Раён развіваецца, раёнка абнаўляецца

Пяты майскі дзень – вельмі важнае свята для тых, хто штодня жыве ў інфармацыйным полі, стварае і занатоўвае сучасную гісторыю, шчыра друкаваным словам гутарыць з чытачом. Адным словам, заўтра – святочны журналісцкі дзень.

Зроблена на вякі!

Увогуле, свята адлічвае пачатак з 5 мая 1912 года. Тады, больш за сотню гадоў назад, пабачыла свет ленінская “Праўда”. Ад яе ўзяў вытокі ўвесь савецкі друк. З часам і ў нас, у Жабінцы, узнікла свая раёнка з красамоўнай назвай “Ленинский путь” – “бабуля” сённяшняй “Сельскай праўды”.

Старт “Ленинскому пути” быў дадзены ў нядзелю 29 кастрычніка 1944 года. Яшчэ не скончылася ліхалецце і да Вялікай Перамогі заставаліся доўгія франтавыя вёрсты, але ўжо наладжвалася мірнае жыццё ў вызваленым краі. Адной з яго прыкмет і стаў пачатак выдання ў Жабінцы раённай газеты, якая пачыналася з закліку: “Хлеб – радзіме, хлеб – фронту!” Першым, хто ўзышоў на капітанскі мосцік жабінкаўскай раёнкі, стаў рэдактар нашага выдання Канстанцін Казакоў. Пасля яго амаль за восем дзясяткаў гадоў у газеце ўжо змяніліся 16 кіраўнікоў.

Мяняліся не толькі асобы, але і самое выданне. Усё пачыналася з “баявога лістка”, а дарасло да сённяшняй каляровай газеты. Аднак заўсёды ў фокусе ўвагі мясцовых карэспандэнтаў заставалася галоўная мэта: несці рознабаковую інфармацыю пра падзеі і людзей, што жывуць і аддана працуюць на Жабінкаўшчыне. У гэтым раёнцы ніколі не было роўных, бо ніводнае СМІ ніколі (нават у наш лічбавы час) не расказвала так шмат пра Жабінкаўскі раён, як гэта робіць “Сельская праўда”.

Акрамя таго, нельга забывацца на старую, як свет, мудрасць: “Что написано пером, не вырубишь топором”. Любы файл, электронная папачка, сайт, як матылёк-аднадзёнка, могуць імгненна знікнуць у акіяне інфармацыі ці проста перастаць існаваць. І толькі тое, што трапіла на газетныя і кніжныя старонкі, жыве і будзе жыць дні, гады і нават стагоддзі. Таму і справа журналістаў друкаваных СМІ вельмі запатрабаваная і надзвычай адказная. Гэта стала відавочна ў 1959– 1966 гадах, калі часова прыпыніў існаванне Жабінкаўскі раён, а разам з ім і мясцовае перыядычнае выданне. Звестак пра гэты час значна паменела, бо іх амаль не пакідалі ў названыя гады журналісты-“летапісцы”.

Таму ўявіце, якое вялікае свята прыйшло на жабінкаўскую зямлю 1 студзеня 1967 года, калі раённая газета адрадзілася пад назвай “Сельская праўда”. Першы нумар выйшаў у навагодні дзень. Была нядзеля, і ўпершыню ў гісторыі раёнка прыйшла да чытача двухкаляровай. З гэтага часу газета пачала выдавацца тройчы на тыдзень на беларускай мове, а рэдакцыя атрымала прапіску ў доме №42 на вуліцы Кірава. Пазней адрасы выдання мяняліся: яно месцілася на вуліцах Піянерскай, Леніна, Кароткіна, Будзённага.

А на якім высокім узроўні святкаваўся раней Дзень друку! Стала традыцыяй кожнае 5 мая адзначаць урачыста з запрашэннем кіраўнікоў раёна і шматлікіх няштатных карэспандэнтаў, якія дасылалі свае лісты ў “Сельскую праўду” з усіх куткоў раёна.

Час выбраў нас

Час, як вядома, не стаіць на месцы. Ён нясе з сабою змены. Не застаецца ў баку ад іх, вядома, і “Сельская праўда”. Сёлета ў ёй істотныя змяненні, якія заўважаюць нашы чытачы-падпісчыкі. Гэтыя змены не толькі вонкавыя, бачныя, як гаворыцца, няўзброеным вокам, сярод якіх найбольш істотныя – шматколернасць і палепшаны дызайн. Гэта найперш звязана з тым, што з 2023 года “Сельская праўда” ўвайшла ў склад КУІП “Рэдакцыя Брэсцкай абласной газеты «Заря»”.

Што таксама надзвычай прыемна, напярэдадні сёлетняга Дня друку жабінкаўская раённая газета адсвяткавала наваселле. Наш сённяшні адрас: вуліца Савецкая, 7 (у будынку “Беларусбанка”).

Калектыў, які зараз шчыруе над выданнем раёнкі і папаўненнем яго сайта, складаецца ўсяго з чатырох чалавек: галоўнага рэдактара Васіліны Вайтовіч, аглядальнікаў Наталлі Аляксейчык і Анатоля Бензерука, а таксама фотакарэспандэнта Кацярыны Якубёнак. Аднак нават такім невялікім складам мы стараемся па-ранейшаму трымаць руку на пульсе жыцця Жабінкі і раёна, асвятляць падзеі, на якія багаты наш край, упісваць новыя старонкі ў яго сучасны летапіс.

Пры гэтым не забываемся павіншаваць са святам друку ветэранаў-“сельскапраўдаўцаў” і тых, хто шмат гадоў аддаў стварэнню раённага перыядычнага выдання. Шчырыя нашы пажаданні здароўя, радасці, дабра вам, Расціслаў Мацвеевіч Бензярук і Святлана Мікалаеўна Вішнеўская, Людміла Канстанцінаўна Каско, Ірына Фёдараўна Жук і Святлана Іванаўна Кіслая, Ірына Сцяпанаўна Міхнюк і Алена Мікалаеўна Ануфрыюк. Кожны з вас зрабіў нямала, каб у свеце горда ззяла імя горада-спадарожніка і ўсяго жабінкаўскага краю.

А цяпер – колькі слоў тым, каму рухаць надалей друкаванае слова на Жабінкаўшчыне.

Кацярына ЯКУБЁНАК:

– Сёлетні год і гэтае выданне для мяне асаблівыя. Можна сказаць, адбываецца мой журналісцкі дэбют. Вельмі радуе, калі здымкі, створаныя маімі рукамі, радуюць людзей і паказваюць наш разнастайны і вельмі прыгожы свет.

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК:

– Які ўсё ж неўтаймаваны час! Здавалася, зусім нядаўна пераступіла парог “Сельскай праўды”, і вось ужо амаль 10 год, як працую на журналісцкай ніве. Радуе, калі нашы публікацыі бываюць карыснымі чытачам, калі ў газеце людзі знаходзяць адказы на пытанні, што іх хвалююць. Хвалюйцеся, шаноўныя, бо жыццё не павінна быць шэрым і прэсным. І ў сілах журналістаў тое жыццё зрабіць цікавым ды разнастайным!

Васіліна ВАЙТОВІЧ:

– “Сельская праўда” сустрэла мяне ў няпросты час рэарганізацыі. Так, гэты год для газеты – перыяд пераменаў і новых рашэнняў. Змяніўся знешні выгляд, але галоўнае захавалася – рабіць якасна сваю справу, прыслухоўвацца да пажаданняў чытачоў і быць на вастрыі падзей. У Дзень друку хочацца пажадаць чытачам заставацца разам з намі, а калегам – мець паболей крэатыву і творчых поспехаў!

Анатоль РОСТАЎ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.