Рыта ЕЎТУХОВІЧ: “Захоплівае рух наперад і ўвышыню”

Галоўны бухгалтар адкрытага акцыянернага таварыства “Вазнясенскі” не баіцца цяжкасцей ні ў жыцці,ні ў працы. Нягледзячы на малады ўзрост, Рыта Еўтуховіч займае высокую адказную пасаду ў роднай гаспрадарцы, штодзень расце прафесійна і ставіць перад сабой вялікія мэты.

– Адну з іх – вывучыцца на бухгалтара – паспяхова дасягнула, скончыўшы сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, – кажа Рыта Еўтуховіч.

Яна прыйшла ў “Вазнясенскі” ў 2015-м і ўжо праз год была назначана намеснікам галоўнага бухгалтара прадпрыемства. Кар’ерны рост быў імклівым – неўзабаве Рыта Уладзіміраўна ўзначаліла бухгалтарскую службу роднай гаспадаркі.

– Гэта быў вельмі адказны крок, на які рашылася пры падтрымцы нашага кіраўніка Надзеі Рыгораўны Кандрацюк, – заўважае Рыта Еўтуховіч. – Важная частка маёй работы – складанне гадавой справаздачы, звядзенне разлікаў, вывядзенне дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасці, справаздачы ў органы статыстыкі і многае іншае. Абавязкаў шмат, заканадаўства пастаянна мяняецца, трэба быць у курсе гэтых змен, вывучаць падаткаабкладанне, праходзіць анлайн-курсы, удзельнічаць у семінарах і канферэнцыях. Аднак за восем гадоў працы ні разу не пашкадавала аб сваім выбары.

Дарэчы, будучую прафесію дзяўчыне падказалі бацькі, заўважыўшы, што яна прэстыжная і запатрабаваная. На бухгалтара вывучылася і малодшая сястра Вераніка, якая зараз жыве і працуе ў Мінску, але ў свой час замяняла старэйшую Рыту, калі тая знаходзілася ў адпачынку па доглядзе за сыночкам Ягоркам.

Хлопчык наведвае дзіцячы сад №6 у Жабінцы, дзе маладая сям’я Еўтуховічаў атрымала кватэру ў доме, што першым быў пабудаваны для жабінкаўцаў і брастаўчан.

– Мы вельмі ўдзячны абласным ды раённым уладам за магчымасць жыхарам Брэста, якім быў мой муж Юрый, атрымаць кватэру ў Жабінцы нашмат хутчэй, чым у абласным цэнтры, – з цеплынёю кажа Рыта Уладзіміраўна. – А тут яшчэ і дзіцячы садзік побач – новы, сучасны, прыгожы.

– Нягледзячы на тое, што кожны будзень даводзіцца дабірацца на працу з Жабінкі ў Вежкі, калектыў мяняць не збіраюся, – дзеліцца мая суразмоўніца. – У нас дружная каманда прафесіяналаў, Надзея Рыгораўна – вопытны, чулы, справядлівы кіраўнік. З першых дзён адчуваю падтрымку яе і старэйшых калег. Калі ў цябе вераць, то хочацца расці і расці, дасягаць усё новых вышыняў. Лічу: спалучэнне маладосці і вопыту работнікаў з умелым стылем кіраўніцтва дазваляюць “Вазнясенскаму” быць узорам для іншых гаспадарак.

Акрамя грамат, падзяк і дыпломаў за прафесійныя поспехі, у скарбонцы Рыты Еўтуховіч тытул “Малады чалавек года” ў галіне сельскай гаспадаркі, заваяваны ў 2017 годзе. Нямала ўзнагарод і за спартыўныя перамогі. Рыта Уладзіміраўна заўсёдная ўдзельніца разнастайных спаборніцтваў паміж прадпрыемствамі. Карацей, яна, як гераіня вядомай гайдаеўская кінастужкі, “і спартсменка, і прыгажуня, і камсамолка”. Нездарма Рыта Еўтуховіч пэўны час узначальвала ў “Вазнясенскім” пярвічку БРСМ, а зараз цікавіцца справамі Беларускага саюза жанчын і “Белай Русі”, плануючы папоўніць шэрагі беларускай партыі. Яна разважае:

– Мяне цікавіць усё новае, падабаецца працаваць і з лічбамі, і з людзьмі. Захоплівае рух наперад і ўвышыню. Не баюся складаных задач, жыву па прынцыпах “Бойся, але рабі” і “Чаму б не паспрабаваць?”. Хочацца, каб мною ганарыліся мае бацькі, мая сям’я. Некалі Аляксандр Іванавіч Казюра, дырэктар Крыўлянскай школы, якую я скончыла, напісаў на маёй выпускной стужцы “Рухайся праз церні да зорак”. Гэтым лозунгам я і кіруюся па жыцці. А яшчэ стараюся знаходзіць ва ўсім станоўчае і пазітыўнае.

Выхадныя дні наша гераіня любіць праводзіць з сям’ёй. Еўтуховічы часта падарожнічаюць па Беларусі, найбольш – па Палессі. Неаднойчы бывалі ў Брэсцкай крэпасці і Белавежскай пушчы, у розных музеях.

– Ахвотна бяром у паездкі двухгадовага Ягорку, каб сын з малых гадоў выхоўваўся ў любові да Радзімы і прыгажосці нашых мясцін, – кажа Рыта Уладзіміраўна.

Напярэдадні Новага 2024 года яна жадае сваім калегам ды ўсім чытачам “Сельскай праўды”, каб здзяйсняліся іх мары і жаданні, моцным было здароўе, а каханне – узаемным.

Наталля КАВЯРГОВІЧ
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.