Галоўнае, чым займаюцца чытальнікі, – сваімі выступленнямі папулярызуюць творчасць пісьменнікаў, дапамагаюць слухачам далучацца да прыгожага слова.
Менавіта гэтаму быў прысвечаны XV Міжнародны літаратурны анлайн-марафон “ЧетыреИмени.com: Пешком по городу”, абвешчаны Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай Кіраўскага раёна горада Санкт-Пецярбурга. Марафон ладзіўся ў рамках фестывалю ”Калі ты ў маім сэрцы, Расія, дык у сэрцы маім Беларусь”. Мерапрыемства прысвячалася пісьменнікам-франтавікам, чые імёны носяць вуліцы беларускай сталіцы.
Сёлета споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння адразу чатырох айчынных майстроў слова – Алеся Бачылы, Міколы Ткачова,
Эдуарда Валасевіча і Паўлюка Пранузы. Іх творы і было прапанавана агучыць чытальнікам. Таму побач з чатырма імёнамі, вядомымі ў беларускай літаратуры, павінна было паўстаць і пятае – таго, хто зможа прыгожа данесці слова творцы да слухача.
Літмарафон прыцягнуў да сябе больш за шэсць дзясяткаў чытальнікаў з розных куткоў Саюзнай дзяржавы. У іх ліку – прадстаўніца Жабінкі Марыя Пратасюк, якая атрымала за сваё анлайн-выступленне Падзяку ад арганізатараў спаборніцтва. Для дэкламавання наша зямлячка ўпадабала верш Алеся Бачылы, у якім паэт шматкроць прызнаваўся ў шчырай любові да Мінска.
Нагадаем, Аляксандр Мікалаевіч прайшоў доўгімі вёрстамі вайны і скончыў свой вайсковы паход у пераможным сорак пятым. Яго ўжо няма між намі, але вершы паэта жывыя і праз сорак гадоў пасля яго фізічнай смерці. Думаецца, хоць адзін Бачылаў твор ведае кожны беларус. Напрыклад, той, што стаў песняй “Радзіма мая дарагая”. І словы “Красуйся і ў шчасці жыві”, якія выйшлі з-пад пяра паэта, і сёння ўспрымаюцца як пажаданне роднай Беларусі існаваць вечна на зямлі ў прыгажосці, велічы і міры.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
