Жніво на Жабінкаўшчыне ў самым разгары. Шчодры сёлета і колас адкрытага акцыянернага таварыства “Рагазнянскі”. А ўвесь ураджай, сабраны ў палях, сцякаецца на дапрацоўку на зернесушыльны комплекс “КЗСВ-40Г” у Буснях.
Збожжа, якое паступае на КЗС, дапрацоўваецца кругласутачна. Пазменна тут працуюць чатыры вопытныя работнікі: аператары Віктар Арапчук і Аляксандр Данялюк, слесары Аляксандр Макаед і Мікалай Давідчук.

У той дзень, як мы завіталі на комплекс, тут гаспадарылі Віктар Арапчук і яго напарнік Аляксандр Макаед. Для Віктара Мікалаевіча гэта ўжо дзясяты сезон працы за пультам кіравання комплексам. Аляксандр Уладзіміравіч таксама не навічок у сваёй справе: тройчы станавіўся тысячнікам. Ён уважліва сочыць за працэсам, каб зерне добра ачышчалася і не перасыпалася.

На сушылку ў Буснях звозяць збожжа з усіх участкаў гаспадаркі. Абсталяванне на зернесушыльным комплексе сучаснае, дазваляе якасна сушыць зерне. Усё залежыць ад вільготнасці культур: рапс трэба давесці да васьмі працэнтаў, збожжа – да 14-ці. У “Рагазнянскім” паспяваюць сушыць і насенны матэрыял, і збожжа на дзяржзаказ.
– Спачатку на КЗС паступаў на дапрацоўку азімы ячмень, – расказвае дырэктар сельгаспрадпрыемства Ганна Плытнік. – Сеялі яго сёлета ўпершыню, намалацілі 456 тон пры ўраджайнасці 50,7 цэнтнера з гектара.
Больш як пяць гадоў у “Рагазнянскім” не вырошчвалі рапс, аднак у гэтым годзе ён вельмі парадаваў мясцовых аграрыяў: сабралі 706 тон, ураджайнасць 35,3 цэнтнера на круг.

Зараз магутныя МАЗы, адзін з якіх сельгаспрадпрыемства атрымала зусім нядаўна, прывозяць на КЗС яравы ячмень.
– У час жніва вадзіцелі, камбайнеры шчыруюць на максімуме сваіх магчымасцей, – кажа Віктар Арапчук. – Без прастояў намагаемся працаваць і мы. Калі здараюцца дробныя непаладкі, то канструкцыя комплексу дазваляе ажыццяўляць замену няспраўнасцей без спынення вытворчасці. На мой погляд, добрых паказчыкаў дазваляе дасягнуць не толькі камандная работа, але і ўзаемадзеянне з усімі работнікамі гаспадаркі.

Па ўсім бачна: абслугоўванне і кіраванне зернесушыльным комплексам у “Рагазнянскім” даверана прафесіяналам. За змену аператары прасушваюць у сярэднім 80 тон збожжа, а ўсяго на пятніцу 28 ліпеня ўжо перапрацавалі звыш 1700 тон. Не за гарамі і дзве тысячы тон!
Наталля ВАЛОШКА
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 2%










