Такім яно стала для многіх, хто тут нарадзіўся, для каго Жабінка – светлая частка жыцця. У суботу, 22 ліпеня, наш любы горад зноў быў напоўнены святам. І хоць першым на яго завітаў… дождж, ды неўзабаве, як распагодзілася, сонца паклікала жабінкаўцаў і гасцей горада-спадарожніка падзяліць агульную радасць.
Хто да зорак дацягнуўся?
Касмічная тэматыка не абмінае Жабінку з таго часу, як амаль дзесяць гадоў таму яна была абвешчана горадам-спадарожнікам Брэста. Пагэтаму і святочная праграма была пабудавана ў якасці яркага падарожжа паміж сузор’ямі. А лейтматывам сённяшняга свята сталі словы старшыні райвыканкама Андрэя Кузьміча. У віншавальнай прамове ён зазначыў, з якой касмічнай хукасцю праляцеў час ад мінулага Дня горада, але, што галоўнае, час гэты быў мірным і стваральным. Таму Андрэй Мікалаевіч з удзячнасцю пералічыў дасягненні і поспехі жабінкаўцаў, распавёў пра планы, што чакаюць свайго вырашэння для жыхароў горада, які стаў для многіх кропкай прыцягнення, вядомай у свеце. Былі пералічаны асобы, што ў мінулыя гады станавіліся Ганаровымі грамадзянамі Жабінкаўскага раёна. Сёння іх спіс папоўніўся – з рук кіраўніка раёна Андрэя Кузьміча і старшыні раённага Савета дэпутатаў Анатоля Шалтанюка пасведчанне аб гэтым высокім званні атрымаў вядучы інжынер ПМК-19 Пётр Вайноўскі, які раней паспяхова ўзначальваў арганізацыю, што не раз станавілася пераможцай у сваёй галіне. Акрамя таго, Пётр Уладзіміравіч вядомы як стваральнік адметнага гісторыка-экспазіцыйнага комплексу развіцця меліярацыі зямель Брэстчыны.
Несумненна, зорная карта Жабінкаўшчыны напоўнена прадстаўнікамі розных прафесій і ўзростаў. Хвалюючым момантам стала ўганараванне лепшых з лепшых. Прынамсі, граматай райвыканкама былі ўзнагароджаны былы дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг №109 “Беларусбанка” Валянцін Кушнярэвіч і кіраўнікі навучальных устаноў раёна – дырэктары трэцяй гарадской школы Наталля Урбан, Старасельскай СШ Алена Зінкевіч і ліцэя Ганна Кулагіна. Лістамі падзякі ад раённага выканаўчага камітэта, у сваю чаргу, адзначана праца галоўнага спецыяліста аддзела эканомікі райвыканкама Марыны Мялік і Крысціны Прыймачук, якая займаецца інфармацыйнай асветай на прасторах інтэрнэту, дырэктара “Лясной гавані” Яўгена Кірылюка ды прадстаўнікоў фермерскіх гаспадарак Сяргея Кузняца, Людмілы Кухарчук, Віктара Якаўчука.
З асаблівай прыемнасцю вядучыя агучылі імёны сямі зорачак, што ўзышлі на небасхіле падчас выпускных іспытаў. Іх поспех увасоблены ў сотнях балаў, набраных на цэнтралізаваным тэсціраванні, а Вольга Друшчыц са Старога Сяла паказала абсалютны вынік, калі набрала максімальныя 400 балаў. На жаль, дзяўчына не змагла непасрэдна прысутнічаць на свяце, а вось іншыя паспяховыя выпускнікі (Кацярына Міцкевіч і Вераніка Сінькевіч, Кацярына Юзафовіч і Міхаіл Сядко, Яўген Пракопчык і Уладзіслаў Гірылюк) узнімаліся на сцэну пад гарачыя апладысменты па Лісты падзякі і сертыфікаты.
Ад віншаванняў гасцей робіцца цяплей
Усялякае свята бывае на гасцей багата. Многія з дасягненняў, якімі славіцца горад-спадарожнік, былі б недасягальнымі без падтрымкі прадстаўнікоў з брэсцкай арбіты. На мерапрыемства завіталі тыя, хто шчыра любіць Жабінку і паважае жабінкаўцаў.
Нездарма сваю прамову намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, які і сам раней узначальваў наш край, завяршыў пажаданнямі росквіту і міру, шчасця і дабрабыту ды воклічам: “Жабінкаўскі раён – самы лепшы!” Акрамя таго, Дзмітрый Мікалаевіч зачытаў віншаванні з нагоды свята ад кіраўніка вобласці Юрыя Шулейкі.
Кожны з выступоўцаў знаходзіў нешта блізкае-роднае паміж Жабінкай і Брэстам. Мэр горада над Бугам Сяргей Лабадзінскі падзякаваў за тое, што “малодшы брат запрасіў на свята старэйшага”, з удзячнасцю узгадаў пакаленні, што ваявалі, адраджалі і зараз зберагаюць мір на зямлі, ствараючы наш дабрабыт. “У нас цяпер шмат агульнага, – заўважыў Сяргей Мікалаевіч, – найперш людзі, што працуюць у двух гарадах”.
Кіраўнік спраў Маскоўскага раёна горада Брэста Аляксандр Саўчанка быццам падхапіў гэтую думку і жартаўліва паскардзіўся на тое, што “каля 60 “масквічоў” мы нядаўна аддалі Жабінцы, бо яны пабудаваліся ў горадзе-спадарожніку”, атрымаўшы тутэйшую прапіску. Аляксандр Мікалаевіч завітаў на свята не з пустымі рукамі і перадаў у дар жабінкаўцам арыгінальную карціну з выявай Беларусі.
Са свайго боку, пранікнёна прагучалі словы сакратара Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення, дабрачыннага цэркваў Жабінкаўскай акругі протаіерэя Сергія Петрусевіча, які з радасцю падзяліўся адчуваннем, што “свята сабрала ў агульным доме вялікую сям’ю, якая аддае даніну памяці тым, хто атрымаў ад Бога свабоду”, таму і заклікаў “несці здабытую імі Перамогу асцярожна, нібыта крыштальны посуд”, перадаваць яе з пакалення ў пакаленне.
Далейшы карагод з узнагарод
Аднак скарбонка ўзнагарод была далёка не вычарпана.
Як вядома, штогод 25 ліпеня сваё прафесійнае свята адзначаюць нашы агняборцы. Таму наступнае сузор’е, што залунала на свяце, было прысвечана выратавальнікам краіны, якія гатовы заўжды прыйсці на дапамогу. З рук намесніка старшыні райвыканкама Іны Тарасевіч Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў атрымалі намеснік начальніка РАНС Аляксандр Батуля і спецыяліст сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Любоў Вайтовіч. Лісты падзякі райвыканкама, у сваю чаргу, атрымалі Сяргей Дабрадзей і Сяргей Кавальчук з Жабінкаўскага раёна электрасетак, а таксама прадстаўнікі аддзялення Дэпартамента аховы Раман Баранчук і Руслан Парукаў.
Наступнае сузор’е, названае “Анёлы клопату”, было прысвечана тым, хто штодня шчыруе ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. За шматгадовую адданую працу і прафесіяналізм граматай райвыканкама ўганараваны Ірына Гамола і Святлана Корань, лістом падзякі была ўзнагароджана эканаміст установы Алена Саковіч.
А затым вядучыя прапанавалі прыслухацца да чароўнай душэўнай мелодыі, што даносілася з вельмі яркага сузор’я “Каханне”. Ужо даўно на святочнай арбіце падчас Дня горада прынята віншаваць сямейныя пары – тыя, што даўно злучыліся, і тыя, што толькі нядаўна нарадзіліся. Агульныя думкі, надзеі і жаданні аб’ядноўваюць сям’ю Станіслава і Наталлі Цярохіных, якія сёлета адзначаюць першы год сумеснага жыцця. А вось для Алега і Вольгі Бутрымаў прыйшоў час сярэбранага вяселля. Хоць бываюць і больш каштоўныя металы, калі пара становіцца ўладальніцай сакрэту, як разам выкаваць, напрыклад, залатое шчасце, як гэта зрабілі Лідзія Канстанцінаўна і Іван Іванавіч Мікулікі, Валянціна Віктараўна і Міхаіл Міхайлавіч Бандарукі, што разам жывуць у згодзе ды радасці цэлыя паўвека.
Заўсёды праца і парадак у пашане
Не цяжка было здагадацца, якія выдатныя зоркі можна было сустрэць у сузор’і, прысвечаным людзям, што шчыруюць у эканамічнай сферы. Нездарма сёння ў раёне адзін з найбольш істотных тэмпаў заработнай платы на Брэстчыне, рэалізуюцца таксама шэраг інвестыцыйных праектаў. Прыемную місію ўганаравання работнікаў сферы эканомікі на Дні горада Жабінкі выканаў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Хізоў. З яго рук Ганаровую грамату камітэта эканомікі Брэсцкага аблвыканкама атрымала начальнік планава-эканамічнага аддзела камбікормавага завода Іна Гаўрысюк, а Ліст падзякі старшыні камітэта эканомікі абласнога выканаўчага камітэта – галоўны эканаміст цукровага завода Таццяна Ляшчына. Акрамя таго, Ганаровай граматай райсавета дэпутатаў узнагароджаны эканаміст філіяла “Брэстаблгаза” Юрый Максімчук. Граматы райвыканкама папоўнілі скарбонку ўзнагарод начальніка эканамічнага сектара ПМК-10 Таццяны Ярашук, кіраўніка планава-эканамічнага аддзела філіяла “Брэстаблгаза” Наталлі Ганчаровай і прадстаўнікоў аграрных і перапрацоўчых арганізацый – Віктара Валасюка (ААТ “Жабінкаўскі”), Дзмітрыя Гордзіна (“Арэпічы”), Таццяны Дабрадзей (“Рагазнянскі”), Людмілы Парафянюк (“Хмелева”) і Людмілы Олінай (“Жабінкаўскі камбікормавы завод”).

Сярод традыцый, на якія багата свята, – ушанаванне тых, хто шчыруе ў будаўніцтве і добраўпарадкаванні нашага горада, дэманструючы багатую палітру развіцця Жабінкі. Напярэдадні ў горадзе-спадарожніку з’явіліся новыя арт-аб’екты, у тым ліку з прызнаннем у шчырым каханні да месца, самага дарагога на карце свету. З гонарам прыгадваем, што за 2022 год у раёне пабудавана больш за 21 тысячу квадратных метраў жылля, у тым ліку рэкордныя 16 тысяч у самім райцэнтры. Таму ў сузор’і “ДабраБУД” цалкам заслужана з рук намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Сцепанюка ўзнагароды атрымалі работнікі прадпрыемстваў будаўнічай галіны, транспарту і камунальнай гаспадаркі. Прынамсі, граматай райвыканкама ўганараваны Аляксандр Жмайлік з упраўлення капітальнага будаўніцтва Жабінкаўскага раёна; Аляксандр Мельнічэнка з ДРБУ-103 (яшчэ адзін прадстаўнік будаўнічай арганізацыі – Аляксандр Старыкевіч – атрымаў Ліст падзякі); працаўнікі ПМК-10 Сяргей Гродскі, Васіль Мазур і Вячаслаў Рыбчынскі; камунальнікі Аляксандр Ткачук і Сяргей Юдчыц ды работнікі ПМК-19 Уладзімір Кірылюк, Наталля Пунько і Аляксандр Кандрацюк.
Пераможцам конкурсу на лепшую арганізацыю прамысловасці, лясной гаспадаркі, транспарту, сувязі, гандлю і сферы паслуг сёлета прызнаны санаторый “Буг”, які ўзначальвае Кацярына Шалесцюковіч. Лепшай арганізацыяй будаўнічай і дарожнай галіны, энергетычнага комплексу і ЖКГ абвешчана ПМК-19 (кіраўнік Іван Вакулін-Хведарэц). Найлепшымі прыдамовымі тэрыторыямі названы ЖБВК №24 на вуліцы Лесапаркавай ў Жабінцы (старшыня – Аляксандр Макей) і дом у Саках Максіма Амелянчука.
На культурным сузор’і
Тыя, хто заслужыў пашану, на лічаныя хвіліны ўзнімаліся на сцэну. Але ж якое сузор’е ззяла бесперарыўна? Здагадацца вельмі проста: сузор’е звалася “Культура Жабінкаўшчыны”, бо свята ўвесь час насычалі мясцовыя і рознабаковыя таленты. Асобна прыгадалі ўзорны ансамбль народнага танца “Каруначкі”, які сёлета адзначыў 40-годдзе сваёй творчай дзейнасці. Цудоўны калектыў, які нязменна ўзначальвае Ірына Румко, узнагароджаны Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў. Па вельмі ўважлівай прычыне юныя танцоры адсутнічалі на свяце, паколькі прадстаўлялі ўсю Беларусь на фестывалі “Наш дом – Зямля” ў “Артэку”, але ўзнагарода абавязкова дачакаецца сваіх герояў.
А ў той суботні святочны дзень музычныя віншаванні пераможцам і ўсім, хто прысутнічаў на гожым юбілеі роднага горада, дарылі народныя калектывы “Каларыт” і “Аляксандр-парк”, удзельнікі студыі “Золак”, гарэзлівыя выканаўцы з ансамбляў “Спявай, душа!” і “Новы стыль”. Парадавалі сваімі цудоўнымі спевамі таксама салісты Таццяна Баталіна і Злата Лукашэвіч, Вольга і Сяргей Аксюты.
Не менш цікавымі святочнымі праграмамі радавалі бібліятэкары, якія арганізавалі пляцоўку для аматараў кніг “Жабінка ПраЧытанне” і сустрэчу з пісьменнікам-земляком Анатолем Брытуном. У розных кутках гарадскога парка былі рассыпаны, быццам зорачкі, іншыя пляцоўкі, створаныя медыкамі і прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа, супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і Дэпартамента аховы, якія знаёмілі са сваімі прафесіямі, раздавалі буклеты і дэманстравалі, наколькі патрэбнымі справамі займаюцца. Актывісты БРСМ арганізавалі “адкрыты мікрафон”і фотавыставу “Жабінка да і пасля”, а таксама акцыю “Роднае-народнае”. Для юных жыхароў горада-імянінніка разгарнуўся сапраўдны “Горад дзяцінства” (дарэчы, на гэты раз маленькія маглі пакатацца не толькі на поні, але і на конях). Асобна прадпрыемствы прэзентавалі сябе і сваю прадукцыю. У гэтым плане, бадай, самымі вынаходлівымі і крэатыўнымі сталі цукравары і працаўнікі камбікормавага завода.
“Касмічнае” свята Жабінкі працягвалася да позняй ночы, калі неба расквецілася каляровымі зоркамі салюта і лазернага шоу.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 2%














































































