
Штодня на працягу ўсёй Вялікай Айчыннай вайны ў радыёэфір ляцелі аператыўныя зводкі “Савінфармбюро”, агучаныя магутным голасам легендарнага дыктара Юрыя Барысавіча Левітана. Кожнае паведамленне пачыналася словамі: “Гаворыць Масква! Ад Савецкага інфармбюро…” – хоць насамрэч з 1943 года перадачы рыхтаваліся і перадаваліся далёка ад савецкай сталіцы (з горада Куйбышава – сённяшняй Самары).
У аўторак, 18 ліпеня 1944 года, сярод іншых населеных пунктаў, вызваленых ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на ўвесь свет прагучала і назва нашай Жабінкі. Хоць насамрэч у той дзень усё толькі пачыналася.
Вось урывак з таго паведамлення “Савецкага інфармацыйнага бюро”(публікуецца на мове арыгінала):
“На БРЕСТСКОМ направлении наши войска, развивая наступление, овладели районными центрами Брестской области городом и железнодорожным узлом ГАЙНОВКА и городом АНТОПОЛЬ, а также с боями заняли более 150 других населённых пунктов, в там числе крупные населённые пункты НАРЕВКА МАЛАЯ, ВОЙНОВКА, КОРОСТЫЧИ, ОМЕЛИНКА, ЖАБИНКА, ЗАВЕРШИ, ЗАПРУДЫ, БЕРЕЗНА, БОРОДЫЧИ, ОСИПОВИЧИ, узловую железнодорожную станцию ЖАБИНКА и железнодорожную станцию АНТОПОЛЬ /…/.
Советские подвижные отряды выбили немцев из узловой железнодорожной станции ЖАБИНКА и перерезали железную дорогу Кобрин – Брест. За день боёв уничтожено свыше 2 тысяч немецких солдат и офицеров. Захвачены трофеи и много пленных”.
Так, дата паведамлення, у якім распавядалася пра Жабінку, – 18 ліпеня 1944 года, аднак у названы дзень усё толькі пачыналася і асноўныя баі за вызваленне нашага краю былі яшчэ наперадзе.
На самой справе для таго, каб ачысціць Жабінку і наваколлі ад ворага, Чырвонай Арміі спатрэбілася ажно чацвёра сутак.
Увогуле, гэта ўнікальны выпадак, бо ні за адзін іншы раённы ці абласны цэнтр Беларусі гітлераўцы не трымаліся гэтак упарта і доўга. Прычыны былі відавочныя: вельмі важная чыгуначная станцыя і буйная нафтабаза, размешчаныя ў будучым горадзе-спадарожніку. Страта Жабінкі азначала для немцаў немінучую здачу Брэста.
Каб вызваліць нашыя землі, чырвонаармейцам давялося заплаціць вялікую цану, якая вымяралася жыццямі.
Ужо першы дзень упартых баёў прынёс першыя страты.
18 ліпеня 1944 года ў баях за Жабінкаўшчыну загінулі байцы 61-й стралковай Нікапальскай Чырванасцяжнай дывізіі 28-й арміі І-га Беларускага фронту (дывізію ўзначальваў палкоўнік Андрэй Шацкоў, фронтам кіраваў Маршал Савецкага Саюза Канстанцін Ракасоўскі).
Вось імёны салдат 61-й стралковай дывізіі, якія 18 ліпеня загінулі і былі пахаваны ў жабінкаўскай зямлі:
- малодшыя сяржанты Андрэй Афанасьевіч БАС (1916–1944) і Барыс Рыгоравіч ПЫЛЬШЧЫКАЎ (1925–1944);
- радавыя Андранік Ягішавіч МУРАДЗЯН (1925–1944) і Васіль Макаравіч БЯЛКОЎ (1911–1944).
Такім выдаўся пад Жабінкай гэты 1123-ці дзень Вялікай Айчыннай вайны, які стаў адначасова першым днём Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі (18 ліпеня – 2 жніўня 1944 года). Пры яе правядзенні былі вызвалены не толькі раённы цэнтр Жабінка, але і абласны цэнтр Беларускай ССР горад Брэст.
Антон ЦЫМУС
Больше новостей о своем районе и городе
Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
