
У перасоўнай механізаванай калоне № 19 цудоўна ведаюць імя Пятра Уладзіміравіча Вайноўскага, які прысвяціў больш за паўвеку роднай арганізацыі і дасюль ахвотна вучыць маладых і перадае ім багаты вопыт маладым.
Праз пару месяцаў Пётр Уладзіміравіч адсвяткуе паважаны 70-гадовы юбілей. Час азірнуцца назад і падвесці папярэднія вынікі багатага жыцця.
Месцам вучобы для юнака з Малой Плотніцы Пінскага раёна стаў гідрамеліярацыйны тэхнікум імя А.Я. Кляшчова ў горадзе над Пінай. Вучыўся ён добра, таму перад выпускам у 1973 годзе меў выбар, куды размеркавацца на першае месца працы. Пётр Вайноўскі тады падумаў: “ Няхай гэта будзе Жабінка, ПМК № 19”. Вядома, стажу малады чалавек пакуль не меў, аднак і арганізацыя, створаная ў 1970-м, знаходзілася на шляху станаўлення. Так і раслі, сталелі, гартаваліся маладыя – прадпрыемства і яе працаўнік.
У Жабінцы спадабалася, але Пятру папрацаваць доўга не давялося: неўзабаве юнак апрануў армейскі кіцель. Вярнуўся сяржант-артылерыст праз два гады і з тае пары да нашых дзён нязменна прысвячае жыццё роднай ПМК-19. Пачынаў брыгадзірам, рос па прыступках, быў галоўным інжынерам, а з 2008 па 2017 год узначальваў арганізацыю. У гэты час перасоўная механізаваная калона № 19 у Жабінцы ажно шэсць разоў прызнавалася лепшым прадпрыемствам у сістэме “Брэстводбуда”.
Поспехі і дасягненні Пятра Уладзіміравіча не раз адзначаліся на самым высокім узроўні. У выніку Пётр Вайноўскі ў 1988 годзе стаў Выдатнікам воднай гаспадаркі СССР, у 2013-м абвешчаны Ганаровым меліяратарам Беларусі, а праз два гады на яго грудзях зазіхацеў заслужаны медаль “За працоўныя заслугі”. Нарэшце летась ва ўрачыстай абстаноўцы, калі святкаваўся Дзень горада Жабінкі, Пётр Уладзіміравіч дасягнуў яшчэ адной вяршыні чалавечага прызнання – стаў Ганаровым грамадзянінам Жабінкаўскага раёна.
Але ж у яго скарбонцы не толькі ўзнагароды – Пётр Вайноўскі вядомы таксама як вынаходнік і рацыяналізатар. Яго ідэі выкарыстоўваюцца ў меліярацыйнай сферы, эканамічны эфект ад гэтага адчувальны не толькі на родным прадпрыемстве, але і ва ўсёй меліярацыі, што моцна развівалася і цяпер развіваецца ў нашым палескім краі.
Нельга забыцца і на сённяшняе захапленне Пятра Уладзіміравіча, якому таксама прысвечана шмат часу і сіл. Дзесяць гадоў таму выспела і была рэалізавана ідэя стварэння ў Жабінцы гісторыка-экспазіцыйнага комплексу развіцця меліярацыі земляў. У яго напаўненні ўнікальнымі матэрыяламі і тэхнікай удзельнічалі ўсе 25 прадпрыемстваў меліярацыйнай галіны Брэстчыны. Гаспадаром комплексу стаў Пётр Вайноўскі, які зараз працуе вядучым інжынерам ПМК-19. У комплексе налічваецца каля 150 экспанатаў, многія з іх – сапраўдныя рарытэты. Уся гэтая тэхніка ў свой час здзейсніла своеасаблівую рэвалюцыю ў сельскай гаспадарцы, добра папрацавала на сваім вяку, а цяпер ператварылася ў музейныя экспанаты. Таму гэты музей пад адкрытым небам (адзіны ў краіне прысвечаны меліярацыі) – сапраўдны брэнд раёна, прыцягальнае месца для наведвальнікаў.
– Геаграфія тых, хто тут бывае, вельмі шырокая, – расказвае Пётр Вайноўскі. – Сюды наведваюцца не толькі студэнты з Брэста ці школьнікі з Жабінкі, мы рады вітаць усіх гасцей. Нездарма ў комплексе ўжо бывалі прадстаўнікі з Адміністрацыі Прэзідэнта, розных міністэрстваў, абласныя кіраўнікі, прафсаюзныя дзеячы, члены працоўных калектываў, не абмінаюць нас і журналісты электронных ды друкаваных СМІ. Бываюць госці нават з замежжа – Расіі, Казахстана, Грузіі… Усім цікава дакрануцца да эвалюцыі меліярацыйнай тэхнікі, даведацца пра гісторыю асушэння і арашэння рэгіёна №1, кожнаму прыемна ўбачыць, што галіна і зараз развіваецца.
Асабліва трывалыя сувязі падтрымліваюцца з Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам. Афіцыйна з 2017 года вышэйшая навучальная ўстанова заключыла пагадненне з “Брэстводбудам”, паводле якога на базе Жабінкаўскай ПМК-19 створаны філіял кафедры прыродазнаўства. Таму нездарма штогод ва ўрачыстай абстаноўцы менавіта ў памяшканні музейнага пакоя ладзіцца прысвячэнне ў студэнты першакурснікаў з уручэннем заліковых кніжак будучым меліяратарам.
Спыталіся ў нашага героя, як усё склалася, так бы мовіць, на жыццёвым фронце. І ён з гонарам прыгадаў дзяцей, якія займаюцца справамі, блізкімі бацьку па душы. Дачка Вольга стала прадаўжальнікам яго справы і працуе зараз у ПМК-19, старэйшы сын Эдуард шчыруе ў ЖКГ, а малодшы Аляксандр звязаў лёс з будаўніцтвам. Пагэтаму Пётр Вайноўскі адчувае сябе шчаслівым чалавекам, мары якога спраўдзіліся на ўсе сто.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
