«Любім танцаваць разам з маці». Знаёмцеся – сям’я з аг. Ленінскі

У іх ёсць агульнае: жанчыны – нашы гераіні – удзячныя лёсу за шматлікае шчасце мацярынства. Пяць разоў яны насілі пад сэрцам сваіх крывіначак, а цяпер выхоўваюць іх годна, радуюцца поспехам і спадзяюцца, што ў жыцці іх хлопчыкаў і дзяўчынак чакае толькі ўсё найлепшае.

Першая дружная сям’я Новікаў жыве ў аграгадку Ленінскім. Сёлета яны выдатна “асвоілі” жыццёвую формулу “7 Я”. Мама Алена Міхайлаўна працуе ў яслях-садзе, а цяпер у яе і хатні садзік з’явіўся, бо шчаслівая жанчына сёлета нарадзіла Дамірку – цудоўную дзяўчынку. І ведаеце, воляй-няволяй Алена Міхайлаўна паднесла сабе непаўторны падарунак, калі дала жыццё наймалодшай дачцэ 14 лютага. Мабыць, вы міжволі прыгадалі, што ў гэты дзень адзначаецца Дзень святога Валянціна? Не, не ў гэтым сутнасць. Справа ў тым, што і сама матуля нарадзілася 14 лютага. Цяпер у гэты дзень, колькі б гадоў не прайшло, давядзецца задуваць свечкі і жаданні загадваць адразу на двух торціках у гонар Алены і Даміры. Дзяўчынка будзе расці, а з ёй і жаданні станавіцца большымі. А вось матуля найважнейшае сваё пажаданне ўжо выканала, калі дала жыццё добрым дзецям.

– Яны – мая радасць, дзеці – маё ўсё! – лічыць жанчына і з ахвотаю расказвае пра кожнага.

Старэйшая Віялета – студэнтка ўніверсітэта. Вывучае замежныя мовы – нямецкую ды англійскую, хутка і за кітайскую сур’ёзна возьмецца. А яшчэ дзяўчына зацятая чытачка, гуляе ў валейбол.

Са спортам сябруе і дзесяцігадовыгадовы Прохар (у хлопчыка яшчэ захапленне ёсць – ён кожнай жывёліне шчыры сябар, усіх любіць-галубіць). Прохар – адзіны сын-спадчыннік, які нарадзіўся ў самай “залатой” сярэдзінцы – паміж сёстрамі Міланай і Каралінай.

Тыя любяць танцаваць разам з мамай. Калі прыходзяць выхадныя, іх возіць у Кобрын на танцы тата. Пакуль яны займаюцца, Васіль Васільевіч гуляе ў парку з самай маленькай.

Мае гэтая “7 Я” многа захапленняў. Летам любяць падарожнічаць калі не да цёплага мора, дык па роднай Беларусі, дзе таксама шмат дзівосаў. А штомесяц разам з бабуляй і дзядулем наведваюць аквапарк. Тады і прыходзіць “шкодны дзень”. Чаму “шкодны”? Самыя дарослыя любяць песціць унукаў. Многае ў такі дзень дзецям дазваляецца – і чыпсы, і кола, і саладосцаў горы. Можа, для здароўя гэта і не зусім карысна, ды крыху паспытаць усё ж дазваляецца, каб свята стала яшчэ большым.

Хочацца напрыканцы і пра тату пару слоў сказаць. Васіль Васільевіч – чалавек умелы і на прыдумкі кемлівы. У вольны час сталярнічае, стварае вырабы з дрэва. А як потым сям’і ўтульна адпачываць у татавай альтанцы, а дзецям гуляцца на арэлях ды міні-пляцоўцы, падобнай на карабель, створаных залатымі рукамі бацькі!

Антон ЦЫМУС

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.