Не, сёння размова не пра пісьменніка Змітрака Бядулю. Герой іншы (нават двойчы Герой!) – Уладзімір Лявонцьевіч БЯДУЛЯ (1927-2017), якому 24 мая споўнілася б 95 гадоў.
Пра знакамітага старшыню калгаса “Савецкая Беларусь” шмат напісана. Мабыць, і мне час крыху прыгадаць спадчыну Бядулі.
Жыў адважны капітан
З Уладзімірам Лявонцьевічам давялося сустрэцца толькі аднойчы. Адбылося гэта прыкладна праз год пасля таго, як той перастаў быць старшынёй (а старшынстваваў Бядуля не больш не менш, а роўна 50 гадоў!).
Ён нарадзіўся 24 мая 1927 года ў камянецкай Падомшы, застаў вайну, з арміі вярнуўся капітанам, каб потым на паўвека заступіць на капітанскі мосцік калгаснага карабля. Прычым, прыняў гаспадарку ў 1956 годзе ў заняпадзе, а зрабіў з яе “цацачку”, ці, як бы цяпер сказалі, усесаюзны брэнд. Таму нездарма Уладзімір Бядуля стаў двойчы Героем Сацыялістычнай Працы, кавалерам шматлікіх ордэнаў і медалёў, Ганаровым грамадзянінам Камянецкага раёна.
Аднак пра ўсё гэта на той памятнай сустрэчы Бядуля амаль не расказваў. Ды і так усе ведалі, што Уладзімір Лявонцьевіч з ваеннага пакалення, а ўжо наколькі гучную славу мела “Савецкая Беларусь” з такім капітанам, і пытацца не было патрэбы. Пра тое, між іншым, нагадваў бюст двойчы Героя паблізу Камянецкага Дома культуры, у якім пачыналася сустрэча. Помніцца, я яшчэ жартаўліва спытаў, ці не цесна побач двум Бядулям? Уладзімір Лявонцьевіч міжволі зірнуў на свайго бронзавага “двайніка” і, падхапіўшы вясёлую нотку, адказаў:
– Помнік пры жыцці – мо і залішняе, ды хай стаіць, калі так заведзена! – А потым расказаў дасціпны анекдот, які пераказваць не буду, бо газету часам і дзеці чытаюць.
Увогуле, пра помнікі ў той дзень гаварылі шмат. Бо ў Брэсцкім і Камянецкім раёнах ладзіўся абласны семінар для спецыялістаў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. І я быў адным з іх.
Няма таго, што раньш было…
З Камянца пераехалі ў Расна, на цэнтральную сядзібу “Савецкай Беларусі”. Тут Уладзімір Лявонцьевіч працягнуў размову. Мне адразу падалося, што ў вялікай зале вясковага клуба ён выглядае не такім упэўненым, як у райцэнтры, здаваўся нават засмучаным і крыху пакрыўджаным. Калі старшыня загаварыў зноў, адчулася: не, не падалося – Бядуля прыгадвае з настальгіяй “залатыя часы”, а цяпер, як у песні пяецца, “няма таго, што раньш было”…
Уладзімір Лявонцьевіч стаяў каля сцэны. Яшчэ ў 1977-м ён стаў Заслужаным дзеячам культуры Беларусі. І нездарма. Пра яго ведалі далёка ад Расна. Бядуля, як роўны, гаварыў з любой знакамітасцю і зусім не цураўся сваёй “калгаснасці”, бо сяло корміць і міністра, і прафесара, і касманаўта… Ды што там усіх пералічваць – кожны хлябца з масліцам хоча…
Быў час, калі ў Бядулі гасцявалі сапраўдныя творчыя зоркі, вядомыя артысты тэатра і кіно. Яўген Яўтушэнка і Міхаіл Ульянаў, Ігар Лучанок і Леў Лешчанка, Бэла Ахмадуліна і Валерый Лявонцьеў, Аляксандра Пахмутава і Мікалай Дабранраваў… Гэты спіс можна множыць і доўжыць амаль бясконца. Гучныя імёны Уладзімір Лявонцьевіч, вядома ж, прыгадваў, гаварыў пра кожнага госця з цеплынёй і зноў жа трошкі з настальгіяй пра лепшыя часы. А вось пра што з асаблівай гордасцю расказваў Бядуля, дык гэта пра тое, як у 1987 годзе прыцягнуў у свой калгас самы папулярны ў Савецкім Саюзе музычны фестываль “Песня года”, які традыцыйна перад Новым годам трансліравалі па ЦТ. Уладзімір Бядуля правёў нас, спецыялістаў па ахове, і ў Музей хлеба. (Цяпер, здаецца, ён ужо не працуе).
Пра сваё знаёмства (лепей сказаць – сяброўства) з Андрэем Вазнясенскім Бядуля амаль не расказваў. Толькі пазней я даведаўся, што вядомы расійскі паэт прысвяціў Уладзіміру Лявонцьевічу цэлую паэму “Лятаючы мужык”, дзе былі, між іншым, наступныя радкі:
«Нет правды на земле,
Но правды нет и выше.
Бедуля ищет правду под землёй.
Глубоко пашет и, припавши, слышит,
как тяжко ей приходится, родной!»…
Его и славословили, и крыли.
Но поискам – не до шумих,
Бедуля дует на подземных крыльях!
Я говорю: «Летающий мужик».
Некалі Бядуля казаў: “Жыццё – такая рэч, у якой не бывае чарнавікоў. Яна заўсёды пішацца з чыстага ліста”. Здаецца, ён так і жыў: любіў жыццё, “напісанае” раз і назаўсёды.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
