ААТ “Рагазнянскі”: каманда прафесіяналаў

Сумесная камандная праца, паразуменне, павага, давер – гэта тое, што на думку дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства “Рагазнянскі” Ганны Плытнік аб’ядноўвае падначалены ёй калектыў. Задавальняюць кіраўніка і тэмпы ды якасць работ.

– Нашы працаўнікі своечасова ўбралі салому, правялі азімую сяўбу, нават дапамагалі суседзям, – расказвае Ганна Іванаўна. – Зараз уносяцца арганічныя і мінеральныя ўгнаенні, ажыццяўляецца падняцце зябліва. На палях “Рагазнянскага” шчыруюць механізатары Аляксандр і Іван Краўчукі (бацька і сын), Аляксандр Місіюк і Сяргей Панасюк, Уладзімір Буневіч і Дзмітрый Максімук.

Механізатар Уладзімір БУНЕВІЧ.

– Калісьці былы кіраўнік “Рагазнянскага” Аляксандр Васільевіч Семянюк казаў, што манетны двор гаспадаркі – гэта жывёлагадоўля, рэалізацыя малака і мяса прыносяць асноўны прыбытак. Ці змянілася што-небудзь сёння менавіта ў вашым сельгаспрадпрыемстве? – цікаўлюся я.

– Разумееце, жывёлагадоўля напрамую залежыць ад раслінаводства. Малако ў каровы на языку: чым жывёлу пакорміш, такое малако і атрымаеш, – тлумачыць Ганна Плытнік. – “Белага золата” ад рагуль мы атрымалі сёлета звыш 11100 тон, 80 працэнтаў гатункам “экстра”. Рост вытворчасці па жывёлагадоўлі склаў больш за 100 працэнтаў, па раслінаводстве – звыш 120 працэнтаў. Найбольшую плошчу сярод збожжавых займала азімае трыцікале – 358 гектараў, найлепшай ураджайнасцю парадавала азімае жыта – 51,4 цэнтнеры з гектара. “Царыца палёў” распасціралася больш як на 900 гектарах, на зерне яе сабралі 87,4 ц/га, на сілас – 328,3 ц/га. Забяспечылі нашу жывёлу кармамі напоўніцу.

Селекцыянер Марыя ПУКАЧ.

Пад кіраўніцтвам Ганны Іванаўны працуюць 181 чалавек. Калектыў рагазнянскіх рупліўцаў палёў і фермаў прыхільна прыняў новага дырэктара ў чэрвені гэтага года, і дасюль Ганна Плытнік адчувае падтрымку і разуменне.

– Выдатна, калі поруч з табой дружная каманда прафесіяналаў, – кажа дырэктар “Рагазнянскага”. – Адказна ставяцца да сваіх абавязкаў і выканання пастаўленых задач мае намеснікі па вытворчасці Алена Якімчук і па жывёлагадоўлі Міхаіл Чырук. У нас новы заатэхнік Наталля Кузняцова. Упэўнена, з падтрымкай Міхаіла Рыгоравіча ў яе ўсё атрымаецца.

Міхаіл ЧЫРУК, Надзея БАГРОВА, Наталля КУЗНЯЦОВА, Ганна ПЛЫТНІК.

На высокім узроўні выконвае сваю работу каманда ветурачоў гаспадаркі пад кіраўніцтвам Мікалая Мацвеюка. Ганна Іванаўна адзначае і загадчыкаў фермаў: “Бусні 1000” Надзею Багрову і “Бусні 1” Кацярыну Тур. На МТФ “Мышчыцы” гаспадарыць Таццяна Карпінчык, у “Ацячызне” – Ірына Небяльчук.

Аператары машыннага даення Вікторыя ЖУКЕВІЧ, Галіна ШКУРАЛЬ,
Міраслава ГУДЗЯМЧУК.

– Цэх дарошчвання ўзначальвае Марына Рамейка, – працягвае Ганна Плытнік. – Яго насельнікі – маленькія цяляткі, наш “дзіцячы сад”, наша будучыня.

Дарэчы, у планах ААТ “Рагазнянскі” на 2024 год – будаўніцтва двух цялятнікаў на 460 галоў на ферме “Бусні 2”.

Выконваючая абавязкі брыгадзіра Надзея КАРАПАЦЮК, цялятніцы Іна КАНАНОВІЧ, Людміла МАЛІНОЎСКАЯ, Марыя АНДРАСЮК і Багдана МІСІЮК з дырэктарам ААТ «Рагазнянскі» Ганнай ПЛЫТНІК (у цэнтры).

Інжынернай службай кіруе Мікалай Маеўскі. Ён і яго падначаленыя аператыўна вырашаюць усе пытанні, што тычацца рамонту тэхнікі. За святло ў “Рагазнянскім” адказвае галоўны энергетык Сяргей Трацюк.

– І гэты пералік прафесіяналаў можна прадаўжаць, толькі ці хопіць месца ў газеце? – з усмешкай кажа Ганна Плытнік.

Выкананне эканамічных паказчыкаў дазволіла сёлета павысіць заработную плату. Яе рост ад пачатку года склаў 115 з паловай працэнтаў, у сярэднім “рагазнянцы” атрымліваюць 1622 рублі.

У сельгаспрадпрыемства, якое з году ў год не губляе лідарскіх пазіцый, ёсць свой гімн і эмблема. На ёй на фоне зямнога шара абрысы “Рагазнянскага” і бусел.

Арнамент гаспадаркі сімвалізуе саюз сонца і зямлі, сапраўды неабходны для хлебаробаў і добрага ўраджаю. Няхай шчодра сагравае сонейка рагазнянскія землі, а тыя шчодра родзяць, адплочваючы працаўнікам за іх старанні!

Наталля ВАЛОШКА

Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.