АД УЗ’ЯДНАННЯ КРАІНЫ ДА СТВАРЭННЯ ВОБЛАСЦІ

1939-ы — памятны і шмат у чым вырашальны год нашай гісторыі. Разам з уз’яднаннем беларускіх тэрыторый у адзінай Беларускай ССР хутка паўстала пытанне пра стварэнне на колішніх “усходніх крэсах” замест ваяводстваў, паветаў і валасцей новых адміністрацыйных адзінак — абласцей, раёнаў і сельсаветаў.

Векапомныя дні — 28-30 кастрычніка 1939 года — назаўсёды ўпісаны ў гісторыю беларускага народа. У Беластоку адбывалася сапраўды эпахальная падзея: дэлегаты з усёй Заходняй Беларусі сабраліся на Народны сход у прыгожай тэатральнай зале, каб прыняць дэкларацыю аб абвяшчэнні Савецкай улады і звярнуцца да ўрадаў СССР і БССР з просьбай злучыць назаўсёды заходнюю і ўсходнюю часткі Беларусі.
Праз лічаныя дні Вярхоўныя Саветы Савецкага Саюза і Беларускай ССР задаволілі зварот Народнага сходу. Пачаўся імклівы пераход да савецкай сістэмы, у тым ліку ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным плане.
Першы крок быў зроблены 4 снежня 1939 года, калі свет пабачыў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР “Аб утварэнні Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцей у складзе Беларускай ССР”. Другі — 15 студзеня 1940-га, калі пяць пералічаных абласцей былі падзелены на 109 раёнаў. Завяршальны — у кастрычніку з утварэннем сельсаветаў.
Гэтыя змены сапраўды сталі часткай грунтоўнай перабудовы жыцця на новы лад. У сакрэтнай справаздачы-рэкамендацыі Цэнтральнага Камітэта Кампартыі бальшавікоў, накіраванай у Савет народных камісараў БССР, чытаем: “Існуючае адміністрацыйнае дзяленне на паветы і воласці ў цяперашні час уяўляе сабой ужо перашкоду для паспяховага рашэння палітычных і гаспадарчых задач, якія стаяць перад партыйнымі і савецкімі органамі ў заходніх абласцях БССР. Неабходна наблізіць кіраўніцтва да насельніцтва, ліквідаваць гаспадарчае і культурнае адставанне, прывесці адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне ў адпаведнасць з існуючым у Беларускай ССР”.
Такім чынам, 4 снежня па праве лічыцца днём нараджэння Брэсцкай вобласці, якая, аднак, не толькі эканамічна, але і тэрытарыяльна моцна адрознівалася ад сённяшняй.
У серыі публікацый, прысвечаных чарговай гадавіне Брэстчыны, зробім невялічкі экскурс у мінулае: у кароткі і трывожны даваенны час, страшнае ліхалецце, якое прынесла Вялікая Айчынная, у пасляваеннае адраджэнне самабытнага рэгіёна — зямлі, што падаравала многіх таленавітых людзей, якія праславілі Брэсцкую вобласць працай на зямлі і заводах, у навуцы, спорце і культуры.
Анатоль РОСТАЎ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.