Першы намеснік начальніка Жабінкаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь Аляксандр Кулік – правая рука кіраўніка Алега Бутрыма, які перакананы: на Аляксандра Мікалаевіча можна абаперціся ў любую хвіліну, даручыць яму любую, нават самую складаную задачу.
Службе ў органах і падраздзяленнях, звязаных з аховай правапарадку і выратаваннем людзей, што патрапілі ў бяду, Аляксандр Мікалаевіч прысвяціў роўна чвэрць веку. За дасягненне высокіх вынікаў і ўзорнае выкананне службовых абавязкаў узнагароджваўся граматамі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС, Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў, раённага выканаўчага камітэта, памятным нагрудным знакам “165 год пажарнай службе”. Яе 170-годдзе Аляксандр Кулік сустрэў у званні маёра ўнутранай службы, верны свайму прызванню і жыццёваму наканаванню.

Высакародная прафесія
Аляксандр Кулік заўсёды лічыў прафесію выратавальніка высакароднай і запатрабаванай. У 1998 годзе юнак скончыў Ленінскую сярэднюю школу і паступіў у Мінскае вышэйшае пажарна-тэхнічнае вучылішча МУС , якое потым перайменавалі ў Камандна-інжынерны інстытут. Пасля атрымання ў 2003 годзе дыплома Аляксандр працаваў у Жабінцы ў інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Аднак прага да ведаў і жаданне павысіць кваліфікацыю зноў прывялі Аляксандра Мікалаевіча ў сталіцу. У 2004-м ён паступіў на камандны факультэт Камандна-інжынернага інстытута і паспяхова яго скончыў.
Шаснаццаць гадоў Аляксандр Кулік працаваў намеснікам начальніка па аператыўна-тактычнай рабоце Жабінкаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, забеспячваў баявую гатоўнасць падраздзяленняў і дзяжурных каравулаў. А летась стаў першым намеснікам начальніка РАНС.
– Кола маіх абавязкаў пашырылася. Дадалася арганізацыя функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Шмат увагі ўдзяляю падрыхтоўцы асабовага саставу, арганізацыі тэарэтычных і практычных заняткаў з байцамі, тактыка-спецыяльных вучэнняў, – расказвае Аляксандр Мікалаевіч. – Кантралюю пытанні пажарнай бяспекі падчас правядзення сельскагаспадарчых работ, масавых мерапрыемстваў і святаў.
І ў агонь, і ў ваду
На выратавальнікаў таксама ўскладзена каардынуючая роля ў арганізацыі работы па папярэджанні гібелі людзей на вадзе. Работнікі РАНС сумесна з зацікаўленымі службамі пастаянна праводзяць прафілактычныя рэйды для праверкі месцаў адпачынку каля вадаёмаў.
У саставе дзяжурнага каравула маёру ўнутранай службы Аляксандру Куліку неаднойчы даводзілася выязджаць і на дарожна-транспартныя здарэнні, кіраваць дэблакіроўкай вадзіцеляў і пасажыраў.
– Заўсёды хочацца вызваліць людзей як мага хутчэй, бо часам лік ідзе не на хвіліны, а на секунды, і ад умелых, зладжаных дзеянняў выратавальнікаў залежыць чалавечае жыццё. Нашы байцы праходзяць сур’ёзную псіхалагічную падрыхтоўку, таму што выгляд крыві або адкрытых ран пры ДТЗ і абгарэлых целаў пры пажарах не для слабых нервамі, – гаворыць ён.
Аляксандр Кулік адзначае: каб трапіць на службу ў раённы аддзел надзвычайных сітуацый, неабходна прайсці сур’ёзны конкурсны адбор. Выратавальнікі-пажарныя павінны быць фізічна падрыхтаванымі, вынослівымі, умець цвяроза ацэньваць сітуацыю, разумець усю адказнасць сваіх учынкаў, рызыку.
– Мой абавязак – падрыхтаваць байцоў-агняборцаў да тушэння пажару, а таксама забяспечыць матэрыяльна-тэхнічную базу, – працягвае мой суразмоўца. – Тэхніка павінна быць адрамантавана і гатова да прымянення ў любую хвіліну. У надзвычайных сітуацыях выратавальнікам неабходна правільна прымаць рашэнні, першачарговая задача – выратаваць людзей. Як кіраўнік працэсу тушэння пажару адказваю не толькі за яго паспяховую ліквідацыю, але і за жыццё і здароўе сваёй каманды.
Надзейныя памочнікі Аляксандра Куліка ў службе – намеснік начальніка РАНС Аляксандр Батуля, старшы інжынер Вікторыя Кадэнская, начальнікі дзяжурных змен Ігар Бандарчук і Іван Ганчук, старшы вадзіцель Мікалай Шчэрбін, начальнікі пастоў у Шпіталях ды Азятах Юрый Андросенка і Аляксандр Здзярук.
– Нас аб’ядноўваюць агульныя задачы: ліквідаваць пажары, ратаваць людзей, – кажа мой суразмоўца. – Да таго ж зараз пачасціліся выклікі работнікаў РАНС на знішчэнне гнёздаў вос і шэршняў, выратаванне тых, хто трапіў у калодзеж, упаў у каналізацыю, пацярпеў ад моцнага ветру, снежнай буры… Мы павінны быць гатовы да любой надзвычайнай сітуацыі.
Дзеля гэтага Аляксандр Кулік пастаянна павышае свой прафесійны ўзровень ды прымяняе новыя формы і метады работы.
Начальнік РАНС Алег Бутрым так характарызуе свайго намесніка:
– Аляксандр Мікалаевіч у інтарэсах службы не лічыцца з асабістым часам, пры ліквідацыі пажараў і надзвычайных сітуацый здольны імгненна ацаніць абстаноўку і прыняць правільнае рашэнне. За апошнія пяць гадоў ён прыняў удзел у ліквідацыі звыш паўсотні пажараў і дзясятка аварыйных сітуацый, у пошуку і эвакуацыі чатырох чалавек, якія згубіліся ў жабінкаўскіх лясах.
Па ўсім бачна: Аляксандр Кулік любіць сваю прафесію і застаецца верным службе выратавання. Бо яна – адказная і пачэсная. Таму і гаворыць пераканана:
– Людзі спадзяюцца на нас, давяраюць, чакаюць дапамогі, і мы не маем права іх расчараваць.

Замест эпілога
– Сёлета пажарнай службе Беларусі споўнілася 170 год. З якімі набыткамі сустрэў гэтую дату Жабінкаўскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях? – спыталася я напрыканцы размовы ў Аляксандра Куліка.
– За апошнія гады амаладзіўся кадравы састаў, павялічылася колькасць баявых разлікаў у пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1, на ўзбраенні нашых выратавальнікаў сучасная тэхніка і абмундзіраванне. Мы забяспечаны ўсім неабходным, каб у патрэбны момант прыйсці на дапамогу. 25 ліпеня мы адзначаем Дзень пажарнай службы. Жадаю калегам моцнага здароўя, спакойных дзяжурстваў, падтрымкі сям’і, міру і дабрабыту, – сказаў Аляксандр Мікалаевіч.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
