Нібыта ружы, што ў яе руках, цвіце гэтай зімою жабінкаўчанка Наталія Баброва. Сёння яна адзначае прыгожы юбілей, прымае віншаванні і пажаданні ад родных і сяброў, а яшчэ – ад вучняў і іх бацькоў. Справа ў тым, што дзяўчынка Наташа, якая нарадзілася пяць дзясяткаў гадоў таму ў сям’і настаўнікаў Вольгі і Расціслава Бензерукоў, абрала прафесійны шлях бацькоў, стала педагогам. Гэта калісьці “дзяўчынка Наташка была першаклашка”, а зараз яна сама прымае пад сваё крыло маленькіх першакласнікаў і вядзе іх па дарозе ведаў, штодзённа адказваючы на дзясяткі “чаму” і сотні “навошта”. А потым выпускае падрослых “птушанят” у сярэдняе звяно і, як заўсёды, хвалюецца, ці добра яны прыжывуцца ў новым “гняздзечку”?..
Настаўніцкі “дэбют”
– Яшчэ калі вучылася ў трэцім класе, я вырашыла для сябе, што буду, як матуля і тата, настаўніцай, – дзеліцца наша гераіня. – Гэта прафесія здавалася мне такой рамантычнай, высакароднай.
Усё яе жыццё звязана з першай гарадской школай. Некалі Наталія Расціславаўна скончыла СШ №1 з сярэбраным медалём, тут і працуе з 1995 года. А пачыналася ўсё вось так:
– Упершыню я пераступіла парог роднай школы, калі мела пяць гадоў. Мама прывяла мяне ў свой клас, дзе ішоў урок беларускай мовы. Я стала каля дошкі і смела, бойка сказала вучням: “Пішыце, дзеці, пішыце”. А тыя дзеці былі старэйшыя за мяне гадоў на дзесяць. Такім быў мой настаўніцкі “дэбют”(смяецца).
Каб дзіцячая мара стала яваю, мэтанакіраваная Наталія паступіла ў Брэсцкі педінстытут імя А.С. Пушкіна і пасля заканчэння вярнулася ў родную першую школу. Але папрацаваць спачатку давялося не настаўнікам пачатковых класаў, а музыкі.
– Усё ў жыцці невыпадкова, – кажа Наталія Баброва. – Мабыць, не дарма я сем год вучылася ў музычнай школе іграць на фартэпіяна. Вельмі ўдзячна і сваім бацькам, і педагогам за падтрымку, цярпенне і веру ў мае здольнасці.
Саюз лірыка і фізіка
З будучым мужам Наталія пазнаёмілася таксама ў сценах СШ №1. Лёсавызначальная сустрэча адбылася напярэдадні 8 сакавіка 1996 года дзякуючы спецыялісту райаддзела адукацыі Аляксею Круку. Любімым выразам Сяргея Баброва, які неўзабаве стаў мужам нашай гераіні, былі словы: “Гэта ж элементарна! Гэта ж фізіка!” Саюз лірыка і фізіка быў афіцыйна зарэгістраваны праз восем месяцаў, залетась адсвяткаваў сярэбранае вяселле і ўзяў курс на рубінавае і залатое.
У сям’і Бабровых адзін за адным нарадзіліся сын Уладзімір і дачка Алена. Сёння дзеці ўжо дарослыя, жывуць асобна: Вова ў Маскве, Лена – у Брэсце.
А Наталія Расціславаўна як клапатлівая, любячая матуля з задавальненнем вяртаецца ў іх дзяцінства, з асаблівай пяшчотай расказвае, як яны раслі.
– Валодзя ў нас вельмі сур’ёзны, схільны да самаразвіцця. У школьныя гады захапляўся тэнісам, горнымі лыжамі. Скончыў Брэсцкі тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “лагіст-эканаміст”. Пабываўшы аднойчы ў Маскве, ён улюбіўся ў гэты горад і вырашыў там жыць і працаваць, – дзеліцца мая суразмоўніца. – А Леначка нарадзілася 27 верасня на Узвіжанне, таму, як прыйшла пара ісці ў школу, яе не хацелі прымаць у няпоўныя шэсць гадоў у першы клас. Давялося пісаць аж у Міністэрства адукацыі, каб атрымаць дазвол. Была яна дзяўчынкай кемлівай, разумнай, здольнай, усё хапала на ляту – не хацелася губляць год упустую.
Алена, як і старэйшы брат, спачатку вучылася ў першай школе, потым у ліцэі. Яшчэ ў школьныя гады яна пісала нататкі ў раённую газету “Сельская праўда”, дзе працавалі дзядуля Расціслаў Мацвеевіч і дзядзька Анатоль Расціслававіч. Дзяўчына марыла стаць журналістам, прадоўжыць сямейную дынастыю. Для гэтага падалася ў старажытную Гародню, дзе з чырвоным дыпломам скончыла ўніверсітэт. Аднак падчас вучобы Алена захапілася IT-тэхналогіямі і зараз рупіцца ў гэтай галіне.
У голасе Наталіі Расціславаўны адчуваецца гонар, што выраслі дзеці годнымі людзьмі, сталі выдатнымі спецыялістамі.
Дамашняе заданне: для матулі – віншаванні!
Наталія Баброва – таксама прафесіянал сваёй справы. За яе плячыма шэсць выпускаў вучняў пачатковых класаў. Яна вельмі любіць сваіх выхаванцаў, умела падбірае ключыкі да дзіцячых сэрцаў, і маленькія адказваюць ёй узаемнасцю. Да слова, навучэнцы Наталіі Расціславаўны двойчы выходзілі на абласны ўзровень у навукова-практычных канферэнцыях для малодшых школьнікаў “З навукай у будучыню”, дзе былі адзначаны дыпломамі І і ІІ ступеняў.
– Праца – гэта маё захапленне, ад якога атрымліваю вялікае задавальненне. Яшчэ вельмі люблю слухаць добрую музыку, любавацца жывапісам і чытаць кнігі. У бацькоўскай сям’і кніг было столькі, што яны займалі ўсе шафы, а тыя, што не змяшчаліся, ляжалі стосамі ад падлогі да столі – пашанцавала нам з братам Толем. І ў кніжным плане, і з бацькамі. Яны – прыклад для мяне, асабліва матуля Вольга Рыгораўна, якая была і застаецца для мяне і мамай, і настаўнікам па жыцці, і сяброўкай, і дарадцай.
Сёння бацькі віншуюць любімую дачушку з юбілеем, жадаюць здароўя і шчасця, кахання і веры, каб нягоды-напасці нават не набліжаліся да яе дзвярэй. Няхай у іх пазвоняць ці пастукаюць любыя дзеці, а яшчэ тыя, для каго Наталія Расціславаўна стала другой мамай. І ад нас ёй здароўя таксама!
Наталля ВАЛОШКА
Фота з асабістага архіва Наталіі БАБРОВАЙ
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
