“Марафон Мужнасці” на драмлёўскай зямлі

Сярод шматлікіх акцый, якія звязаны з Днём народнага адзінства, вылучаецца абласны патрыятычны праект “Марафон Мужнасці”, які 14 верасня наведаў Жабінкаўшчыну.

Праект нарадзіўся на Брэстчыне па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і рэалізуецца больш за дзесяць гадоў. У гэтыя вераснёўскія дні, што праходзяць пад знакам Дня народнага адзінства, ён прысвечаны вялікаму дзяржаўнаму святу. Гэта сапраўдны марафон, які ахапіў палову раёнаў Брэсцкай вобласці. Яго ўдзельнікамі сталі сорак юнакоў і дзяўчат, што праяўляюць сваю актыўнасць у маладзёжным руху, цікавяцца мінулым роднай зямлі і клапоцяцца пра яе дабрабыт.

Як расказаў першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта БРСМ Юрый Сегянюк, сёлетні “Марафон Мужнасці” стартаваў у горадзе над Бугам ад помніка на брацкай магіле. Там знайшлі апошні спачын чырвонаармейцы, што загінулі ў векапомныя вераснёўскія дні 1939 года, і воіны-вызваліцелі, якія склалі галовы пры вызваленні Брэста ў ліпені сорак чацвёртага.

Наступнай кропкай патрыятычнай вандроўкі стала наша “вогненная вёска” Драмлёва, дзе заўсёды не гасне памяць. Падчас мітынгу прыгадалі лёс паселішча, якое знікла ў агні з людзьмі 11 верасня 1942 года, на вялікае царкоўнае свята Усячэння галавы Іаана Хрысціцеля.

Слова было прадастаўлена намесніку старшыні райвыканкама Іне Тарасевіч, якая заўважыла: хоць усё далей адыходзяць ад нас агнявыя часы, ды памяць застаецца неўміручай для сённяшніх пакаленняў. Іна Уладзіміраўна згадала, што больш за дзве тысячы жабінкаўцаў не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны або былі закатаваны падчас акупацыі. Асабліва крывавую адмеціну пакінулі карнікі ў Драмлёве, куды штогод на Галавасек прыходзяць людзі розных пакаленняў, каб выказаць свой смутак па загінулых. Мемарыял стаў прыцягальным для жыхароў не толькі Жабінкаўшчыны, сёння яго наведалі ўдзельнікі марафону. У гэтым жалобным месцы, на думку прамоўцы, узнікае і мацуецца ўпэўненасць, што ўсе “мы адзіны народ, і гэтае адзінства патрэбна захоўваць”.

Са свайго боку, Юрый Сегянюк прамовіў: “Хвалююся кожны раз, калі прыязджаю сюды, літаральна – мурашкі па скуры”. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат яшчэ раз, ужо са сваімі сем’ямі наведаць Драмлёва і выказаў падзяку юным жабінкаўцам – членам БРСМ за клопат і захаванне памяці.

У мемарыяльным комплексе ўдзельнікаў “Марафону Мужнасці” віталі вучні Якаўчыцкай сярэдняй школы. Слова ад моладзі трымала дзесяцікласніца Дамініка Козел, якая пранікнёна прыгадала жудасныя падзеі, што адбываліся ў Драмлёве падчас вайны. Пасля яе заканчэння Беларусь адрадзілася і расквітнела пад мірным небам. Пагэтаму дзяўчына заклікала берагчы спакой і мір, што дасталіся такой цяжкай цаной.

Шчымлівая песня ў выкананні Валерыя Няменьшага і хвіліна маўчання, абвешчаная пасля таго, як змоўклі апошнія акорды, надалі яшчэ большую ўрачыстасць хвалюючаму мерапрыемству. У імгненне цішыні было толькі чуваць, як моцны асенні вецер развявае сцягі роднай краіны, вобласці, Жабінкаўскага раёна і БРСМ. А затым, па даўняй традыцыі, да мемарыяла былі ўскладзены жывыя кветкі, якія чырванню сваёй сімвалізуюць ахвярнасць, мужнасць і любоў да жыцця.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.