
Той, хто піша і чытае (а гэта літаральна кожны з нас), проста абавязаны павіншаваць гаспадынь кніжніц з Днём бібліятэк, які адзначаецца 15 верасня.
Метадыст раённай бібліятэкі Ірына Ганчар – з тых, хто з дзіцячых гадоў не ўяўляе свайго жыцця без чароўнага свету кніг. Ужо з маленства яна чытала, нібыта глытала, кнігі, часта бывала на працы ў райбібліятэцы ў мамы Таццяны Уладзіміраўны, дзе з радасцю “падарожнічала” паміж стэлажамі, кожнай кніжцы радавалася, нібыта вялікаму адкрыццю. Іра паходзіла з бібліятэчнай дынастыі. Гэтай справе, акрамя матулі, прысвяцілі сябе цёця Тамара Паўлаўна ды хросная Таццяна Антонаўна. Здаецца, у такім выпадку працяг проста неабходны. Аднак родныя, калі дзяўчына на выдатна скончыла дзевяць класаў, у адзін голас запярэчылі: “Ніякай бібліятэкі! Ідзі ў настаўніцы”. Вось і скіравалася “хатняя дзяўчынка”, што расла ў свеце, напоўненым літаратурнымі героямі, у Брэсцкі музычны каледж імя Рыгора Шырмы, дзе асвоіла ігру на домры, каб вучыць затым дзетак.
І ўсё ж ранейшая мара не давала спакою, таму з лета 2005-га Ірына Пятроўна звязала лёс з нашай райбібліятэкай – сапраўдным раем для аматараў чытання. (Да слова, немалы адрэзак часу Ірына Ганчар узначальвала ўстанову). З першых дзён гэтая іскрамётная жанчына, нібыта агеньчык, здольная і сама гарэць, і іншых запальваць шматлікімі ідэямі. Напрыклад, яе прыдумка – краязнаўча-пазнавальны квэст “Жабінка знаёмая незнаёмка”. Са сваімі краязнаўчымі набыткамі бібліятэкар дзеліцца нават з расійскімі калегамі, выступаючы на анлайн-канферэнцыях. Яе даклад быў апублікаваны ў міжнародным навуковым зборніку ў Кемераве. Разам з Галінай Дулевіч былі створаны рубрыкі “Цікаўным беларусам” і “Хата з матчынай душою”, насычаныя краязнаўчымі гульнямі, у якіх можа паўдзельнічаць усялякі наведвальнік бібліятэчнага сайта.
Асобна вось ужо дзесяцігоддзе займаюцца гаспадыні нашай кніжніцы зборам матэрыялаў пра землякоў-афганцаў. У 2017 годзе са сваім праектам, прысвечаным гэтай тэме, жабінкаўцы занялі трэцяе месца ў рэспубліцы на прэстыжным конкурсе “Бібліятэка – асяродак культуры”. І вось сёлета яшчэ большы поспех нашых бібліятэкараў. У названым штогадовым творчым спаборніцтве 15 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы пройдзе ўганараванне за другое месца работы, распрацаванай Ірынай Ганчар, “Прымяненне ВЭБ-тэхналогій у развіцці і папулярызацыі краязнаўчага турызму”. У аснове работы, адзначанай у намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы”, – культурны брэндзінг горада-спадарожніка, што ўвасобіўся, між іншым, у праектах “Жабінка гістарычная” і “Жабінка сучасная”. Цягам трох гадоў бібліятэкары з дапамогай райвыканкама рухалі гэтую справу, і цяпер кожны жыхар роднага горада здольны з дапамогай QR-кодаў, размешчаных у розных кутках Жабінкі, больш даведацца пра нашае мінулае і сённяшні дзень. Гэта надзвычай спрыяе выхаванню гонару за родны край, багаты сваімі здабыткамі і цікавымі асобамі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
