З любоўю да зямлі

Напярэдадні Дабравесця сапраўды добрая вестка прыляцела са сталіцы ў горад-спадарожнік: па выніках мінулага года Жабінкаўская раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК і яе старшыня Любоў Каберна прызнаны лепшымі ў аграпрамысловым комплексе і занесены на рэспубліканскую Дошку гонару. Любоў Антонаўна заўсёды з любоўю ставіцца да зямлі і павагай да справы, якой прысвяціла жыццё.

Красавік, калі квітнеюць сады і рунеюць палеткі, для яе асаблівы месяц. Так здарылася, што біяграфія Любові Антонаўны заўсёды пэўным чынам была звязана з імем… Леніна. Па-першае, на свет яна прыйшла 22 красавіка – у дзень нараджэння Уладзіміра Ільіча, ды і працаваць спачатку давялося ў калгасе імя Леніна на Камянеччыне.

Сюды наша гераіня прыйшла ў 1983 годзе пасля заканчэння Пружанскага саўгаса-тэхнікума. Уладкавалася па спецыяльнасці аграномам.

– Тады многае было інакш, не так, як зараз. А галоўнае – мы былі іншыя: маладыя, актыўныя, заўжды працавалі з агеньчыкам. Ніхто нават не глядзеў на час – колькі патрэбна аддаць зямлі, каб яна стала ўрадлівай, прыносіла задавальненне ды багацце, столькі і шчыравалі. Бывала, світанкі даводзілася сустракаць у полі ды працаваць да позняй ночы, – успамінае Любоў Каберна часы, што ў нябыт уцяклі, як казаў калісьці класік.

Калектыў вітаў маладога спецыяліста. Старэйшыя калегі як маглі дапамагалі Любові, бо бачылі, што яна не хавае сваю любоў да зямлі, жадае развівацца сабе і іншым на карысць. Праз тры гады, як яна прыйшла на сваё першае месца працы, быў пабудаваны вялікі комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы. Маштабы сапраўды ўражвалі: комплекс быў разлічаны ажно на 10 тысяч рагуляў, і дзеля забеспячэння кармамі такога вялізнага статка тры суседнія гаспадаркі (у тым ліку імя Леніна) злучыліся ў агульнае сельскагаспадарчае аб’яднанне «ХХVII з’езд КПСС» (сённяшняе ААТ «Агра-Зарэчча»).

У новым сельгаспрадпрыемстве Любоў Антонаўна стала кіраўніком аддзялення. На той час жанчына ўжо пабралася шлюбам. Сям’я атрымалася цалкам звязаная з сельскай гаспадаркай, паколькі муж працаваў механізатарам.

У гэты час да Любові Каберны прыйшло разуменне: практычныя і тэарэтычныя веды, атрыманыя раней, патрэбна развіваць далей, таму ў 2000 годзе Любоў Антонаўна скончыла Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, дзе вывучала паглыблена аграномію.

У сувязі з вытворчай неабходнасцю яе перавялі на пасаду галоўнага агранома. Абавязкаў і адказнасці стала значна больш. Аднак на любым месцы Любоў Каберна пацвярджала свой прафесіяналізм, у тым ліку калі стала намеснікам дырэктара па раслінаводстве, пры гэтым і абавязкі галоўнага агранома заставаліся на ёй. Пасля таго як дырэктар па стане здароўя вымушаны быў пайсці ў адпачынак, Любоў Антонаўна пэўны час выконвала абавязкі кіраўніка гаспадаркі, дзе працавала больш за сем соцень чалавек, мелася каля 11 тысяч гектараў сельгасугоддзяў, з іх 7200 – ворыва. Усё гэта легла на жаночыя плечы, і наша гераіня змагла на ўласным прыкладзе даказаць, што на такіх пасадах могуць працаваць не толькі мужчыны. Зусім дарэмна жанчын называюць слабым полам – у справах яны нярэдка мацнейшыя.

Пераломным у жыцці Любові Антонаўны стаў 2008 год. І што цікава: той пералом адбыўся таксама 22 красавіка. Да чарговага свайго дня нараджэння Любоў Каберна атрымала незвычайны падарунак – была абрана старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі адкрытага акцыянернага таварыства «Астрамечава», якое ўзначальваў Аляксей Скакун.

Нарэшце ў самым канцы 2020 года ў лёсе нашай суразмоўцы з’явілася Жабінка. Сюды яна прыехала, каб узначаліць раённую прафсаюзную арганізацыю работнікаў аграпрамысловага комплексу. На рахунку гэтага аб’яднання безліч добрых спраў. Нездарма сёлета прафсаюзнага лідара і яе арганізацыю чакалі прызнанне і высокае ўганараванне.

Штогод рэспубліканскі і абласныя камітэты падводзяць вынікі работы. Надзвычай прыемна, што ўжо другі раз у сваёй біяграфіі імя Любові Антонаўны трапіла на рэспубліканскую Дошку гонару Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК. Упершыню гэта адбылося ў 2017 годзе, калі наша гераіня працавала ў Брэсцкім раёне. Тады Любоў Каберна і прафсаюзная ячэйка ААТ «Астрамечава», якую яна ўзначальвала, былі адзначаны на рэспубліканскім узроўні. Сёлета Жабінкаўская раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў аграпрамысловага комплексу і яе лідар прызнаны найлепшымі ў краіне. Любоў Антонаўна асабіста атрымала дыплом з рук старшыні рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Васіля Хваціка.

Асабліва прыемна атрымоўваць такую высокую ўзнагароду ў Год беларускай жанчыны. З гэтай нагоды Любоў Каберна гаворыць:

– Жадаю ўсім моцнага здароўя і веснавой радасці. Любіце людзей і працуйце на іх карысць. Цаніце тое, што ўсім нам пашчасціла жыць у цудоўнай мірнай краіне.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота Дзіяны МЕЛЬНІКАВАЙ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.