
Юныя зорачкі Жабінкаўшчыны – удзельніцы ўзорнага ансамбля народнага танца “Каруначкі” – Арына Гілеціч, Ксенія Шырокава, Крысціна Нефядзюк і Арына Андрановіч уважліва сачылі за палётам беларускі Марыны Васілеўскай у космас.
23 сакавіка ў 15.36 першая жанчына-касманаўт суверэннай Беларусі разам з камандзірам экіпажа, нараджэнцам нашай краіны Алегам Навіцкім і амерыканкай Трэйсі Дайсан на караблі «Саюз МС-25» стартавала з касмадрома Байканур.
Менавіта ў той самы дзень нашы зорныя-ўзорныя “Каруначкі” знаходзіліся ў Маскве, дзе ўдзельнічалі ў сацыяльным праекце па патрыятычным выхаванні моладзі. У павільёне “Космас” на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі яны мелі магчымасць адчуць сябе ў ролі Пятра Клімука ці Марыны Васілеўскай. Танцоры з горада-спадарожніка пазнаёміліся з гісторыяй касманаўтыкі і нават пасядзелі ў крэслах касманаўтаў.
Дзве Арыны, Ксенія і Крысціна таксама хацелі б апынуцца на месцы Марыны Васілеўскай у адкрытым космасе. А пакуль у дзяўчат свой зорны шлях – у складзе “Каруначак” яны “абляцелі” Беларусь, крышачку Расіі і Польшчы.
Самы вялікі танцавальны “стаж” у Ксеніі Шырокавай. Дзяўчынка займаецца ў “Каруначках” з трох (!) гадоў. Ва ўзорны ансамбль народнага танца, вядомы сёння далёка за межамі Беларусі, сцяжынку праклаў бацька Ксеніі Руслан Сяргеевіч. Калісьці ён выступаў у складзе “Каруначак” пад кіраўніцтвам нязменнай і непаўторнай Ірыны Феафанаўны Румко і любоў да народных танцаў перадаў дачушцы ледзь не з пялюшак. Шасцікласніца Ксенія не ўяўляе свайго жыцця без “Каруначак”, удзельнікі якіх – як адна сям’я, як адно цэлае.
Аднакласніца Ксеніі Арына Андрановіч танцуе ў “Каруначках” з шасці гадоў. Да гэтага займалася ў калектыве сучаснага танца “Цукарынка”, аднак аддала перавагу народным танцам. “Роднае-народнае бліжэй да сэрца, а Ірына Феафанаўна нам як матуля”, – дзеліцца Арына – высокая прыгожая дзяўчына.
Яе цёзка Арына Гілеціч таксама пяць гадоў у дружнай сям’і “Каруначак”, а пяцікласніца Якаўчыцкай сярэдняй школы Крысціна Нефядзюк – шэсць.
Дзяўчат не палохаюць трэніроўкі па дзве гадзіны тройчы на тыдзень, шматлікія рэпетыцыі танцаў, таму што потым і ўдзельнікі ансамбля, і іх бацькі, і ўсе гледачы бачаць цудоўны вынік – бездакорнае выступленне юных танцораў, усмешкі на іх тварах, гарачы бляск у вачах. І перамогі ва ўсіх магчымых конкурсах на розных узроўнях, уключаючы міжнародны.
Сёлета, як і летась, удзельнікаў узорнага ансамбля народнага танца “Каруначкі” зноў чакае “Артэк”, шматлікія выступленні і слава. Талентам – выдатнага палёту!
Наталля КАВЯРГОВІЧ
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
