На пашыраным пленуме раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК былі падведзены вынікі працы за мінулы год і першы квартал сёлетняга, вызначаны перспектыўныя задачы, прааналізавана выкананне пастаноў і пагадненняў.
Адразу зазначым: размова атрымалася шчырай, дазволіла разглядзець пытанні жыцця раённай прафсаюзнай арганізацыі АПК у адпаведнасці з накірункам, акрэсленым VII пленумам ФПБ і нядаўнім IV пленумам Рэспубліканскага камітэта галіновага прафсаюза.
Са справаздачай выступіла старшыня райкама прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Любоў Каберна, якая падкрэсліла:
– Лічу, галоўны вынік нашай працы ў тым, што мы здолелі сумесна з наймальнікамі захаваць стабільнасць у працоўных калектывах аграрнай галіны, падтрымаць у іх спрыяльны маральна-псіхалагічны клімат. Галоўная зона нашай адказнасці – гэта занятасць і заробак, ахова працы, сацыяльныя гарантыі і, у цэлым, абарона сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў.
Гэта выклікае давер у людзей, таму стапрацэнтнае членства забяспечваюць 13 прафсаюзных ячэек. Аднак неабходна і надалей матываваць людзей, каб павялічвалася колькасць сяброў прафсаюзных арганізацый.
Увогуле, Любоў Антонаўна пераканана: клопат пра людзей, якія працуюць на сяле, абавязкова прынясе станоўчы вынік.
Асобна дакладчык спынілася на калектыўных дагаворах, падкрэсліўшы, што летась КД быў заключаны яшчэ ў адной арганізацыі – фермерскай гаспадарцы “ЯКВІЛ”. Найбольш поўнае адлюстраванне нормаў у калектыўных дагаворах у ААТ “Жабінкаўскі”, “Ракітніца”, “Жабінкаўскі цукровы завод”, “Жабінкаўская сельгастэхніка”, “Вазнясенскі”, “Хмелева”, “Арэпічы” і “Рагазнянскі”.
Яшчэ адзін прыярытэтны накірунак дзейнасці – ахова працы, якая скіравана на захаванне жыцця і здароўя людзей. Дзеля гэтага кантроль на рабочых месцах здзяйсняюць грамадскія інспектары па ахове працы.
Як адзначыла Любоў Каберна, у справаздачны перыяд на пастаянным кантролі было выкананне працоўнага заканадаўства. Працягвалася стварэнне ў арганізацыях камісій па працоўных спрэчках. Летась у іх звярталіся два работнікі (з цукровага завода і “Мацеевічаў”).
– Асобна мы звяртаем увагу на маладых спецыялістаў, – падзялілася Любоў Антонаўна. – Ужо два гады ладзім з імі семінары-сустрэчы. Юнакі і дзяўчаты даведваюцца пра сацыяльна-эканамічную падтрымку з боку дзяржавы, дзеляцца, як іх прынялі на першым працоўным месцы. Створаны Моладзевы савет у складзе пяці найбольш актыўных прафлідараў.
Увогуле, прафсаюзнае жыццё аграрыяў насычана важнымі падзеямі. Падчас рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод” былі наведаны ўсе малочнатаварныя фермы і комплексы Жабінкаўшчыны. За ўдзел у акцыі за першы квартал 2023 года ўганараваны 49 працаўнікоў. Акрамя таго, райкам прафсаюза работнікаў АПК традыцыйна заахвочвае ўдзельнікаў вясенне-палявых работ, нарыхтоўкі кармоў, жніва, пасеву азімых.
Прафсаюз АПК клапоціцца пра адпачынак сваіх работнікаў. У мінулым годзе план па аздараўленні выкананы на 101 працэнт. Найлепшыя вынікі ў гэтым паказалі ў ААТ “Рагазнянскі”, “Жабінкаўскі” і “Ракітніца”, на цукровым і камбікормавым заводах і ПМК–19. У цэлым па раённай арганізацыі за першы квартал 2023 года план выкананы больш чым на 200 працэнтаў дзякуючы туру выхаднога дня ў “Санаторый імя Леніна”.
Спартыўна-масавая работа асабліва добра наладжана на цукровым і камбікормавым заводах. У маі жабінкаўская зборная каманда даволі паспяхова паўдзельнічала ў абласных вясковых гульнях сярод работнікаў АПК. Трое жабінкаўцаў выступілі на рэспубліканскай спартакіядзе, адстойваючы гонар вобласці.
Развіваецца таксама турызм. Летась праведзена 14 экскурсійных мерапрыемстваў, у якіх паўдзельнічалі 580 членаў прафсаюза. Найбольш актыўнымі ў гэтым былі працаўнікі нашых заводаў-флагманаў. Дзеля далейшага развіцця турызму сфарміраваны план заявак на паслугі “Беларустурыста”.
У дыскусіях пасля дакладу выступілі кіраўнікі пярвічных ячэек. Старшыня прафсаюзнай пярвічкі ААТ “Жабінкаўскі” Віктар Валасюк расказаў пра калектыўна-дагаворную работу, Жанна Трафімук з “Рагазнянскага” закранула пытанні аховы працы ў гаспадарцы, а кіраўнік прафсаюзнай арганізацыі цукравараў Андрэй Іванюк распавёў, як аздараўляюцца і займаюцца турызмам завадчане.
Пасля пленарнага пасяджэння ўдзельнікі наведалі музейны комплекс развіцця меліярацыі Палесся ў ПМК–19.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
