Вопытам дзяліліся прафлідары

Двухдзённая сустрэча старшынь гарадскіх і раённых аб’яднанняў прафсаюзаў ладзілася ў Мінску. Прафсаюзныя лідары завіталі ў сталіцу з усіх куткоў краіны. Жабінкаўшчыну на рэспубліканскім семінары-нарадзе прадстаўляла старшыня раённага аб’яднання Ніна Калыбская. “Форум, які адкрываў кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, стаў перш-наперш пляцоўкай для абмену думкамі, – падзялілася ўражаннямі ад мерапрыемства Ніна Уладзіміраўна. – Семінар дазволіў павысіць прафесійны ўзровень, пазнаёміцца з новымі тэндэнцыямі ў заканадаўстве аб працы, выслухаць цікавых спікераў, прычым не толькі кіраўнікоў розных упраўленняў ФПБ, але і калег-старшынь ды грамадскіх інспектараў працы. Хочацца падкрэсліць, што ўвесь час на семінары існавала добразычлівая рабочая атмасфера, як гэта звычайна бывае ў асяродку аднадумцаў”.

Дык вось які ты, Чабурашка!

Здавалася, залатыя часы кіно, калі ў Жабінцы выстрайваліся хвастатыя чэргі ў касу “Юбілейнага”, даўно мінулі. Аднак 2023 год даказаў, што гэта не так, і ў студзені кінатэатр перажыў сапраўднае “нашэсце” гледачоў. Дырэктар кінавідэасеткі Валерый Зубік зазначыў: больш за месяц жабінкаўцы маглі атрымоўваць сапраўдную асалоду ад навінак пракату. Многіх зацікавіла фантастычная кінастужка “Аватар. Шлях вады”, якую цягам студзеня праглядзела больш за тысячу чалавек. Аднак сапраўдны рэкорд паставіў фільм “Чабурашка”. Каб пабачыць прыгоды казачнага звераняці і яго сяброў, “Юбілейны” (па дадзеных на 8 лютага) наведалі 1628 гледачоў, многія ішлі цэлымі сем’ямі. Прычым, у кіназале, дзе ўсяго 116 месцаў, 14, 15 і на пэўных сеансах 21 і 22 студзеня былі сапраўдныя аншлагі. Пагэтаму сустрэчы з кінагероямі, якія прыйшліся па душы жыхарам райцэнтра, былі прадоўжаны да 15 лютага. Сёння Чабурашка вас яшчэ чакае!

Дыпломны “зарапад”

Адразу некалькі прыемных навін прыйшло днямі ў гарадскі ліцэй. Як паведаміла яго дырэктар Ганна Кулагіна, галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама адзначыла найлепшых навучэнцаў Брэстчыны, што ўдзельнічалі ў навукова-практычных канферэнцыях. Сярод прызёраў ёсць і прадстаўнікі Жабінкі. Дыплом ІІ ступені – у ліцэістак Кацярыны Міцкевіч ды Аляксандры Скарыны і 11-класніка Кірыла Калешкі. Іх падрыхтавалі да абласнога спаборніцтва педагогі Людміла Прановіч (руская мова і літаратура) і Святлана Пташнік (нямецкая мова). Узнагароды з “бронзавым” адлівам дасталіся вучаніцам 10 класа Паліне Андрасюк ды Юліі Галоўчык, а таксама выпускніцы Таццяне Беразоўскай. Падрыхтавацца да навуковай канферэнцыі “З навукай у будучыню” дзяўчатам дапамаглі настаўніцы Эліна Чарнецкая (гісторыя і грамадазнаўства) і Ніна Старыцкая (матэматыка).

Да чаго пацягнулася дзяўчынка?

Той, хто чытаў мінулы нумар “СП” ад 8 лютага, мог звярнуць увагу на артыкул “Зямля родная, на таленты шчодрая”, а ў ім – на апісанне казахскага абраду “Тусау кесу” (“Разразанне путаў”). Зусім маленькай дзяўчынцы прапанавалася выбраць рэч, якая “падкажа” яе лёс, а чытачам здагадацца, да чаго пацягнулася дзяўчынка і затым патэлефанаваць у рэдакцыю. Шчасліўчык, які паведаміў, што маленечкая выбрала грашовую купюру (а гэта сімвалізуе багацце на ўсё жыццё), знайшоўся. Ім стаў вучань трэцяй гарадской школы Максім Шмаргун. За здагадлівасць яму ўручана дзіцячая кніжка “Як выскачыў верабей” з дароўным надпісам.

Музей запрашае ў мінулае

Раённы гісторыка-краязнаўчы музей, які месціцца ў вёсцы Малыя Сяхновічы (на колішняй сялібе вядомага роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх) на працягу лютага запрашае гасцей наведаць этнаграфічную выставу “Побытавыя рэчы мінулага”. Мабыць, людзям ХХІ стагоддзя будзе цікава і карысна акунуцца ў ранейшую атмасферу, у якой жылі нашы продкі. Кожны, хто да 28 лютага пераступіць парог музейнай установы, зможа ўвачавідкі пабачыць посуд мінулага стагоддзя і рэчы, якімі тады карысталіся вяскоўцы.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.