групе.

Аляксей Дубоўскі яшчэ ў час вучобы змог праявіць свае здольнасці. Найбольш гучная справа была звязана з інтэрнэтам. У сусветнай павуціне двое грамадзян, нібыта сапраўдныя павукі, пачалі спакушаць у сексуальным плане непаўналетніх. Аднак, хоць злачынцы і хаваліся пад вымышленымі імёнамі, праваахоўнікі, сярод якіх быў і Аляксей Сяргеевіч, здолелі выявіць злачынцаў, даказаць іх віну. У рэшце рэшт справа дайшла да суда і кожны з вінаватых панёс заслужанае пакаранне.

– Штогод, – падкрэслівае старшы лейтэнант міліцыі, – у нашай рабоце праводзяцца таксама прафілактычныя мерапрыемствы, у тым ліку у рамках спецыяльнай праграмы “Мак”. Абследуем прыдамавыя тэрыторыі, палі, іншыя месцы, дзе могуць расці культуры, што ўтрымліваюць наркатычныя сродкі. Гэта тычыцца не толькі мака і канопляў, якія растуць самастойна, але і раслін, што наўмысна вырошчваюць злачынцы.

Сёлета на Жабінкаўшчыне ўжо выяўлена і знішчана больш за сем тон наркаўтрымліваючых раслін. Дзейнасць праваахоўнікаў прадухіліла шмат бед, бо тыя каноплі ды мак маглі стаць крыніцамі сапраўдных трагедый.

Акрамя таго, у гэтыя дні і на працягу ўсяго кастрычніка ў раёне рэалізуецца спецыяльная праграма “Дзяцінства без гвалту”. Адным словам, спраў, якімі займаецца група па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, вельмі шмат.

Напярэдадні прафесійнага свята Аляксей Дубоўскі праз газету выказаў віншаванні калегам, якім пажадаў шчасця, міру і поспехаў, у тым ліку ў службе на карысць Радзіме і людзям. Хочацца гэтыя словы адрасаваць і самому маладому міліцыянеру, які штодня адказна выконвае свае абавязкі.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.