
Адказвае ўчастковы інспектар Жабінкаўскага РАУС Андрэй КАЛЯДЗІЧ:
– У апошні час усё больш актуальнай становіцца тэма ўгону веласіпедаў. У сувязі з гэтым з 1 па 31 жніўня на Жабінкаўшчыне праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па папярэджанні і раскрыцці крадзяжоў веласіпедаў. Калі жадаеце зберагчы свой ровар, вам трэба ведаць, як правільна яго прышпільваць і пакідаць у розных месцах, паколькі любы веласіпедыст можа апынуцца ў зоне рызыкі і зусім не мае значэння, ці ёсць у вас пры гэтым веластаж ці вы толькі абзавяліся роварам: рабаўнікі заўсёды чакаюць зручнага моманту, каб пажывіцца чужым.
Каб пазбегнуць непрыемнасцяў, раім прытрымлівацца некалькіх важных правілаў:
- У любой сітуацыі веласіпед павінен быць прышпілены! Куды б вы ні ехалі, велазамок – гэта першая неабходная рэч у вашым багажы.
- Дбайна выбірайце апору, да якой намерваецеся прышпіліць “жалезнага каня”. Яна павінна быць дастаткова моцнай і ўстойлівай. Праверце, каб яе нельга было выцягнуць ці паламаць, сагнуць, падняць ці паспрабаваць неяк інакш дастаць ровар, не дакранаючыся пры гэтым да замка.
- Нельга прышпільваць толькі руль або колы веласіпеда. У такім выпадку вы рызыкуеце вярнуцца і ўбачыць толькі гэтыя дэталі. Таму раім замацоўваць замком і колы, і раму.
- Нават калі вы вырашылі пакінуць веласіпед на лесвічнай клетцы ці ў агульным калідоры, правіла №1 ніхто не адмяняў! Ніколі не ведаеш, хто прыйдзе ў госці да суседзяў…
- Калі ўсё ж даводзіцца пакідаць ноччу “двухколавага сябра” на вуліцы, варта старанна прышпіліць яго на самыя надзейныя велазамкі і паклапаціцца пра іншыя меры абароны. Напрыклад, купіць спецыяльныя замкі з убудаванай сігналізацыяй. Гэта робіцца для таго, каб вы пачулі, калі ровар паспрабуюць прывесці ў рух.
- Не варта пакідаць дарагія веласіпедныя аксесуары на веласіпедзе, нават калі ён надзейна замацаваны. Сумачкі, інструменты, навігатар… Не палянуйцеся, забярыце іх з сабою.
- Старанна выбірайце месца для паркоўкі. Яно павінна быць добра асветленае, пажадана з відэакамерамі.
- Пад карэтачным вузлом любога веласіпеда паказаны індывідуальны нумар, які вам выдалі пры пакупцы. Перапішыце яго сабе на выпадак, калі транспартны сродак усё ж будзе скрадзены і вы ўбачыце яго на вуліцы.
Калі ваш веласіпед укралі, адразу напішыце заяву ў міліцыю.
Падрыхтаваў Анатоль БЕНЗЯРУК
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
