Памёр Іван Аксенцьевіч МАКАСЮК (1935-2021).
Упершыню мы пабачыліся ў верасні 1982 года, калі на месцы вогненнай вёскі ўзнік мемарыяльны комплекс “Драмлёва”. У якасці старшыні Сцяпанкаўскага сельсавета Іван Аксенцьевіч адкрываў помнік. Я, тады яшчэ 13-гадовы юнак, чытаў верш:
Мы этот пламень помнить вечно будем,
И этот пепел — он неискупим.
Будь проклят тот,
кто скажет нам: “Забудем”.
Будь проклят тот,
кто скажет нам: “Простим”.
Драмлёўская тэма была заўсёды з чалавекам, які на ўласныя вочы бачыў, што нарабілі карнікі на Галавасек. Аднойчы мы шмат размаўлялі пра падзеі 11 верасня. Іван Аксенцьевіч сказаў: “Калісь цікавіўся лёсамі выратаваных, аднак склалася ў мяне ўражанне: не трэба іх трывожыць. На хутарку каля Налезнікаў жыла Марыя Пасюк. Неяк зайшоў да яе ў хату, каб пра Драмлёва распытаць, і, паверце, не змог і слова сказаць — камяк падступаў да горла…”
Тады я толькі пачынаў пісаць кнігу пра Драмлёва. Суразмоўцу гэта зацікавіла: “Хацеў бы яе дачакацца”.
…Не дачакаўся. Але, ведаю, з цікаўнасцю чытаў на старонках “Сельскай праўды” раздзелы з будучай кнігі, якая абавязкова пабачыць свет да 80-годдзя трагедыі.
Першую нашу сустрэчу і самую апошнюю аб’ядноўвала тэма Драмлёва. У яго хату ў Сцяпанках завіталі рэпарцёры з тэлеканала “Беларусь 1”. Макасюк падзяліўся сваімі ўспамінамі, на развітанне праводзіў журналістаў да веснічак, з усмешкай пацікавіўся, калі можна паглядзець тэлесюжэт, міжволі зірнуў на блізкую царкву. Хто тады мог уявіць, што жыць Івану Аксенцьевічу заставалася лічаныя тыдні…
Калі кніга з’явіцца, у ёй будзе шмат фактаў пра Драмлёва і драмлёўцаў. Будуць там і ўспаміны Івана Макасюка. Цяпер гэтая кніга памяці і пра яго.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
