У “Ракітніцы” рапс урадзіў

На Жабінкаўшчыне 16 ліпеня стартавала ўборка азімага рапсу. Першымі да яе прыступілі ў адкрытых акцыянерных таварыствах “Рагазнянскі” і “Ракітніца”.

У панядзелак мы завіталі на рапсавы палетак за хутарам Стрыганецкія Бусні, дзе нас сустрэлі дырэктар “Ракітніцы” Дзмітрый Нікіцін і галоўны аграном Аляксандр Андрасюк.

Дзмітрый Аляксеевіч адзначыў, што ў гаспадарцы задаволены тым, як урадзіў азімы рапс – у першы дзень у сярэднім на круг выйшла па 40 цэнтнераў, а гэта вельмі высокі паказчык.

Пад рапс у “Ракітніцы” адведзена 300 гектараў – у нядзелю ўбралі 55. Нарыхтавалі 220 тонн насення.

– Сёлетняя зіма і вясна былі спрыяльнымі для гэтай капрызнай алейнай культуры, – кажа Дзмітрый Нікіцін. – Дый мы прыклалі максімум намаганняў, каб паспяхова яе вырасціць. Калі надышоў час уборкі, таксама аказаліся ў поўнай гатоўнасці. На палетак вывелі адразу чатыры камбайны, за штурвалам якіх надзейныя вопытныя хлопцы: Сяргей Горб і Дзмітрый Стэльмашук, Міхаіл Янчук і Мікалай Кавальчук. Такім “квартэтам” з рапсам управімся хутка. Калі не будзе дажджу, – дзён за шэсць. Адвозяць ураджай ад камбайнаў вадзіцелі Ігар Сколда і Аляксандр Плечка, Андрэй Пасевіч, Мікалай Яўтушык і Васіль Вярэшка.

Вільготнасць рапсу ў “Ракітніцы” 10 працэнтаў, а па норме яна павінна быць восем. У таварыстве без прамаруджвання вядзецца дапрацоўка рапсу, для чаго задзейнічалі сушылку “КЗС-15”. Дасушанае насенне будзе рэалізоўвацца на ТАА “Аграпрадукт”.

Час ляціць хутка. Не за гарамі і ўборка збожжа, да якой у “Ракітніцы” таксама гатоўнасць нумар адзін.

Наталля ВАЛОШКА
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.